Правесці канікулы з вайсковым каларытам — такую магчымасць прадаставілі навучэнцам Цэнтра творчасці Бабруйскага раёна

- 16:13Новости

Правесці канікулы з вайсковым каларытам — такую магчымасць прадастаўляюць навучэнцам у Цэнтры творчасці Бабруйскага раёна. Улетку ва ўстанове ладзяць ваенна-­патрыятычны лагер “Радзіма”, дзе школьнікі могуць сумясціць адпачынак са своеасаблівым міні­-курсам маладога байца, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Профільны ваенна-патрыятычны летнік арганізоўваем сумесна з кіраўніцтвам 83-га асобнага інжынерна-аэрадромнага ордэна Чырвонай Зоркі палка. Даўно супрацоўнічаем з гэтай ваеннай часцю. Лагер сумесна праводзім пяты раз, — паведаміла дырэктар цэнтра Юлія Чаркас.

Сёлета аздараўленне ў летніку праходзілі 26 падлеткаў ва ўзросце 13—16 гадоў. На працягу дзевяці дзён яны пагружаліся ў армейскі побыт. Хлопцы жылі ў казарме, падпарадкоўваліся рэжыму і жалезнай дысцыпліне.

— Штодня падлеткі праходзілі выпрабаванні на сілу, спрыт і смеласць у рэальных палявых умовах. Яны вывучалі прызначэнне стралковай зброі, трэніраваліся выконваць страявыя прыёмы, займаліся агнявой, медыцынскай, спартыўнай і тактычнай падрыхтоўкай, — расказала Юлія Віктараўна.

Аздараўленчая змена была насычана экскурсіямі, цікавымі сустрэчамі і забаўляльнымі мерапрыемствамі. Падлеткі наведалі шэраг аб’ектаў архітэктурна-культурнай спадчыны Беларусі, памятныя мемарыялы Вялікай Айчыннай вайны. Яны актыўна ўдзельнічалі ў прафілактычных гутарках з інспектарам ІСН, міліцыянерамі, супрацоўнікамі МНС. У рамках рэспубліканскай акцыі “Крок да поспеху” ў іх адбыўся дыялог з членамі маладзёжнага парламента і дэпутатамі.

— Вельмі запамінальным для хлопцаў стаў прыезд у лагер антынаркатычнага аўтобуса. У незвычайнай і крэатыўнай форме спецыялісты нагадалі юнакам пра шкоду наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, пра юрыдычную адказнасць за іх распаўсюджванне, — адзначыла Юлія Чаркас.

Вялікую ўвагу выхавальнікі лагера ўдзялілі прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў. Для іх працавалі аб’яднанні па інтарэсах па стральбе, гіравым спорце і настольным тэнісе. Кожны дзень хлопцы з энтузіязмам далучаліся да спартыўных спаборніцтваў.

— На тэрыторыі лагера мы мінімізавалі карыстанне гаджэтамі. Распарадак дня навучэнцаў быў напоўнены карыснай занятасцю, фізкультурай і спортам, зносінамі з салдатамі і афіцэрамі. Усё гэта пазітыўна ўплывае на юнакоў. За час знаходжання ў летніку яны становяцца больш сталымі, адказнымі, самастойнымі. Асабліва значна, што да лепшага мяняюцца навучэнцы падуліковых катэгорый, — падкрэсліла Юлія Віктараўна.

Акрамя якаснага адпачынку і асобаснага станаўлення, лагер “Радзіма” служыць яшчэ і прафарыентацыяй для навучэнцаў. На справе акунуўшыся ў вайсковыя будні, часта падлеткі вырашаюць звязаць жыццё з ваеннай службай і выбіраюць адпаведную прафесію.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі