Прагулка на свежым паветры ператвараецца… у навуковы эксперымент. Расказваем пра садзік № 1 у Жыткавічах

- 11:04Образование

Дзецям, якія наведваюць дзіцячы сад № 1 у Жыткавічах, можна толькі пазайздросціць: кожны дзень іх чакаюць яркія інтэрактыўныя пляцоўкі, а займальная прагулка на свежым паветры ператвараецца ў навуковы эксперымент, тэатралізаваны спектакль і вывучэнне ПДР. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выключна па правілах

— У нашай дашкольнай установе ў летні перыяд створаны максімальна эфектыўныя ўмовы для арганізацыі аздараўленчай работы і развіцця пазнавальнай цікавасці выхаванцаў, — падкрэслівае загадчыца дзіцячага сада № 1 Людміла Мірановіч. — Тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі будуць працаваць і радаваць дашкалят усё лета, самая актуальная на сёння — пляцоўка, якая нагадвае аб правілах дарожнага руху. Тут педагогі на практыцы вучаць дзяцей быць уважлівымі і асцярожнымі на вуліцах горада, бо бяспека перш за ўсё. Пляцоўка па ПДР размяшчаецца ў цені дрэў, дарожныя знакі і разметка, святлафор дазваляюць дашкольнікам адчуць сябе сапраўднымі пешаходамі і веласіпедыстамі. Галоўнае — юныя і гарэзлівыя хлопцы і дзяўчаты ведаюць аб правілах перасячэння праезнай часткі па пешаходным перахо­дзе. Выхаванцы з задавальненнем трэніруюцца пераходзіць дарогу па “зебры”, катаюцца на веласіпедах, самакатах, гуля­юць у рэгуліроўшчыка, знаёмяцца з дарожнымі знакамі і іх значэннямі.

Заняткі з дзецьмі на пляцоўцы праводзіць кіраўнік фізічнага выхавання Галіна Паўлюкова, а таксама выхавальнікі груп.

— Адна з галоўных задач дзіцячага сада — фарміраванне асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Навучанне правілам дарожнага руху неабходна пачынаць з ранняга дзяцінства, таму і было вырашана арганізаваць цікавую пляцоўку па ПДР, — далучаецца да размовы Галіна Антонаўна. — Заняткі, якія вучаць дзіця правільным паводзінам на вуліцы, павінны праходзіць не толькі ў памяшканні, але і на тэрыторыі, на якой можна змадэляваць дарожную сітуацыю. Гэта дапамагае эфектыўна фарміраваць і адпрацоўваць навыкі, развіваць увагу і хуткасць рэакцыі. Дзеці вучаць ПДР не ў тэорыі, а на практыцы. Зрабіць працэс засваення яшчэ больш займальным для малых дапамагаюць не толькі педагогі, але і роставая лялька мультыплікацыйнага персанажа “Фіксікаў” Нулік.

Падабраць залаты ключык

Дзяцінства — кароткі, але важны перыяд у станаўленні асобы. У гэты час хлопчыкі і дзяўчынкі набываюць першасныя веды аб навакольным свеце, у іх фарміруецца стаўленне да людзей і працы, складваецца пэўны характар і стыль паво­дзін. І ў гэтым станаўленні сюжэтна-­ролевыя гульні — адзін з відаў дзейнасці, які дапамагае малышам разабрацца ў складаным свеце.

— Летам працуе тэатральная пляцоўка “Залаты ключык”, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца мастацка-моўнай дзейнасці, — тлума­чыць выхавальніца Надзея Акунец. — Тут прадстаўлены розныя віды тэатраў: настольны, магнітны, тэатр на фланелеграфе, які ўключае ў сябе выкананне песень, пацешак, вершаў з адначасовым выкладваннем фігурак на фланеле­графе ў адпаведнасці з сюжэтам. Фігуркі могуць змяняць адна адну або дапаўняць у залежнасці ад апісаных дзеянняў. Дзеці слухаюць казку, а перад вачыма на экране ўзнікаюць новыя і новыя ілюстрацыі. Таксама вялікую ўвагу ўдзяляем этычнаму развіццю, патрыятычнаму выхаванню (знаё­мім дзяцей з творамі фальклору і беларускай літаратуры, шмат чытаем на роднай мове) і, вядома, выхаванню культуры талерантнасці — дзякуючы мастацкім творам народаў свету. Актыўным дашкалятам падабаюцца тэатралізацыя і ўдзел у творчым працэсе.

Малюючы кацяня

У цені чарговай веранды размясцілася яшчэ адна творчая пляцоўка — студыя выяўленчага мастацтва, дзе педагогі дапамагаюць дзецям развіваць мастацкія здольнасці, уяўленне, выхоўва­юць густ. Усе матэрыялы, неабходныя для работы: фарбы, алоўкі, палотны, — пад рукой, дзеці смела бяруцца за рэалізацыю сваіх задум. Засяроджа­насць і захопленасць хлопчыкаў і дзяўчынак працэсам пераконваюць, што гэта адна з любімых лакацый.

— Выхаванцы глядзяць на навакольнае асяроддзе, прыроду і імкнуцца перадаць свае ўражанні на палатне. Можна ства­раць шэдэўр, малюючы не толькі фарбамі і васковымі крэйдамі, але і пальчыкамі з дапамогай кінетычнага пяску, — знаёміць з мастацкай дзейнасцю выхавальнік Вераніка Склімянок. — Трымаючы пад рукой аловак і ліст паперы, дзіця спрабуе паўта­рыць убачаныя выявы, намаля­ваць прадмет ці з’яву. Працэс разумення свету праз наглядныя вобразы мае вялікае значэнне для развіцця назіральнасці, дапытлівасці розуму і пачуцця ўзаемнай сувязі прадметаў і з’яў. Жаданне максімальна наблі­зіць малюнак да натуры, зра­біць яго больш падобным і зразумелым, выканаць работу як мага лепш выпрацоўвае працаві­тасць і ўседлівасць, здоль­насць засяродзіць увагу на канкрэтнай задачы. Малюючы, дзіця звяртае ўвагу на канструктыўную мэтазгод­насць рэчаў, прыга­жосць знешніх абрысаў і разнастай­насць форм, зменлі­васць ва ўражаннях пад уплывам асвятлення і парадку прадметаў у прасторы.

Заняткі ў выяўленчай студыі выхоўваюць у дзецях мастацкае ўспрыманне навакольнага свету, пачуццё прыгажосці, уменне правільна ацэньваць мастацкую творчасць. Кожная мастацкая тэхніка ў той ці іншай ступені развівае ў іх дробную маторыку.

— Галоўнае — прывіць любоў да колеру, фарбаў, развіць уяўленне, раскрыць магчымасці юнага творцы, навучыць бачыць і любіць свет, — лічыць педагог.

Мелодыі кафэ “Фа-соль-ка”

Арганізаваць музычнае ка­фэ — выдатны спосаб правесці час з таленавітымі малышамі ў дзіцячым садку, лічаць музычныя кіраўнікі Святлана Корж і Вольга Рай. Кафэ абсталявалі на вуліцы, прастору веранды ўпрыгожылі і зрабілі ўтульнай, вырабілі макеты музычных інструментаў, падабралі рэпертуар: дзіцячыя песні і мелодыі з мультфільмаў.

— Музычная пляцоўка створана для таго, каб павысіць эфектыўнасць музычнага выхавання, развіваць малышоў у гэтым напрамку за межамі групы. Тут дзеткі могуць праявіць талент, раскрыць патэнцыял. Яны з задавальненнем удзель­нічаюць у рухавых гульнях, танцуюць, спяваюць, і гэта ў іх добра атрымліваецца, — расказвае пра яркія і актыўныя прагулкі сваіх выхаванцаў на вуліцы Вольга Рай.

Лабараторыя адкрыццяў

Чарговая інтэрактыўная пляцоўка выклікае цікавасць у дзяцей, асабліва хлопчыкаў, да пазнавальна-даследчай дзейнасці. На гэтай тэрыторыі педагогі дапамагаюць дашкалятам спазнаваць навакольны свет і набываць новыя веды, развіваць даследчую, творчую актыўнасць, цікавасць да прыродазнаўчых навук. Падчас прагулкі выхавальніца Таццяна Байгола імкнецца зра­біць складанае простым для ра­зумення выхаванцамі.

— Малых заўсёды ціка­вяць займальныя прадметы. Дзеці дашкольнага ўзросту дапытлівыя, кола іх інтарэсаў шырокае і разнастайнае. Важна навучыць іх бачыць, чуць і разумець прыроду і з’явы, — лічыць Таццяна Барысаўна. — Калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць на пазнавальна-практычную пляцоўку, яны адразу адчуваюць сябе вучонымі і даследчыкамі. Чым карысна эксперыментаванне? Пазнавальная дзейнасць адкрывае для дзіцяці новы свет, поўны загадак і цудаў. Паглыбляюцца веды аб прыродзе — жывой і нежывой, пашыраецца кругагляд, дзеці вучацца разважаць, назіраць, аналізаваць і рабіць высновы.

