Як працавітасць і дабрыня дапамагаюць дасягаць прафесійных і жыццёвых вышынь? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведаўся пра гэта, наведаўшы Галоўчыцкую сярэднюю школу Нараўлянскага раёна.
Яблык ад яблыні
Ала Якаўлеўна Беразоўская — асоба вядомая ў Нараўлянскім краі. Дырэктар школы, дэпутат сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў некалькіх скліканняў, удзельнік Усебеларускага народнага сходу. І ўсё ж павагай і аўтарытэтам сярод землякоў яна карыстаецца ў першую чаргу дзякуючы сваёй працавітасці, дабрыні і справядлівасці.
Гэтым рысам характару наша гераіня ў многім абавязана матулі Галіне Канстанцінаўне Васіленка — таксама чалавеку вядомаму, прычым не толькі на роднай Нараўляншчыне. У свой час яна была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, прадстаўляла раён на XXVII з’ездзе КПБ. Гэтыя адказныя пасады Галіна Канстанцінаўна займала пасля таго, як у 1967 годзе была ўдастоена высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы. За пяць гадоў работы ў мясцовым калгасе яна выгадавала амаль паўтары тысячы свіней, здала дзяржаве 126 тон мяса!
Лічбы амаль фантастычныя, асабліва калі ўлічыць, што ў тыя часы жывёлаводы працавалі практычна ўручную. Рана ўставалі, позна клаліся спаць, працавалі амаль без выхадных і свят. Галіна Канстанцінаўна літаральна жыла на ферме. А дома таксама была вялікая гаспадарка, агарод, сям’я.
— Як можна было ўсюды паспяваць: і на ферме, і дома? Для мяне гэта і цяпер загадка. Нас жа ў сям’і было чацвёра дзяцей, я — самая малодшая. Кожнага трэба было апрануць, накарміць, кожнаму даць адукацыю. Дзіву даешся, наколькі раней людзі былі моцныя духам, працавітыя. Можа, таму, што не былі разбэшчаныя выгодамі цывілізацыі, рознымі гаджэтамі? — падзялілася думкамі Ала Якаўлеўна.
З Галінай Канстанцінаўнай Васіленка я завочна пазнаёміўся двойчы падчас камандзіроўкі ў Нараўлянскі раён. Першы раз — у музеі сярэдняй школы № 2 райцэнтра, дзе вядомаму жывёлаводу не менш вядомы краязнавец Васіль Чайка прысвяціў стэнд. Асобны куточак выдзелены і ў музеі Галоўчыцкай сярэдняй школы. Тут прадстаўлены копіі загаду аб прысваенні Галіне Васіленка ганаровага звання Героя Сацыялістычнай Працы, некаторыя яе асабістыя рэчы. А вось залатая зорка з выявай сярпа і молата як сямейная рэліквія захоўваецца ў доме Алы Якаўлеўны.
Галіна Канстанцінаўна з дзяцінства ведала, што ад жыцця не трэба чакаць цудаў, усе матэрыяльныя даброты, поспехі ў асабістым жыцці дастаюцца толькі дзякуючы штодзённай працы, як фізічнай, так і працы над сабой. Нарадзілася жанчына ў вёсцы Будкі Нараўлянскага раёна 18 жніўня 1935 года. У жніўні 1943-га карнікі знішчылі амаль усю яе родную вёску: са 112 дамоў спалілі 110, многіх жыхароў забілі. Дзяўчынцы пашчасціла выжыць, але яна засталася сіратой. Ведала, што такое голад, хваробы, дзіцячы дом. Потым на выхаванне яе забрала сястра маці.
— Мама марыла стаць настаўніцай, таму паступіла ў Мазырскае педвучылішча. Але правучылася нядоўга. З прычыны таго, што не было адзення і абутку, давялося кінуць вучобу і пайсці працаваць у калгас. Так яна і звязала сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Яна жыла гэтай працай, але, думаю, у глыбіні яе душы была прыхавана крыўда з-за таго, што не атрымалася стаць настаўніцай. І як яна радавалася, калі і я, і мая старэйшая сястра вырашылі быць педагогамі. Такі выбар быў цалкам лагічны. Гэта цяпер у дзяцей шмат розных гульняў, і настольных, і віртуальных, а калісьці мы, вясковыя дзеці, гулялі ў асноўным у школу. Чамусьці любілі праводзіць урокі матэматыкі. Можа, таму я і вырашыла паступаць на спецыяльнасць “Настаўнік матэматыкі і фізікі”, — расказвае Ала Якаўлеўна.
Школьная сям’я
Сваім галоўным рысам характару наша гераіня абавязана не толькі маме, але і старэйшым калегам, якія ў 1987 годзе прыветліва сустрэлі сваю нядаўнюю выпускніцу і ўчарашнюю студэнтку Мазырскага педінстытута.
— Мне камфортна было пачынаць працоўны шлях, паколькі калегамі сталі школьныя настаўнікі. Яны добра мяне ведалі, любілі, таму заўсёды дапамагалі, давалі парады. Я многаму ў іх навучылася ў прафесійным і жыццёвым плане. Асабліва ўдзячна сваёй першай настаўніцы з пачатковай школы ў Будках Ніне Дзмітрыеўне Шаўчэнка. Яна на ўсё жыццё засталася для мяне сапраўдным эталонам настаўніка. А ўжо ў 5 класе я перайшла вучыцца ў Галоўчыцкую школу, — адзначыла суразмоўніца.
