Працэс інтэграцыі пайшоў, і спыніць яго практычна немагчыма

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Праведзенае ў Маскве 30 чэрвеня пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы было душэўным і выніковым. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю агенцтву ТАСС.

“Хачу вас здзівіць: галоўнае нават не ў важнасці разглядаемых пытанняў — яны былі суперважнымі. Важны быў дух гэтага Вышэйшага дзяржаўнага савета. Я адкрыта аб гэтым сказаў: ніколі ў гісторыі фарміравання Саюзнай дзяржавы (а мы яе яшчэ фарміруем) не было такой адкрытасці, душэўнасці і, галоўнае, выніковасці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што мерапрыемства пачалося з перагавораў у вузкім складзе. Бакі вырашылі зняць пытанні, якія ляжалі на паверхні і неабавязкова павінны былі абмяркоўвацца ў шырокім коле. “Яны нічога не вартыя, іх трэба было даўно вырашыць. І мы гэтыя ўсе пытанні вырашылі, яны таксама важныя”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы ў вузкім складзе абмяркоўваўся таксама міжнародны парадак дня, у тым ліку канфлікты ў Сірыі і ва Украіне. “Недзе стратэгічныя пытанні закранулі з улікам таго, што на іх трэба было звярнуць увагу не толькі на перагаворах двух прэзідэнтаў, але і з уключэннем у парадак дня Вышэйшага дзяржсавета на будучыню”, — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паралельна з пасяджэннем Вышэйшага дзяржаўнага савета ў Маскве праходзіў IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэтыя падзеі неабходна разглядаць ва ўзаемасувязі. “Мы разглядалі на Вышэйшым дзяржсавеце два найважнейшыя, фундаментальныя пытанні: прамысловасць і сельская гаспадарка. Потым мы зацвярджалі планы ў знешняй палітыцы (у нас ідэальна Лаўроў і Макей працуюць — прыклад для ўсіх), абмяркоўвалі некаторыя абаронныя пытанні, нашы вучэнні “Захад-2017”, — сказаў ён. — Нас папракаюць па гэтых вучэннях, а там жа разгортваюцца падраздзяленні НАТА, каля нашых граніц, беларускіх і расійскіх”. Бакі таксама разгледзелі ўзаемадзеянне ў ваенна-прамысловым комплексе.

Што тычыцца супрацоўніцтва ў прамысловай сферы, дзяржавы сышліся на думцы аб неабходнасці ўмацоўваць кааперацыю. Акрамя таго, было падкрэслена, што не трэба дубліраваць вытворчасці, якія ўжо эфектыўна працуюць у Беларусі і Расіі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў выступленне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, у якім ён прывёў у прыклад работу беларускіх спецыялістаў па стварэнні сельскагаспадарчых вытворчасцей на Сахаліне. “Мы хочам даказаць, што туды не трэба вазіць ніякую прадукцыю, што да рыбы, якой там шмат, можна мець добрае мяса і малако”, — сказаў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне аб сваіх поглядах на будучае развіццё Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што працэс пайшоў і спыніць яго будзе практычна немагчыма.