На пляцоўцы ёсць сонечны гадзіннік, мікраскоп, тэлескоп, глобус. Выклікае непадробленую цікавасць гульня з вадзяной сістэмай.

— Мару пабудаваць завод, — дзеліцца сваімі планамі на будучыню маленькі Міша. — А пакуль разбіраюся з гульнёй, ужо ведаю, як працуюць вадзяныя млыны, вадзяныя помпы.

Відаць, ён ведае ўсё пра сістэму падачы вады. Яго сябры захоп­лены работай з мікраскопам, даследуюць мікробы, а таксама разглядаюць глобус і з дакладнасцю знаходзяць на ім краіны.

Яркія акцэнты

У час знаходжання ў дашкольнай установе важна не толькі тое, якія заняткі праводзяць прафесіяналы, але і тое, што ў гэты момант акружае самых дапытлівых. Таму афармленню прасторы на вуліцы адводзіцца важная роля. Гэта прадметна-прасторавае асяроддзе, якое павінна быць камфортным і дапамагаць у развіцці дзяцей.

— Веранда сенсорыкі прызначана для самых маленькіх, тут зай­маюцца дзеці ад 2 да 3 гадоў, — гаворыць выхавальніца Наталля Бандзюк. — Імкнуліся ства­рыць максімальна камфортныя ўмовы, каб чамучкам хацелася гуляць на гэтай пляцоўцы. І ў нас атрымалася. Малышы ўспрымаюць свет праз адчуванні, ім трэба тактыльна вывучаць той ці іншы прадмет, што, безумоўна, развівае ўвагу, памяць, дапамагае фарміраваць уяўленні пра аб’екты. Дзеці знаёмяцца з колерам, формай, развіваюць прасторавае ўяўленне, дробную маторыку.

Усё, што акружае іх на гэтай пляцоўцы, створана рукамі педагогаў. Вядома, акрамя цацак. Малыя так і ліпнуць да бізібордаў. На яркай драўлянай панэлі замацаваны цікавыя элементы, якія можна адчыняць і зачыняць, уклю­чаць і выключаць, перамяшчаць. Галоўная якасць бізібордаў у тым, што яны захапляюць і развіваюць лепш за любую цацку. Развіццёвая дошка прадастаўляе магчымасць бяспечна выву­чаць навакольны свет, даследуючы цікавыя аб’екты і прынцыпы іх работы.

Захопленыя спортам

Разгуляцца і пабегаць з мячом дзецям таксама ёсць дзе. Спартыўная пляцоўка стала месцам для фізічнага развіцця і актыўнага адпачынку. Яна абсталявана неабходным спартыўным інвентаром, тут устаноўлены футбольныя вароты, баскетбольныя шчыты, гімнастычная сценка з кругавымі мішэнямі, бегавая дарожка, яма для скачкоў, перакладзіна для падцягвання, сцежка здароўя.

— На спартыўнай пляцоўцы праводзім ранішнюю гімнас­тыку, фізкультурныя заняткі, рухавыя гульні, спартыўныя святы і мерапрыемствы, — пераліч­вае кіраўнік фізічнага выхавання Валянціна Пінчук. — У садзе ўдзяляем павышаную ўвагу фізкультуры, спорту, актыўнаму і здароваму ладу жыцця, і дзеці рады праявіць сябе, сваю сілу, спрыт і ўменні. У нас запланаваны разнастайныя вясёлыя старты і фестывалі: алімпійскае свята, дзень здароўя. Усё самае цікавае яшчэ наперадзе!

Адметная рыса

— У дзіцячым садзе працуюць 62 чалавекі, у іх ліку 30 педагагічных работнікаў (70% з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй), — гаворыць пра кадравы патэнцыял загадчыца дзіцячага сада № 1 Людміла Мірановіч. — За плённую працу калегі ўзнагароджаны граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Ганарымся і захапляемся кожным педагогам, які па-сапраўднаму адданы ­сваёй справе. Гледзячы на прафесіяналаў са стажам, і маладыя спецыялісты бяруць з іх прыклад, актыўна ўключаюцца ў работу. Наша ўстанова прызнана лепшай на Гомельшчыне і занесена на абласную Дошку гонару. Педагогамі створана шэсць інтэрактыўных дапаможнікаў, якія развіваюць пазнавальную цікавасць дзяцей. Усе выхавальнікі актыўныя, іх вылучаюць чуласць, уважлівасць, жыццярадаснасць, гатоў­насць дапамагаць і супрацоўнічаць, арганізатарскія здольнасці, любоў да дзяцей. Гэта выдатная каманда, якая стварае лепшыя ўмовы для навучання і выхавання 213 дзяцей, якія наведваюць сад № 1.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара