У Беларусі мэтазгодна прапрацаваць пытанне аб стварэнні рэспубліканскага маладзёжнага парламента. Такую прапанову піянераў-лідараў падтрымала намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна на першым “Адкрытым дыялогу” сенатараў з прадстаўнікамі ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” (БРПА) на тэму “Дарослыя і дзеці дзейнічаюць разам!”.
“У абласцях рэспублікі ёсць дзіцячыя і маладзёжныя парламенты, але яны працуюць аўтаномна”, — сказала прадстаўнік дзіцячай палаты Гродзенскай вобласці Лізавета Сянько і пацікавілася меркаваннем удзельнікаў “Адкрытага дыялогу” аб магчымасці стварэння аб’яднанага рэспубліканскага маладзёжнага парламента. Гэтая прапанова знайшла водгук ва ўдзельнікаў сустрэчы. Марыяна Шчоткіна пацікавілася меркаваннем піянераў аб тым, па якім прынцыпе можна было б сфарміраваць такі парламент, аб яго функцыях і задачах. Паводле яе слоў, галоўнае, каб ініцыятыва ішла ад саміх дзяцей і каб яны былі зацікаўлены ў яе пашырэнні і рэалізацыі. “У цяперашняй моладзі новы погляд на свет, сваё бачанне шляхоў вырашэння многіх праблем”, — адзначыла Лізавета Сянько ў размове з журналістамі.
“Развіццё маладзёжнага руху вельмі значнае для краіны. Важна, каб маладыя людзі прымалі непасрэдны ўдзел у абмеркаванні важных для жыхароў рэспублікі пытанняў і мелі магчымасць уплываць на прыняцце рашэнняў, у першую чаргу ў галіне маладзёжнай палітыкі. Спалучэнне вопыту, прафесіяналізму дарослых і свежага неардынарнага падыходу маладых людзей дасць пазітыўны вынік”, — лічыць віцэ-спікер верхняй палаты парламента. Яна заклікала юных удзельнікаў сустрэчы да адкрытай, сумленнай, шчырай размовы.
На думку ўдзельнікаў дыялогу, менавіта такая размова і адбылася. Дзеці адчувалі сябе ў крэслах сенатараў даволі камфортна, задавалі недзіцячыя пытанні, у прыватнасці аб тым, як ажыццяўляецца норматворчая дзейнасць у дзяржаве, аб нацыянальнай сімволіцы, аб перспектывах развіцця маладзёжнага парламентарызму. Члены дзіцячай палаты Цэнтральнага савета БРПА і актывісты піянерскага руху з усіх рэгіёнаў краіны (больш за 30 хлопчыкаў і дзяўчынак) абмяркоўвалі пытанні пераемнасці пакаленняў, развіцця піянерскага руху. Пацікавіліся і самымі яркімі ўспамінамі сенатараў аб іх піянерскім дзяцінстве, а таксама падзяліліся планамі “стаць палітыкамі, каб дапамагаць народу”.
“Быць палітыкам, дзяржаўным дзеячам вельмі складана і адказна. Трэба быць адкрытымі для людзей, гатовымі да дыялогу, пастаянна развівацца, вучыцца, імкнуцца да дасягнення пастаўленай мэты. Неабходна дакладнае ўсведамленне таго, што кожны чалавек у адказе за нашу зямлю, за нашу Радзіму. І тады ён атрымае сваю галоўную ўзнагароду — добрыя адносіны людзей”, — сказала Марыяна Шчоткіна.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава прадоўжыла: “Неабходна пастаянна ўдасканальвацца, каб вашы справы былі патрэбныя і важныя для краіны, для людзей. А ўменне працаваць у камандзе павінна фарміравацца з дзіцячых гадоў”.
На пытанне аб жыццёвым дэвізе член Савета Рэспублікі першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў адказаў коратка: “Служыць Радзіме”. На яго думку, беларуская моладзь разумная, таленавітая, актыўная, перспектыўная, таму ёй многае пад сілу.