Удзел Беларусі ў выстаўцы “ЭКСПА “Кітай — Еўразія” — гэта фактычна пралог дзяржвізіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў.
“Удзел Беларусі ў “ЭКСПА “Кітай — Еўразія” — гэта фактычна пралог дзяржвізіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай. Сустрэча кіраўнікоў дзвюх краін, якая мае адбыцца, служыць вялікім стымулам для актывізацыі супрацоўніцтва дзелавых колаў і рэгіёнаў. Многія беларускія дэлегацыі прадоўжаць сваю работу ў Кітаі для завяршэння падрыхтоўкі дакументаў да падпісання ў ходзе запланаванага дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР”, — сказаў Мікалай Снапкоў.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў КНР Кірыл Руды адзначыў: “Кітай чакае прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, падрыхтаваны пакет дакументаў, які адкрывае новыя гарызонты ў палітычным, інвестыцыйным і гандлёвым супрацоўніцтве дзвюх краін”.
Беларуская дэлегацыя ўдзельнічае ў пятай “ЭКСПА “Кітай — Еўразія” ва Урумчы. У ходзе работы выстаўкі адбыліся сустрэчы з намеснікам ПК УСНП КНР Айлігэнам Імінбахаем, кіраўніцтвам Міністэрства камерцыі Кітая, урада Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна (СУАР), інвестфонду эканамічнага супрацоўніцтва “Кітай — Еўразія”.
Таксама праведзены бізнес-брыфінг з удзелам прадстаўнікоў больш як 200 кітайскіх кампаній з 15 рэгіёнаў Беларусі і Кітая. Найбуйнейшым і самым папулярным на ЭКСПА стаў нацыянальны павільён Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікалі стэнды ААТ “МАЗ”, ААТ “БелАЗ”, канцэрнаў “Белнафтахім” і “Белдзяржхарчпрам”, беларускіх прыватных сельгасвытворцаў.
Па выніках работы беларускай дэлегацыі быў дасягнуты шэраг канкрэтных вынікаў па наступных напрамках.
У палітычнай сферы дамовіліся ўзмацніць міжпарламенцкія сувязі і арганізаваць візіт кіраўніцтва Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Кітай. Намеснік ПК УСНП КНР Айлігэн Імінбахай адзначыў неабходнасць спалучэння стратэгій развіцця дзвюх краін, узаемадзеяння ў сферы гарантавання бяспекі.
У двухбаковым інвестыцыйным супрацоўніцтве Беларусі і Кітая важнае месца займае індустрыяльны парк “Вялікі камень”. На сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі КНР Ван Шаўвэнем была абмеркавана магчымасць зніжэння кошту арэнды зямлі, паляпшэння прававых і бізнес-умоў для рэзідэнтаў парка.
Міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі адзначыў перспектывы аб’яднання вытворчых патэнцыялаў дзвюх краін і пераход ад крэдытавання праектаў да ўзаемнага прамога інвесціравання. У ходзе сустрэчы з кіраўніцтвам інвестфонду “Кітай — Еўразія” дамовіліся прадметна прапрацаваць стварэнне беларуска-кітайскага фонду прамых інвестыцый з удзелам Банка развіцця Беларусі.
Падпісаны шэраг экспартных кантрактаў на пастаўку ў Кітай прадукцыі беларускіх кампаній. Найбуйнейшая ў Кітаі харчовая карпарацыя Cofco для наведвання беларускага павільёна спецыяльна накіравала з Пекіна дэлегацыю экспертаў у галіне мяса-малочнай прадукцыі.
У сферы турызму Міністэрства спорту і турызму Беларусі і найбуйнейшая кітайская турыстычная карпарацыя China Travel Service (HK) дасягнулі дамоўленасці аб стратэгічным супрацоўніцтве. Беларускім і кітайскім бакамі таксама абмеркаваны пытанні рэалізацыі бязвізавага рэжыму турыстычных паездак з тураператарамі з Пекіна і СУАР.
Па выніках праведзенага 2-га пасяджэння рабочай групы па міжрэгіянальным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Мінэканомікі Беларусі і Мінкамерцыі Кітая падпісана дарожная карта па рэалізацыі больш як 30 сумесных інвестпраектаў. Таксама падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Гомельскай вобласцю і СУАР і правядзенні ў лістападзе 2016 года ў Беларусі выстаўкі тавараў заходніх правінцый КНР.
У беларускую дэлегацыю на чале з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалаем Снапковым увайшлі пасол Беларусі ў КНР Кірыл Руды, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, кіраўнікі іншых міністэрстваў, ведамстваў, рэгіёнаў і прадпрыемстваў.