Праўда без тэрміну даўнасці

- 16:19Культура

Аднолькава пераканаўча і займальна расказаць пра навіны культуры, знакамітых землякоў і драматычныя падзеі ваеннага часу здольны далёка не кожны нават масціты журналіст. Спецкар Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Алена Борматава робіць гэта бліскуча.

Пра ваенную гісторыю

— Знаёмства з жыццём выдатных людзей, пра якіх вы часта расказваеце, аказвае ўплыў на ваша ўласнае жыццё?

— Дзякуй прафесіі, якая дазваляе сустракацца і запісваць інтэрв’ю з акцёрамі, харэографамі, музыкантамі, пісьменнікамі. І ведаеце, што больш за ўсё ўражвае… Чым больш вядомы і паспяховы чалавек, тым прасцейшы ён у зносінах. Я, напрыклад, была ашаломлена першай сустрэчай з Іосіфам Кабзонам. Мэтр павінен быў выступаць на аўтарскім вечары ў Ігара Лучанка. Страшная мяцеліца, самалёт затрымліваецца, незразумела, ці паспее ён. Мы чакалі за кулісамі. Іосіф Давыдавіч з самалёта паехаў адразу на пляцоўку, паспеў да другога аддзялення. І ён — велічыня, мне, маладой журналістцы, кажа: “Прабачце, дайце 10 мінут, каб пераапрануцца”. Без пафасу, апломбу, высакамернасці. А пасля выступлення яшчэ і букет кветак падарыў.

Гэтак жа інтэлігентна і галантна паводзіў сябе і Васіль Ланавой, і нашы Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Гарбук. Я рада, што змагла з імі пагаварыць, і не толькі ў кадры. Гэтыя людзі — працаголікі, якія сваёй працай, у нейкай ступені ўпартасцю, дабіліся вядомасці і папулярнасці. Іх стаўленне да работы, калег і родных людзей — прыклад для пераймання.

— Ваенная тэма для вас сёння самая значная?

— Падзеі Вялікай Айчыннай вайны мяне цікавяць бязмежна. У маёй сям’і, як і ва ўсіх сем’яў Беларусі, свая ваенная гісторыя. Дзед, Чыгрынаў Пётр Уладзіміравіч, змагаўся ў партызанскай брыгадзе “Разгром”, быў збройнікам. Яго зброю можна ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Некалькі гадоў назад я перадала туды ўспаміны дзеда. Другі дзед, Борматаў Васіль Андрэевіч, прапаў без вестак падчас Сталінградскай бітвы, і да гэтага часу мы не ведаем, дзе ён пахаваны. А муж бабулінай сястры загінуў 9 мая 1945 года ў Кёнігсбергу. 

Сёння пачынаюць рассакрэчваць архіўныя дакументы, іх уводзяць у навуковы абарот, праяўляецца цікавасць даследчыкаў. Мы даведваемся пра тое, чаго не вывучалі на ўроках гісторыі. Напрыклад, пра калабарантаў, пра тое, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі дзясяткі разведшкол нацысцкай Германіі, і там праходзілі навучанне нашы з вамі суайчыннікі. У савецкі час была тэндэнцыя гераізацыі вайны.

— Героі, подзвігі…

— Так, зразумела. Але ў вайны ёсць і іншы бок. І пра яго таксама трэба гаварыць. Хіба раней мы ведалі пра сотні канцлагераў і гета, створаных у Беларусі? Пра тое, што людзей знішчалі дзясяткамі тысяч, што да гэтага часу няма дакладнай колькасці спаленых населеных пунктаў, што дзяцей, старых і жанчын выкарыстоўвалі ў якасці бактэрыялагічнай зброі? З іх стваралі жывы шчыт перад наступаючымі савецкімі войскамі. Пра маштабы трагедыі мы нават не здагадваліся. Пра кожны факт знішчэння мірнага насельніцтва неабходна гаварыць, як і пра аперацыі спецгруп і партызанскіх атрадаў.

Гістарычная памяць — гэта наша духоўная, архітэктурная, культурная спадчына. Безумоўна, у аснову мы ставім памяць аб Вялікай Айчыннай. Імкнуцца перапісаць яе вынікі для беларусаў кашчунства. Агучваючы рэальныя факты, расказваючы пра канкрэтныя падзеі, трэба пастарацца аднавіць гэтую памяць у народаў іншых краін.

Якраз зараз я працую над сумесным з Камітэтам дзяржбяспекі праектам “Без тэрміну даўнасці”. У яго аснове крымінальныя справы з цэнтральнага архіва КДБ. Абвінавачваныя — нацысцкія саўдзельнікі, якія дапамагалі вермахту і СС забіваць, спальваць, атручваць людзей. Дакументы адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў Беларусі.

 

Юбілей Філарэта

Паездка ў Германію стала для вас журналісцкай удачай?

— Працуючы над дакументальным фільмам пра лагер смерці Азарычы, мы даведаліся, што ў Беларусь прыязджаў унук вартаўніка лагера — хацеў паглядзець у вочы людзям, якіх яго дзед пазбавіў дзяцінства. Адзін з герояў фільма даў кантакты гэтага чалавека — Пітэра Хертэра. Я напісала яму, ён даволі хутка адказаў.

Але на інтэрв’ю яго прыйшлося ўгаворваць доўга. І дзякуй кіраўніцтву, якое сказала: “Едзь”.  Ён расказаў, як доўгія гады імкнуўся даведацца, дзе ваяваў яго дзед, якога ведаў толькі па фатаграфіях. І калі ўсплыла праўда, жахнуўся, вырашыўшы для сябе, што трэба прасіць прабачэння ў люзей. Не раз прыязджаў у Беларусь. Пры гэтым яго родны брат быў цвёрда ўпэўнены ў тым, што іх дзед — герой. Мы і сёння з Пітэрам падтрымліваем сувязь. Некалькі месяцаў я вяла перапіску з Бундэсархівам, каб дазволілі здымку матэрыялаў, звязаных з лагерам смерці ў Азарычах. Многае было знішчана — злачынцы пазбаўляліся ад доказаў. З некалькіх тамоў справы нам дазволілі зняць усяго некалькі дакументаў, таму што мы можам нашкодзіць нашчадкам. Там змяшчаюцца асабістыя даныя — прозвішчы тых, хто меў дачыненне да злачынства. Гэта не проста ўразіла, а крыху нават шакіравала. Прайшло столькі гадоў, давайце гаварыць праўду…

Таксама дамовіліся аб здымках у ведамстве па расследаванні нацысцкіх злачынстваў. Мы былі першай здымачнай групай з Беларусі, якая там працавала. У выніку з Германіі прывезлі адразу два дакументальныя фільмы. Па выніках паездкі выйшаў фільм аб злачынствах вермахта.

— Мне асабіста запомніўся ваш чуллівы рэпартаж з радзімы мітрапаліта Філарэта да яго юбілею…

— Мы зрабілі некалькі рэпартажаў і знялі дакументальны фільм пра Філарэта да яго 85-годдзя. Першапачаткова я хацела расказаць пра яго не столькі як пра Экзарха, колькі як пра чалавека: у якой сям’і выхоўваўся, кім марыў стаць у дзіцянстве, элементарна — што любіць на снеданне?.. Я ўдзячна пляменніку і траюрадным пляменнікам Уладыкі, якія згадзіліся на сустрэчу. І вельмі рада, што і зараз, праз некалькі гадоў, мы не страчваем з імі сувязь.

Якімі яшчэ праектамі і фільмамі вы ганарыцеся?

— Не скажу, што ганаруся сваімі праектамі. Не зусім карэктнае слова… Што датычыцца іншых праектаў, мне цікавыя ўсе. І трохсерыйны фільм “Рубеж” пра ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, і “Армія цемры” аб злачынствах вермахта. У Германіі ж да гэтага часу існуе дактрына аб “незлачынным” вермахце і злачыннай СС. Але на тэрыторыі Беларусі захопнікі ваявалі не ў белых пальчатках. Стварэнне лагера смерці ў Азарычах чаго толькі варта. Дарэчы, у Нюрнбергу яго назвалі самым страшным і жорсткім злачынствам вермахта ў гады Другой сусветнай вайны.

Уладзімір ПІСАРАЎ.