Праграму аздараўлення сірыйскіх дзяцей распрацуюць у Беларусі

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры.

“Я прапаную ўжо зараз на будучы год падумаць аб праграме падтрымкі дзетак з Сірыі ў Беларусі. Можа, гэта будзе сотня, можа, пяцьсот чалавек, можа тысяча. Галоўнае, каб мы загадзя спланавалі і змаглі запрасіць вашых дзяцей для адпачынку, аздараўлення, а потым, магчыма, і для вучобы ў Беларусі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што не хацеў бы падрабязна спыняцца на вайне ў Сірыі і той дапамозе, якую Беларусь аказвае сірыйскаму народу па ўсіх напрамках. “Думаю, вы пра гэта ведаеце. Важна сёння дамовіцца пра нашу будучыню, а будучыня — гэта дзеці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі яшчэ жывыя людзі, якія перажылі Другую сусветную, Вялікую Айчынную вайну. “Беларусь больш за любую іншую рэспубліку Савецкага Саюза пацярпела ў апошняй вайне. Я зыходжу са звычайнай чалавечай ісціны: калі ты адгукаешся на нечае гора, то, калі, барані божа, у цябе гэта адбудзецца, якраз так і табе дапамогуць”, — заўважыў прэзідэнт.

На сустрэчы прысутнічалі сірыйскія дзеці, якія два тыдні адпачывалі ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы ўручыў дзецям падарункі і пацікавіўся, ці спадабалася ім у краіне.

“Хтосьці з вас сказаў, што не хоча з Беларусі ехаць і марыць, каб пайшоў моцны снег і самалёт не ўзляцеў. Нам снег зараз не патрэбны, але вы можаце заставацца ў Беларусі. Мы вас чакаем у любы час разам з вашымі сябрамі. Вы ім перадайце, што ў Беларусі іх заўсёды з вялікай любоўю будуць прымаць”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся здароўем сірыйскай дзяўчынкі, якой беларускія хірургі выразалі пухліну. Рыма аль-Кадэры расказала, што дзіця адчувае сябе добра. Прэзідэнт паабяцаў, што дзяўчынка застанецца ў Беларусі столькі часу, колькі спатрэбіцца для яе рэабілітацыі.

Рыма аль-Кадэры вітала ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі па распрацоўцы праграмы адпачынку, аздараўлення і вучобы сірыйскіх дзяцей у Беларусі. “Вы апярэдзілі нашу просьбу. Вы практычна ажыццявілі зараз мары дзяцей. Мы вельмі любім вас у Сірыі, — падкрэсліла яна. — Усе дзеці задаволены знаходжаннем тут. І ўсе мараць вярнуцца ў гэтую цудоўную краіну і знайсці яшчэ і яшчэ сяброў”.

Сірыйскі міністр паабяцала, што асабіста будзе курыраваць складанне праграмы. Яна бачыць, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльнай сферы, і Сірыя гатова пераймаць станоўчы беларускі вопыт, у тым ліку па арганізацыі дзіцячага вольнага часу і адпачынку.

“Думаю, і аздараўленне, і адпачынак, і вучоба нашых дзяцей тут будзе ўсё больш і больш спрыяць збліжэнню нашых народаў. У нас прыярытэтныя адносіны з дружалюбнай Беларуссю. У нас ёсць магчымасці развіваць двухбаковае супрацоўніцтва, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы”, — сказала міністр.