Працягваюцца мерапрыемствы, скіраваныя на падрыхтоўку канкурсантаў да 45-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які адбудзецца ў Казані. Адной з такіх значных падзей стаў першы чэмпіянат па кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, які прайшоў на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У спаборніцтве прынялі ўдзел 10 фіналістаў папярэдніх этапаў чэмпіянату, якія прадставілі ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з розных рэгіёнаў нашай краіны.
Галоўны эксперт чэмпіянату начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Вольга Міхайлаўна Бялоцкая расказала аб мэтазгоднасці правядзення такога спаборніцтва. Справа ў тым, што ў пераліку прафесійных кампетэнцый WorldSkills і непасрэдна ІТ-блоку адной з найбольш масавых з’яўляецца кампетэнцыя “Праграмныя рашэнні для бізнесу”. Гэта было неаднойчы пацверджана шматлікасцю спаборніцтваў па гэтай кампетэнцыі ў іншых краінах, у якіх прымалі ўдзел і нашы канкурсанты.
Як паведаміла Вольга Міхайлаўна, улічваючы імклівасць развіцця ІТ, за апошні час прафесійная кампетэнцыя “Праграмныя рашэнні для бізнесу” зведала істотныя змяненні. Арганізацыя WorldSkills International у жніўні мінулага года зняла абмежаванні на тэхналогіі распрацоўкі, якія раней прымяняліся (раней у WS была зафіксавана магчымасць выкарыстоўваць толькі два асяроддзі распрацоўкі). У студзені гэтага года ў інфраструктурны ліст сёлетняга Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019 у якасці дапушчальнага асяроддзя распрацоўкі ўключана тэхналагічная платформа “1С: Прадпрыемства 8” (1С: Enterprise 8).
Беларускі бок у асобе афіцыйнага аператара WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь — Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі прыняў рашэнне аб правядзенні першага чэмпіянату па кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу” з прымяненнем тэхналагічнай платформы “1C: Прадпрыемства 8” . Падтрымку чэмпіянату аказала расійская фірма “1С” ( спецыялізуецца на дыстрыбуцыі, падтрымцы і распрацоўцы камп’ютарных праграм і баз даных дзелавога і дамашняга прызначэння) і нацыянальныя бізнес-партнёры гэтай фірмы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама кампанія ЗАТ “МиСофт” і інш.
У рамках гэтага чэмпіянату была праверана падрыхтаванасць бізнес-распрацоўшчыкаў да вырашэння задач, якія тычацца рэальнай аўтаматызацыі бізнесу. Заданні ўяўлялі сабой практычныя кейсы, распрацаваныя работадаўцамі.
Узровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў чэмпіянату ацэньваўся па адпаведных крытэрыях, сярод якіх — арганізацыя працы і кіраванне, камунікатыўныя здольнасці і навыкі міжасобасных зносін, аналіз, праектаванне, распрацоўка праграмных рашэнняў, інавацыйныя падыходы і крэатыўнасць.
У спаборніцтве свае прафесійныя навыкі прадэманстравалі студэнты Інстытута інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа ВДТУ, Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа, філіяла БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”.
У рамках чэмпіянату была праведзена дзелавая праграма, накіраваная на знаёмства ІТ-кампаній з маладымі распрацоўшчыкамі, а таксама арганізаваны майстар-класы для выкладчыкаў ІТ-дысцыплін, зацікаўленых у развіцці навучання распрацоўкі ІТ-рашэння для бізнесу. Па выніках чэмпіянату 1-е месца заняла Юлія Лазовік, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, 2-е месца — Сяргей Сяліцкі, які прадстаўляў Інстытут інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, 3-е месца заняў Мікіта Верхалазаў з філіяла БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”. Сяргей Сяліцкі будзе прадстаўляць нашу краіну на фінале нацыянальнага чэмпіянату Расіі, які адбудзецца ў канцы мая ў Казані.
Ала КЛЮЙКО.