З сумам Ала Якаўлеўна прыгадала свой выпускны. І не таму, што свята апошняга званка не атрымалася. Усё было як належыць: і сустрэча світання, і святочная сукенка, і фота на памяць. Тады, у 1981 годзе, са школьным жыццём развітваліся 54 дзесяцікласнікі, а ўсяго ва ўстанове адукацыі было больш за 400 вучняў. Сёння ж Галоўчыцкая школа малакамплектная, у ёй толькі 43 навучэнцы.
Але ёсць тут і свае плюсы. І вучні, і настаўнікі, і бацькі як адна дружная сям’я. Школьныя мерапрыемствы праводзяць разам, кожны з вучняў — актыўны ўдзельнік конкурсаў. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі — сапраўдныя зоркі, актыўныя, ініцыятыўныя. А галоўны акцэнт у сваёй рабоце педагогі робяць на працоўным выхаванні дзяцей. Тут прыклад усім падае дырэктар. На суботніках Ала Якаўлеўна заўсёды разам з калегамі і вучнямі. Праполка клумб, пасадка кветак, дапамога мясцовай гаспадарцы ў зборы ўраджаю — тут яна таксама працуе шчыра, сумленна. Працавітасць, якой навучыла мама, яна перадае вучням. Хаця у гэтым, па словах дырэктара, галоўную ролю адыгрывае прыклад бацькоў, сям’і.
— Калі бацькі працавітыя, праводзяць увесь час за работай, а не на канапе са смартфонам у руках, то і дзеці будуць такія ж працавітыя. Яны ж цалкам капіруюць сваіх бацькоў. Праўду гавораць, што дзяцей не трэба выхоўваць, ім трэба проста паказваць прыклад. Нездарма ж яблык ад яблыні далёка не адкочваецца, — падзялілася Ала Якаўлеўна.
Багатыя традыцыі
Кожнае лета на базе Галоўчыцкай сярэдняй школы для вучняў старшых класаў сумесна з мясцовай гаспадаркай арганізоўваецца лагер працы і адпачынку. Гэтай традыцыі ўжо не адно дзесяцігоддзе. Вось што прыгадала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Нараўлянскага райвыканкама Ірына Уладзіміраўна Шабаліна, выпускніца Галоўчыцкай сярэдняй школы 1991 года:
— Працоўнае выхаванне тут ва ўсе часы было на высокім узроўні, і мы заўсёды ганарыліся людзьмі працы. Памятаю, у старым школьным музеі былі матэрыялы пра майго дзядулю-трактарыста, узнагароджанага Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Я вельмі ганарылася, калі экскурсавод расказваў пра яго.
Побач са школай была цяпліца, дзе мы вырошчвалі агародніну, кветкі. Кожны тыдзень праходзіла генеральнае навядзенне чысціні на тэрыторыі школы. Былі задзейнічаны ўсе вучні, настаўнікі, тэхнічны персанал. Тады гэта было абсалютнай нормай, і я лічу, што так павінна быць і цяпер.
Сёння для кагосьці гэта можа гучаць дзіўна, але мы з радасцю чакалі, калі нас адправяць на бульбу. У калгасе кожную восень мы збіралі ўраджай морквы, буракоў, яблыкаў. За гэта гаспадарка нам аказвала дапамогу прадукцыяй, арганізоўвала канцэрты. Ініцыятыва дзяцей заўсёды падтрымлівалася, заахвочвалася. У Дзень ведаў найбольш актыўным вучням уручаліся падарункі.
Да размовы далучылася намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Таццяна Мікалаеўна Лаворанка:
— Час ідзе, школа развіваецца, з’яўляюцца новыя падыходы да некаторых напрамкаў работы, але працоўнае выхаванне па-ранейшаму застаецца прыярытэтным. Чысты і ўтульны двор, такія ж чыстыя і ўтульныя класы — мы да гэтага прывыклі. У кожнага настаўніка ёсць свой куточак у школьным будынку і на двары, за чысціню і дагледжанасць якога ён адказвае. У нас не шмат вучняў, усяго 14 педагогаў, але мы працуем як адна дружная сям’я, працягваем багатыя традыцыі, закладзеныя нашымі папярэднікамі.
Камфортныя ўмовы
Для Алы Якаўлеўны як дэпутата на першым месцы заўсёды стаяць пытанні развіцця вёскі.
— Наша вёска невялікая, але ў ёй створаны дастойныя ўмовы для жыцця. Яна газіфікавана, ёсць цэнтральная водазабеспячэнне, працуюць аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Стараемся з калегамі разнастайваць вольны час дзяцей, — паведаміла дырэктар.
У суботу, у рамках дзён сельскага школьніка, вучні з Галоўчыц выязджаюць у Нароўлю, дзе наведваюць раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, раённы гісторыка-этнаграфічны музей, школьныя музеі, удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах. У цэнтры творчасці дзеці ствараюць сваімі рукамі сувеніры, у музеях для іх праводзяцца інтэрактыўныя экскурсіі, а фабрыка “Чырвоны мазыранін” прапаноўвае экскурсію з дэгустацыяй прадукацыі. Школьныя суботы атрымліваюцца цікавымі, смачнымі, карыснымі. Нядзіўна, што дзеці чакаюць іх з нецярпеннем.
— Для камфортнага жыцця ў нас створаны ўсе ўмовы. Трэба толькі працаваць, — рэзюмавала Ала Якаўлеўна.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва школы