Праграма чарговага Форуму рэгіёнаў павінна быць насычана цікавымі ідэямі і прапановамі

- 11:52Інфармацыйная гадзіна

VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які плануецца правесці восенню ў Мінску і Мінскай вобласці, будзе прысвечаны гістарычнай спадчыне Вялікай Перамогі. Пра гэта паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава перад першым пасяджэннем аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму.

Наталля Качанава назвала 2020 год асаблівым, паколькі будзе адзначацца 75-годдзе Вялікай Перамогі. “Ён важны для нас, для нашых расійскіх партнёраў. Таму тэма форуму — гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі. Такая ўсёабдымная тэматыка, думаю, закране кожнага”, — лічыць спікер.

Традыцыйна ў час форуму рэгіёнаў падпісваецца вялікая колькасць пагадненняў, накіраваных на рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў. “Мы разлічваем на тое, што гэта будзе вельмі маштабнае мерапрыемства, якое дасць нам магчымасць выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва па ўсіх напрамках”, — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

На секцыях форуму будуць абмяркоўвацца пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва ў кантэксце захавання гістарычнай спадчыны, патрыятычнага выхавання, падтрымкі сельскай моладзі, сумесныя эканамічныя праекты, узаема­дзеянне на міжнародных пляцоўках. Запланавана пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Прадугледжана таксама правядзенне сустрэчы спікераў верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў з кіраўнікамі рэгіёнаў дзвюх краін.

Наталля Качанава ў час пасяджэння аргкамітэта выказала пажаданне, каб праграма запланаванага форуму была насычана цікавымі ідэямі і прапановамі. “Хацелася б навацый, якія будуць цікавыя і нам, і нашым расійскім калегам”, — адзначыла спікер. Паводле яе слоў, беларускі бок разлічвае на тое, што чарговы форум рэгіёнаў пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, стане запамінальным і знакавым з улікам знамянальнай даты, якая будзе адзначацца 9 Мая.

Па выніках шасці папярэдніх форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісаны 302 пагадненні аб супрацоўніцтве, заключана камерцыйных кантрактаў на суму каля $2 млрд.