Эфектыўнасць метадычнай дзейнасці ў бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагога абмяркоўвалі ў сераду на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўдзельнікі І Рэспубліканскай навукова-метадычнай сесіі метадычных службаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пленарнае пасяджэнне, метадычныя дыялогі, тэматычныя дыскусіі і абмен вопытам дазволілі прааналізаваць асноўныя пытанні, што тычацца работы рэспубліканскай і рэгіянальных метадычных службаў УДАДіМ, вызначыць шляхі іх узаемадзеяння, выкарыстання магчымасцей рэспубліканскага метадычнага кластара.
Тэорыя, як вядома, абавязкова павінна падмацоўвацца практыкай. Пра гэты сакрэт прафесійнага росту мы ведаем яшчэ са студэнцкіх часоў. Аднак і практыка таксама павінна падмацоўвацца тэорыяй. Якім бы ні быў вялікім прафесійны стаж педагога-практыка, ён ніколі не стане Прафесіяналам з вялікай літары, калі ў сваёй рабоце не будзе абапірацца на Кодэкс аб адукацыі, Праграму бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь на 2016—2020 гады, метадычныя распрацоўкі сваіх калег. Здаецца, простыя і ўсім вядомыя ісціны. Аднак, як паказвае практыка, у тэарэтычных пытаннях сваёй дзейнасці выдатна разбіраюцца не ўсе педагогі дадатковай адукацыі. Выправіць гэта і закліканы метадычныя службы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Актуальнасць тэмы рэспубліканскай сесіі абумоўлена задачамі, якія абазначаны ў падпраграме развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Якасць дадатковай адукацыі не можа з’явіцца сама па сабе, без практыкаў, а гэта значыць прафесіяналаў. У станаўленні прафесіяналізму педагогаў асаблівая роля адводзіцца метадычным службам, — адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова.
Эфектыўнасць работы метадычных службаў залежыць ад паспяховасці ўзаемадзеяння навукі і практыкі. Менавіта таму на работу сесіі былі запрошаны вядомыя навукоўцы. “Сучасная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі павінна ўяўляць навукова-інавацыйны цэнтр, які забяспечвае эфектыўнасць дзейнасці метадычных службаў. Кіраўнік метадычнай службы з’яўляецца стратэгам, чалавекам, які заўсёды трымае руку на пульсе часу. Сучасны кіраўнік метадычнай службы — гэта больш чым адміністратар, педагог дадатковай адукацыі, гэта ключавая фігура ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ён павінен валодаць эмацыянальным інтэлектам, гэта значыць культурай прафесійнага, педагагічнага, грамадзянскага ўзаемадзеяння. Ён, так бы мовіць, сілкуецца энергіяй сваіх калег і адначасова зараджае іх энергіяй змяненняў. Гэтая заканамернасць павінна стаць асновай работы метадычных службаў. Яны закліканы фарміраваць не толькі метадычны патэнцыял нашых педагогаў, але і іх грамадзянскую пазіцыю”, — падзялілася прафесар кафедры кіравання рэгіянальным развіццём Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь доктар палітычных навук Флюра Ібрагімаўна Храмцова, якая, дарэчы, з’яўляецца навуковым кансультантам Рэспубліканскага інавацыйнага праекта НЦМТДіМ “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як рэсурсу развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
Метадычная падтрымка педагогаў дадатковай адукацыі з’яўляецца сродкам стымулявання росту іх кампетэнтнасці, павышэння прафесійнага майстэрства, развіцця творчай ініцыятывы, авалодання перадавым педагагічным вопытам. Прафесійны рост у ідэале павінен ажыццяўляцца бесперапынна і пацвярджацца на розных этапах атэстацыі. Пра рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу ў падтрымцы прафесійнага росту і атэстацыі педагога дадатковай адукацыі паведаміла загадчык кафедры зместу і метадаў выхавання Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Наталля Андрэеўна Залыгіна. “Атэстацыя — гэта не экзамен, а садзейнічанне прафесійнаму росту педагога. Яна вызначае ўзровень тэарэтычных і метадычных ведаў, выяўляе узровень прафесійнага майстэрства, высвятляе здольнасць педагога ў рэфлексіі ўласнай педагагічнай дзейнасці, садзейнічае бесперапыннаму прафесійнаму развіццю педагога дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, — адзначыла Наталля Андрэеўна.
У працэсе атэстацыі ацэньваюцца наступныя кампетэнцыі педагога: веданне тэарэтычна-метадалагічных асноў і тэндэнцый развіцця тэорыі выхавання, сучасных тэндэнцый у педагагічнай навуцы, канцэптуальных і праграмных асноў выхавання і навучання ў дадатковай адукацыі; рэалізацыя мэт бесперапыннага выхавання, педагагічнай падтрымкі творчага развіцця дзяцей і моладзі; уменне працаваць з нарматыўна-прававымі актамі ў сферы выхавання і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; валоданне методыкай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па профілі; веданне канкрэтных праблем бесперапыннага выхавання, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў адпаведнасці са спецыфікай установы, уменне працаваць над іх вырашэннем; аналітыка-рэфлексіўны ўзровень педагога; валоданне метадамі ўзнаўлення педагагічных ведаў і ўменняў; выкарыстанне сучасных форм работы з навучэнцамі; сацыяльна-асобасныя кампетэнцыі педагога.
