Права руля…

У чацвер, 30 сакавіка, у Балгарыі былі падведзены канчатковыя вынікі датэрміновых парламенцкіх выбараў. Пайменны спіс дэпутатаў будзе вызначаны да 3 красавіка.

Прычынай таго, што паўнамоцтвы парламента перапынілі на паўтара года раней тэрміну (наступныя выбары павінны былі адбыцца ў кастрычніку 2018 года), стала абяцанне прэм’ер-міністра Бойкі Барысава, лідара партыі ГЕРБ (Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі), падаць у адстаўку, калі кандыдат ад партыі, старшыня Народнага сходу Цэцка Цачава, не пераможа на прэзідэнцкіх выбарах.

Прэзідэнта выбіралі ў лістападзе мінулага года, і ў першым, і ў другім туры Цачава ўступіла пераможцу — генералу Румену Радзеву, якога падтрымалі сацыялісты. У выніку Радзеў стаў кіраўніком дзяржавы, а Барысаву прыйшлося скласці з сябе паўнамоцтвы. У адстаўку ён падаў 14 лістапада, а 27 студзеня, пасля таго, як стала ясна, што бягучы склад парламента сфарміраваць новую кіруючую кааліцыю не зможа (у папярэднюю акрамя ГЕРБа ўваходзілі правацэнтрысцкі Рэфарматарскі блок і левацэнтрысцкая “Альтэрнатыва для Балгарыі”), былі аб’яўлены датэрміновыя выбары.

Фактычна яны сталі своеасаблівым рэферэндумам аб курсе краіны. Радзеў, якога яшчэ да выбараў запісалі ў сімпатызанты Расіі, не стаў выступаць з патрабаваннямі адмены еўрапейскіх санкцый за анексію Крыма і падтрымку сепаратыстаў на Данбасе, але многія палітыкі лічылі, што гэта звязана з тым, што паўнамоцтвы ў прэзідэнта ў Балгарыі невялікія і без падтрымкі парламента ён не здольны фарміраваць новы знешнепалітычны курс. Фарміраванне сацыялістычнага ўрада магло б змяніць сітуацыю.

У выніку ў 44-ы Народны сход Балгарыі прайшлі прадстаўнікі пяці палітычных фармацый: за партыю ГЕРБ прагаласавала 32,65% выбаршчыкаў, за Балгарскую сацыялістычную партыю (БСП) аддалі галасы 27,19% , ультраправая кааліцыя “Аб’яднаныя патрыёты” (АП) на трэцяй пазіцыі — за яе прагаласавалі 9,07% выбаршчыкаў. З розніцай усяго 0,08% цэнтрысцкі “Рух за правы і свабоды” (РПС) займае чацвёртае месца — 8,99%, за новую ліберальную партыю “Воля” прагаласавала 4,15% выбаршчыкаў. Рэфарматарскі блок і “Альтэрнатыва для Балгарыі” ў новы парламент не прайшлі. ГЕРБ атрымаў 95 з 240 дэпутацкіх мандатаў, другой па колькасці партыяй у парламенце будзе БСП — 80 дэпутатаў, ад АП — 27 дэпутатаў, РПС атрымае 26 мандатаў, “Волі” дастанецца 12 мандатаў.

Для фарміравання ўрада патрабуецца мінімум 121 голас, гэта значыць партыі ГЕРБ не хапае 26 галасоў, а БСП — 41. Тэартычна Бойку Барысаву і яго паплечнікам трэба знайсці агульную мову або з “Аб’яднанымі патрыётамі”, або з “Рухам за правы і свабоды”. А вось БСП, калі хоча стаць кіруючай партыяй, абавязана знайсці агульную мову адначасова з “Аб’яднанымі патрыётамі” і “Рухам за правы і свабоды”, што практычна нерэальна: АП лічацца партыяй прарасійскай, а РПС адназначна падтрымлівае салідарную еўрапейскую пазіцыю ў дачыненні да санкцый. Паміж ГЕРБам і РПС прынцыповых разыходжанняў няма, і фарміраванне кааліцыі паміж гэтымі дзвюма партыямі бачыцца найбольш верагодным. Такі ўрад будзе больш аднародным, чым папярэдні, у якім “Альтэрнатыва” пастаянна выбівалася з агульнай каляіны. Барысаў, заняўшы сваю пасаду, верагодней за ўсё працягне палітыку рэформ і застанецца на тых жа пазіцыях адносна супрацоўніцтва, дакладней несупрацоўніцтва з Расіяй. У новым парламенце яго партыя, умацаваўшы свае пазіцыі, зможа больш паслядоўна праводзіць курс, бо цяпер ёй не трэба будзе прыміраць свае інтарэсы з рознанакіраванымі патрабаваннямі саюзнікаў па кааліцыі. Аднаасобнага кіравання, аднак, таксама не атрымаецца — РПС усё ж стаіць у палітычным спектры правей, і па некаторых пытаннях, перш за ўсё ў эканоміцы, больш ліберальная.

Алег ВЯРЦІНСКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *