Праваахоўнікі Беларусі і Кітая разам будуць умацоўваць бяспеку аб’ектаў “Аднаго пояса і аднаго шляху”

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Кітай будуць супрацоўнічаць ва умацаванні бяспекі аб’ектаў ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”. Гэта прадугледжана пратаколам, які падпісалі ў Мінску праваахоўнікі дзвюх краін, паведамілі ў прэс-службе МУС Беларусі.

Дэлегацыя Міністэрства грамадскай бяспекі КНР на чале з начальнікам палітбюро МГБ КНР намеснікам генеральнага камісара паліцыі Ся Чунюанем наведала Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС. Тут адбыліся перагаворы з намеснікам міністра ўнутраных спраў Аляксандрам Кобрусевым. Бакі падпісалі шэраг важных дакументаў, у тым ліку пратакол аб супрацоўніцтве па гарантаванні бяспекі аб’ектаў “Аднаго пояса і аднаго шляху”.

Паводле слоў начальніка палітбюро МГБ КНР, падпісаны пратакол дасць магчымасць умацаваць абмен інфармацыяй і праводзіць сумесныя расследаванні, дапамагаць адно аднаму ва ўдакладненні неабходных звестак. Кітай займаецца ўмацаваннем бяспекі перавозкі грузаў. У гарадской акрузе Ляньюньган (правінцыя Цзянсу) двойчы праводзіўся Міжнародны форум праваахоўных органаў па пытаннях бяспекі Еўразійскага транспартнага калідора. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў абодвух пасяджэннях. Кітайскі бок разлічвае на падтрымку ў рабоце над стварэннем сакратарыята форуму, які стаў важнай пляцоўкай для абмену інфармацыяй і ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне гарантавання бяспекі паміж рознымі структурамі.

У час сустрэчы абмяркоўвалася таксама ахова грамадскага парадку ў індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Мяркуецца, што беларускія і кітайскія праваахоўнікі будуць супрацоўнічаць у гэтым напрамку. Дэталі праекта яшчэ трэба будзе абмеркаваць дадаткова.

Акрамя таго, дэлегацыя КНР выказала зацікаўленасць ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ў сферы падрыхтоўкі кадраў. Размова ішла аб павышэнні кваліфікацыі, навучанні кадраў і сумесных навуковых даследаваннях.