Рашэнне аб уключэнні ў 2016 годзе ў кошт паслуг за газ і электрычнасць для насельніцтва 20-працэнтнага падатку на дабаўленую вартасць пакуль не прынята. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства фінансаў Беларусі, дзе пракаменціравалі публікацыі, якія з’явіліся ў СМІ на гэтую тэму.
Цяпер беларусам прадастаўляецца падатковая льгота пры аплаце газа- і электразабеспячэння: арганізацыі, якія аказваюць гэтыя паслугі, адносяць сумы ПДВ на свае затраты.
“Прапанова па адмене так званай ільготы змешчана ў пакеце дакументаў па бюджэце і падатковай палітыцы на 2016 год, унесеных урадам на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта. Адназначна сказаць, ці будзе гэтая прапанова прынята, цяпер нельга, паколькі дакументы знаходзяцца на стадыі ўзгаднення”, — канстатавалі спецыялісты. Пры гэтым у прэс-службе звярнулі ўвагу, што ў любым выпадку магчымая адмена льготы зможа паўплываць на павелічэнне кошту жыллёва-камунальных паслуг у межах штогод дапушчальнага росту тарыфаў на ЖКП, а гэта ў межах $5 у год.
У Мінфіне таксама адзначылі, што адмена льготы па падатку на дабаўленую вартасць пры рэалізацыі насельніцтву паслуг па газа- і электразабеспячэнні дазволіла б энерга- і газазабеспячальным арганізацыям знізіць свае затраты.
Нядаўна старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна паведаміла, што бюджэт Беларусі на 2016 год накіраваны на захаванне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці. У галіне падатковай палітыкі ў 2016 годзе прадугледжаны меры па павышэнні эфектыўнасці і захаванні стабільнасці падатковай сістэмы, што дасць магчымасць не павялічваць падатковую нагрузку на рэальны сектар эканомікі. Пры гэтым стаўкі асноўных падаткаў і збораў мяняць не плануецца.