Працоўная магістраль

- 10:55Адукацыйная прастора

Сёлета некалькі прафтэхустаноў сталіцы паклапаціліся пра карысны адпачынак сваіх навучэнцаў. У Мінскіх прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту, дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання, прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў і шэрагу іншых навучальных устаноў сталіцы створаны студэнцкія атрады, якія працуюць на розных аб’ектах Мінска.

Атрад пад назвай “Магістраль”, у які ўваходзяць навучэнцы каледжа чыгуначнікаў, працуе за межамі горада, у пасёлку Зялёнае, дзе размясціўся аздараўленчы цэнтр “Энергетык”. Па папярэдняй дамоўленасці намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Н.В.Панамарэнка, навучэнцаў было вырашана накіраваць на працу ў цэнтр у якасці грузчыкаў, афіцыянтаў, прыбіральшчыкаў службовых памяшканняў і тэрыторыі лагера.

Як расказала С.В.Янчанкава, педагог-псіхолаг каледжа, працоўны атрад створаны ва ўстанове ўпершыню па ініцыятыве кіраўніцтва, а таксама навучэнцаў.

— У нас супала жаданне з нашымі выхаванцамі прадаставіць ім на лета актыўны адпачынак, карысную працу і нядрэнны прыработак, — паведаміла Сняжана Валер’еўна. — Акрамя таго, нам, педагогам, спакайней ад таго, што навучэнцы пад наглядам, займаюцца добрай справай і такім чынам пазбягаюць магчымых правапарушэнняў, якія ўзнікаюць, калі моладзь нічым не занята.

У склад працоўнага атрада адбіралі навучэнцаў, паспяховых у вучобе, актыўных, ініцыятыўных, творчых. У аздараўленчым цэнтры яны не толькі працуюць, але і ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці лагера, у культурна-масавых забаўляльных мерапрыемствах, з’яўляюцца, як кажуць, “жывой прафарынтацыяй”, прадстаўляючы дзецям каледж і расказваючы аб яго прафесіях. Хто ведае, можа, сярод наведвальнікаў лагера, сённяшніх школьнікаў, знойдуцца тыя, хто прыйдзе ў каледж чыгуначнага транспарту ў якасці абітурыента і потым стане навучэнцам гэтай установы.

Акрамя таго, у складзе атрада працуюць навучэнцы, у якіх няма бацькоў, якім цяжка самім арганізаваць летні адпачынак, таму праца ў атрадзе, што прыносіць даход, прыйшлася гэтым навучэнцам даспадобы.

— У Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання дзейнічае круглагадовы працоўны атрад, накіраваны на праверку практычных і тэарэтычных ведаў, у якім навучэнцы замацоўваюць прафесійныя навыкі рабочых прафесій. Акрамя таго, гэта надзейны спосаб матэрыяльнай падтрымкі нашых выхаванцаў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстановы С.М.Шмарлоўская. — Ён складаецца з двух атрадаў — “Сувязіст” і “Паштавік”, у кожны з якіх уваходзяць па 30 чалавек з ліку навучэнцаў каледжа. Атрад працуе на працягу ўсяго навучальнага года ў пасляўрочны час, калі вучэбныя заняткі ў каледжы заканчваюцца.

На летні перыяд у навучальнай установе створаны працоўны атрад “Сувязіст”, сфарміраваны з навучэнцаў, гатовых працаваць у летнія месяцы на базавых прадпрыемствах “Белпошты”. З імі кіраўніцтва каледжа заключыла адпаведныя дагаворы. Жадаючых папрацаваць заўсёды вельмі многа. Навучэнцы працуюць у арганізацыях сувязі незалежна ад таго, па якой спецыяльнасці яны вучацца. Сярод іх, у прыватнасці, будучыя банкаўскія работнікі, якім цікава набываць дадатковыя прафесійныя навыкі. Ужо многа гадоў запар каледж атрымлівае ўзнагароды ад гарадскіх улад за арганізацыю працоўных атрадаў, а навучэнцы каледжа — падзякі ад базавых прадпрыемстваў за якасную працу.

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў імя У.Р.Каменскага таксама арганізаваў будаўнічы атрад для дапамогі на новабудоўлях горада.

Ала КЛЮЙКО.