Прагназуецца рост рэальных даходаў насельніцтва ў 2018 годзе

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Рост ВУП Беларусі ў 2018 годзе прагназуецца на 3,4%, паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год і параметраў асноўных паказчыкаў на 2019—2020 гады, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і рэспубліканскага бюджэту на 2018 год.

Два тыдні назад на пасяджэнні прэзідыума былі падрабязна разгледжаны і ў цэлым адобраны праекты ўказаў аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год і аб асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, законаў аб рэспубліканскім бюджэце, змяненнях у Бюджэтны і Падатковы кодэксы. Усе пытанні, пастаўленыя на пасяджэнні прэзідыума, адпрацоўваліся з зацікаўленымі, адбылася серыя рабочых сустрэч у Мінфіне і Мінэканомікі. Некалькі рабочых сустрэч з эканамічным блокам урада праведзены ў прэм’ер-міністра. Канцэптуальныя палажэнні праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі тыдзень назад былі паведамлены кіраўніку дзяржавы на нарадзе з урадам. Андрэй Кабякоў падзякаваў за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праектаў дакументаў дэпутацкаму корпусу і Савету Рэспублікі.

“З улікам прынцыповых рашэнняў, прынятых 16 жніўня прэзідыумам, сёння, як мяне інфармавалі распрацоўшчыкі, дасягнута разуменне па асноўных рознагалоссях, якія былі раней. Што да прагнозных дакументаў, то ў параўнанні з тым, што мы разглядалі на прэзідыуме, сур’ёзных змяненняў не адбылося. За аснову па-ранейшаму ўзяты два сцэнарыі развіцця эканомікі ў залежнасці ад розных знешніх і ўнутраных умоў — кансерватыўны (для бюджэту) і мэтавы (для прагнозу)”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Па яго словах, найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год не змяніліся. Так, па ВУП прагназуецца рост на 3,4%, па прадукцыйнасці працы — на 2,8%, па экспарце тавараў і паслуг — на 6%. Пры гэтым практычна дасягаецца збалансаванасць у знешнім гандлі. Пры агульным знешнегандлёвым абароце ў амаль $70 млрд сальда прагназуецца блізкім да нуля (каля мінус $30 млн, або 0,1% да ВУП). Плануецца прыцягненне $1,45 млрд прамых замежных інвестыцый. “Інфляцыя снежань да снежня плануецца не вышэй за 7%, а сярэднегадавая — не больш за 7,4%. Па рэальных даходах, якія мае насельніцтва, у 2018 годзе прагназуецца рост на 3,2%”, — праінфармаваў прэм’ер-міністр.

“Прагноз, які прапануецца, забяспечвае збалансаваны рост эканомікі без залішняга націску на фінансавы і валютны рынкі і, што важна, выхад за параметры росту, прадугледжаныя пяцігадовай праграмай”, — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

Бюджэт таксама канцэптуальна не змяніўся. Андрэй Кабякоў папрасіў міністра фінансаў паведаміць, якія ўзгодненыя рашэнні дасягнуты і што прадугледжана праектам бюджэту. Па інфармацыі Мінфіна, незадаволенымі застаюцца заяўкі асобных органаў дзяржаўнага кіравання на суму каля Br665 млн. “Думаю, адказ для ўсіх зразумелы: спачатку трэба зарабіць і пакласці ў бюджэт, а потым размяркоўваць. Незабяспечаных даходамі расходаў бюджэт несці не павінен і не будзе. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні прэзідыума, і прашу да гэтай тэмы не вяртацца. Магчымасці бюджэту маюць свае межы”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.