— Апошнім часам педагогі дадатковай адукацыі здаюць кваліфікацыйныя экзамены лепш за іншыя катэгорыі педагогаў. Тут вялікая заслуга метадыстаў. Кампетэнтным педагог не прыходзіць працаваць ва ўстанову дадатковай адукацыі. Яго трэба расціць, фарміраваць, развіваць. Ад якасці педагога залежыць развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў цэлым і ў прыватнасці тое, ці будзе існаваць канкрэтная ўстанова дадатковай адукацыі, — адзначыла Наталля Андрэеўна.
Па словах дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільеўны Васільчанка, сучасны этап развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі характарызуецца паспяховай рэалізацыяй інавацыйных праектаў у сферы навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, даследчай, творчай, сацыяльна значнай дзейнасці дзяцей і навучэнскай моладзі. Распрацаваны праграмы па ўсіх напрамках дадатковай адукацыі, укараняюцца новыя методыкі і тэхналогіі, адкрываюцца запатрабаваныя часам і заказчыкамі аб’яднанні па інтарэсах. Мяняецца сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, мяняецца і сам педагог, патрабаванні да яго прафесійнай дзейнасці, кампетэнцый, да якасці і вынікаў адукацыйных паслуг, якія ён прадастаўляе. Павышэнне прафесійнага ўзроўню кадраў па-ранейшаму застаецца не толькі адной з самых актуальных задач, але і з’яўляецца паказчыкам эфектыўнасці работы метадычных службаў.
— У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі склалася выразная вертыкаль узаемадзеяння і супрацоўніцтва з установамі адукацыі, навукі, культуры праз сістэму дадатковай адукацыі дарослых. Нашы калегі высока ацэньваюць такую практыку і пастаянна выказваюць прапановы аб павелічэнні практычных і інтэрактыўных форм работы з імі на курсах. Цэнтр забяспечвае працу па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў дадатковай адукацыі ў міжкурсавы перыяд. У якасці прыкладу можна назваць працу са спецыялістамі харэаграфічнага напрамку, якая раней праводзілася праз практычныя семінары і майстар-класы на базе нашых вядучых узорных калектываў. Цяпер гэтая сістэма ўключае вывучэнне і аналіз навукова-тэарэтычных праблем і тэндэнцый, практыку развіцця дзіцячай і маладзёжнай танцавальнай творчасці, захаванне багатай танцавальнай спадчыны беларускага народа. Такая схема працуе па ўсіх напрамках нашай дзейнасці, — паведаміла Надзея Васільеўна.
Найважнейшым звяном у арганізацыі прафесійнага развіцця і бесперапыннай адукацыі педагагічных кадраў з’яўляецца метадычная служба ўстановы. Інавацыйна-метадычным аспектам развіцця рэгіянальных сістэм дадатковай адукацыі падзяліліся намеснікі дырэктараў Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Аляксандраўна Беладзедава, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Эдуардаўна Камінская, Абласнога цэнтра творчасці Магілёва Вольга Юр’еўна Марозава, Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Яўген Анатольевіч Акрушка. Пра віртуальны клуб “Метадыст новага пакалення” як эфектыўную форму павышэння прафесійнай кампетэнтнасці паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Галіна Мячыславаўна Казлоўская. Вопытам развіцця кадравага патэнцыялу Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі падзялілася загадчык метадычнага аддзела ўстановы Ларыса Пятроўна Сінічкіна. Асаблівасцямі рэгіянальнай мадэлі метадычнай службы ў Мінскай вобласці падзялілася начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы і маладзёжных ініцыятыў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Віктараўна Новік.
Пра асаблівасці праектавання мадэлі дзейнасці сучаснага метадыста з выкарыстаннем тэхналогіі карпаратыўнага навучання паведаміла загадчык інфармацыйна-метадычнага аддзела Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Любоў Васільеўна Лапенка. У цэнтры ўвагі загадчыка аддзела адукацыйнай дзейнасці Абласнога цэнтра творчасці Магілёва Алены Віктараўны Новікавай былі пытанні арганізацыі метадычнай работы на аснове персаніфікаванага падыходу. Да тэмы карпаратыўнага навучання звярнулася ў сваім выступленні і загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста Лілія Віктараўна Лясун. Метадыст Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Марына Вячаславаўна Ёда раскрыла сакрэты праекта “Педагагічны канструктар”. Пра ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у рэгіянальную мадэль бесперапыннага прафесійнага развіцця педагога паведаміла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна Настасся Вітальеўна Ганчарова, а метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аксана Валер’еўна Мяшкова падзялілася вопытам выкарыстання вэб-сайта ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сістэме бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагогаў.
— На сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі актыўна працуюць дыстанцыйныя майстэрні па праектаванні праграм, а таксама стажорская пляцоўка для метадыстаў, вядзецца кансультаванне ў рэжыме “пытанне — адказ”, размяшчаюцца практычныя матэрыялы ў дапамогу педагогам і метадыстам. Мы стараемся забяспечыць максімальна шырокі доступ педагагічных кадраў да актуальнай інфармацыі. Дарэчы, на рэалізацыю нашага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як рэсурсу развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” падпісаліся 52 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, — паведаміла Надзея Васільеўна Васільчанка.
Як адзначыла падчас падвядзення вынікаў работы сесіі намеснік дырэктара НЦМТ ДіМ Ларыса Анатольеўна Ісачкіна, у новым навучальным годзе метадычныя службы працяг-нуць працу па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў у адпаведнасці з задачамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З гэтай мэтай неабходна больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці рэспубліканскага метадычнага кластара, пашыраць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, фарміраваць і развіваць сеткавыя метадычныя аб’яднанні педагогаў па профілі дзейнасці, больш шырока ўкараняць варыятыўныя формы навучання кадраў, выкарыстоўваючы прафесійны патэнцыял вопытных педагогаў і метадыстаў.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.