Правесці нестандартны ўрок геаграфіі

- 9:12Педагагічная майстэрня

У рамках Міжнароднай навукова­практычнай канферэнцыі “Сучасныя кірункі развіцця фізічнай геаграфіі: навуковыя і адукацыйныя аспекты ў мэтах устойлівага развіцця”, прымеркаванай да 85­годдзя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і 65­годдзя ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, прайшла педагагічная майстэрня з удзелам настаўнікаў геаграфіі агульнаадукацыйных устаноў. Педагогі абмеркавалі шляхі павышэння эфектыўнасці выкладання свайго прадмета.  

“Па прычыне вялікага аб’ёму вучэбнага матэрыялу па курсе геаграфіі ў сярэдняй школе ўзнікла неабходнасць падаваць яго блокамі. З гэтай мэтай я прыступіла да распрацоўкі дэманстрацыйных шырокафарматных табліц па ўсіх тэмах курса ў 6 класе, — адзначыла настаўніца геаграфіі Дабромысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Югаліна Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Марына Іосіфаўна Грышчук. — Пры дапамозе знакаў, сімвалаў, графічных выдзяленняў мне ўдаецца перадаваць асноўныя геаграфічныя веды. Перавод інфармацыі ў наглядную форму малюнкаў, схем і табліц са­дзейнічае разуменню і засваенню ведаў вучнямі, яны лепш арыентуюцца ў вялікім патоку вучэбнай інфармацыі і запамінаюць матэрыял. Дэманстрацыйныя табліцы рэкамендуюцца для выкарыстання на розных этапах урокаў геаграфіі, а таксама для работы на факультатыўных занятках і арганізацыі самастойнай работы з навучэнцамі. Настаўнік можа скласці па іх мноства заданняў. Вельмі карысныя такія табліцы для навучэнцаў, якім цяжка запомніць паняцці і зразумець заканамернасці і тэрміны”.

Марына Іосіфаўна прадэманстравала розныя прыёмы работы з шырокафарматнымі табліцамі і адзначыла, што ў хуткім часе яны будуць выдадзены і стануць даступнымі для набыцця.

 “Кожны з інтэрнэт­рэсурсаў сёння можна выкарыстоўваць у вучэбных мэтах, — лічыць настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Дзятлава Наталля Паўлаўна Клімец. — Але часта настаўніку для работы патрэбна штосьці сваё, арыгінальнае, чаго ён не знойдзе ў інтэрнэце. На дапамогу могуць прыйсці сэрвісы па стварэнні такога прадукту. Адзін з іх — дыск Google — воблачнае сховішча даных, якое дазваляе карыстальнікам захоўваць даныя на серверах у воблаку і дзяліцца імі з іншымі карыстальнікамі ў інтэрнэце. Тэкставы дакумент, табліцы і прэзентацыі Google дазваляюць ствараць мноства цікавых заданняў. З дапамогай форм Google можна распрацоўваць апытальнікі, анкеты, віктарыны і тэсты, а сэрвіс малюнкаў дазваляе ствараць ілюстрацыі, схемы, загружаць выявы з цвёрдага дыска камп’ютара і інтэрнэту. Геаграфію можна вывучаць, выкарыстоўваючы картаграфічныя сэрвісы Google, якія створаны на аснове малюнкаў высокага распазнавання паверхні нашай планеты з космасу. Фотакарта нашай планеты даступна з любога камп’ютара, які падключаны да інтэрнэту”.

Найбольш папулярныя сэрвісы — карты Google (Google Maps) і Google планета Зямля (Google Earth), якія з’яўляюцца як крыніцай геаграфічнай інфармацыі, так і інструментам, што дазваляе нанесці на існуючую аснову свае аб’екты. Дэманстрацыйныя магчымасці інтэрактыўных электронных карт істотна вышэйшыя, чым у друкаваных аналагаў. Пры рабоце з электроннай картай можна наблі­жаць участкі зямной паверхні для больш дэталёвага разгляду, вызначаць геаграфічныя каардынаты, вымяраць адлегласці і плошчы, адзначаць на карце турыстычныя маршруты і цікавыя месцы. Можна адправіцца ў віртуальнае падарожжа па нашай планеце, даследаваць горы, раўніны, марскія глыбіні і іншыя славутасці, праглядаць панарамныя фатаграфіі вуліц. На карты дабаўлены дадатковы матэрыял, прывязаны да тэрыторыі. Напрыклад, пры запаўненні радка “пошук” на карце з’яўляецца аб’ект, які неабходна адшукаць, ілюстрацыйны і тэкставы матэрыял.

Для выкладання з дапамогай інтэрактыўных модуляў прымяняецца LearningApps. Існуючыя модулі могуць быць непасрэдна ўключаны ў змест навучання, іх можна мя­няць ці ствараць у аператыўным рэжыме. Вэб­квест — гэта яшчэ адна ўнікальная магчымасць выкарыстання сусветнай сеткі для навучання. Квесты закранаюць пэўныя праблемы, вучэбныя прадметы і тэмы, мо­гуць быць міжпрадметнымі. Заданні вэб­квеста ўяўляюць сабой асобныя блокі пытанняў і пералікі адрасоў у інтэрнэце, дзе можна атрымаць неабходную інфармацыю. Пытанні сфармуляваны так, каб навучэнец быў вымушаны правесці адбор матэрыялу на сайтах, вылучыўшы галоўнае з той інфармацыі, якую ён знаходзіць. Персанальны сайт настаўніка — гэта яшчэ адзін інструмент, які дазволіць зрабіць працэс распаўсюджання і інтэграцыі ведаў больш эфектыўным.

“Выкарыстанне апорных канспектаў на ўроках геаграфіі спрашчае паўтарэнне і замацаванне матэрыялу, дазваляе вылучаць галоўнае і другаснае, устанаўліваць лагічныя сувязі, скарачаць колькасць вучэбнай інфармацыі да мінімуму, а таксама садзейнічае пазнавальнай самастойнасці вучняў, якія іх складаюць, — ­адзначыла метадыст Віцебскага абласнога ІРА Валянціна Уладзіміраўна Пікулік. — Апорныя канспекты добра дапамагаюць пры падрыхтоўцы да алімпіяд і ЦТ. Самы распаўсюджаны з іх — вытворчая мадэль — від алгарытму, які дазваляе праверыць канкрэтныя ўменні вучня, напрыклад, ці ўмее ён чытаць план мясцовасці па схеме. Падаваць інфармацыю можна з дапамогай блок­схем, лагічных мадэлей, тэрміналагічных гнёздаў, фрэймавай мадэлі прадстаўлення ведаў, канспект­схем з карцінкамі­вобразамі, інтэлект­карт, метаплана і яго разнавіднасці — лэпбука. Пры прадстаўленні сціслай інфармацыі важна задзейнічаць як мінімум 2­3 спосабы яе перадачы. Напрыклад, існуе спосаб падачы матэрыялу ў выгля­дзе расфарбоўкі. Схемы і апорныя канспекты можна складаць у выглядзе шасцівугольнікаў, лабірынтаў з карцінкамі, коміксаў. Модны зараз спосаб візуальнага адлюстравання інфармацыі — скетчноўтынг. Перавага ў ім аддаецца графічнай частцы з мінімальным выкарыстаннем тэксту. Выконваецца скетчноўтынг ад рукі алоўкам або каляровымі ручкамі, пры дапамозе графічнага рэдактара на персанальным камп’ютары або планшэтным ПК. Такія візуальныя замалёўкі ствараюцца па выніках вывучэння тэмы”.

“У апошнія гады папулярнасць набыла тэхналогія шасцівугольнага або гексаганальнага навучання, — гаворыць настаўніца геаграфіі ліцэя № 1 Мінска Алена Мікалаеўна Тарасёнак. — Англійскі педагог Расел Тар прапанаваў размяшчаць вучэбную інфармацыю з ключавымі паняццямі па тэме на картках­шаблонах шасцівугольнай формы (гексах). Форма картак абумоўлена тым, што яны зручна спалучаюцца паміж сабой. Задача вучняў — вылучыць ключавое слова (ідэю), знайсці і даказаць сувязь паміж паняццямі, спалучыць гексы паміж сабой, інтэрпрэтаваць матэрыял і абагульніць у пэўны сэнсавы блок. Чым больш шасцівугольнікі паміж сабой датыкаюцца бакамі, тым больш сувязей паміж імі існуе. Тэхналогія гексаганальнага навучання садзейнічае фарміраванню ў навучэнцаў уменняў працаваць з тэкставай інфармацыяй, знаходзіць у ёй вядучую ідэю, ключавое слова або паняцце, агульнае і прыватнае, прыярытэтнае і другаснае, выяўляць паміж імі ўзаемасувязі. Навучэнцы вучацца крытычна ацэньваць інфармацыю, фармуляваць вывады, візуалізаваць устаноўленыя ўзаемазалежнасці. З дапамогай тэхналогіі гексаганальнага навучання фарміруецца шэраг не толькі прадметных, але і метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў — вучэбна­пазнавальнай, інфармацыйнай, камунікатыўнай”.

Для замацавання тэмы і для работы з новым матэрыялам на ўроку настаўнік можа падрыхтаваць часткова пустыя або поўнасцю пустыя шасцівугольнікі, каб дзеці ўпісалі ў іх неабходную вучэбную інфармацыю, знайшлі паміж імі сувязі, зрабілі высновы і патлумачылі логіку сваіх разважанняў і выбудаваных камбінацый. Яшчэ больш складаная форма — работа з рознакаляровымі гексамі (колер аб’ядноўвае вучэбны матэрыял па пэўным крытэрыі). Шасцівугольнікі могуць змяшчаць не толькі тэкставую, але і ілюстрацыйную інфармацыю. Можна скласці гекс з адных карцінак і прапанаваць дзецям стварыць калаж. У ходзе работы з гексамі ўзнікаюць розныя спосабы іх спалучэння і выбудоўваюцца разнастайныя сувязі паміж імі. Настаўнік можа прадставіць навучэнцам гатовы пазл з шасцівугольнікаў і блок новай інфармацыі. Задача навучэнцаў — дапоўніць пазлы. Яшчэ адзін варыянт, калі па складзеным настаўнікам або навучэнцам з гексаў ланцугу ўзаемасувязей або залежнасцей можна прыдумаць расказ або кароткае эсэ. Эфектыўнай будзе работа з гексамі ў групах. Адна група вучняў, напрыклад, можа адшукаць лагічныя сувязі, устаноўленыя другой групай, і высветліць, што яны не заўважылі, што не выканалі.

Вядомы англійскі настаўнік гісторыі Расел Тар для таго, каб аблягчыць раздрукоўку шасцівугольнікаў, стварыў генератар гексаў у сэрвісе ClassTools.net, якім можа карыстацца кожны настаўнік. Пры выбудоўванні адукацыйнай мадэлі з дапамогай гексаў у класе працуюць усе навучэнцы, вучэбны матэрыял прачытваецца ў вучэбным дапаможніку прама на ўроку сумесна з настаўнікам, дзеці звяртаюць увагу на важныя аспекты тэмы, думаюць, каменціруюць, аналізуюць, як лепш размясціць гексы. Такім чынам у навучэнцаў актывізуецца пазнавальная дзейнасць.

Шасцівугольнае навучанне можа прымяняцца на розных этапах урока — матывацыйна­мэтавым, аперацыйна­пазнавальным, кантрольна­ацэначным, вынікова­рэфлексіўным. Можа выкарыстоўвацца ў пазаўрочнай дзейнасці.  

“Ва ўстанове адукацыі, дзе я працую, створаны неабходныя ўмовы для развіцця пазнавальнай цікавасці навучэнцаў — належнае матэрыяльна­тэхнічнае аснашчэнне адукацыйнага працэсу і арганізацыйна­метадычнае забеспячэнне, дзейнічае “электронная школа”, функцыянуе гарадскі рэсурсны цэнтр ІТ, — адзначыла настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 51 Мінска Святлана Адамаўна Шэпялькевіч. — Укараненню інавацый у адукацыйны працэс садзейнічае прымяненне тэхналогіі навучання “перавернуты ўрок” — педагагічнай мадэлі, у якой тыповая падача вучэбнага матэрыялу і арганізацыя дамашніх заданняў прадстаўлены так, што з гэтым матэрыялам, прэзентацыямі, відэасюжэтамі па тэме дзеці знаёмяцца дома. Выкарыстоўваюць пры гэтым адукацыйныя інтэрнэт­рэсурсы. Педагог можа прымацаваць адпаведныя матэрыялы ў электронны дзённік вучняў.

На працягу двух гадоў у нашай установе рэалізоўваўся інавацыйны праект, у ходзе якога праводзілася педагагічнае даследаванне па развіцці пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў з дапамогай тэхналогіі “перавернуты ўрок” з элементамі ІКТ. Улічваючы спецыфіку выкладання геаграфіі, узроставыя псіхалагічныя асаблівасці навучэнцаў, на ўроку павінна прымяняцца шмат наглядных матэрыялаў. Наяўнасць камп’ютарных праграм, свабодны выхад у інтэрнэт, сэрвісы інтэрнэту, ЭАР — вялікая дапамога для педагога пры падрыхтоўцы і правядзенні сучасных нестандартных урокаў. У сваёй рабоце выкарыстоўваю інструменты фарміруючага ацэньвання, такія як LearningApps, Kahoot, Google Forms, Quiz, што дазваляюць стварыць імгненную зваротную сувязь паміж настаўнікам і вучнем”.

Не існуе адзінай мадэлі перавернутага навучання. Гэты тэрмін шырока выкарыстоўваецца для апісання структуры практычна любых заняткаў, якія будуюцца на праглядзе вучнямі папярэдне запісаных урокаў з наступным іх абмеркаваннем у класе. Пры вывучэнні фізічнай геаграфіі ў 6 класе як дадатковы наглядны дапаможнік Святлана Адамаўна выкарыстоўвае Google­прэзентацыі. Сродкі мультымедыя дазваляюць рэалізаваць прынцып нагляднасці, зрабіць вучэбныя заняткі цікавымі і дынамічнымі, аблягчаюць запамінанне вывучанага матэрыялу, садзейнічаюць станаўленню аб’ёмных і яркіх уяўленняў.

Педагог вядзе падборку навукова­папулярных фільмаў, відэафрагментаў, мультымедыйных прэзентацый, анімацый, відэазапісаў, інтэрактыўных карт, QR­кодаў геаграфічных аб’ектаў, якія вывучаюцца. Павышэнне эфектыўнасці наглядна­вобразнага мыслення дзяцей адбываецца праз дэманстрацыю розных з’яў прыроды: утварэнне воблакаў, выпаданне ападкаў, вывяржэнне вулканаў і г.д. Мультымедыйныя тэсты, супастаўленне Google­карт дазваляюць эканоміць час на ўроку і выяўляць прычынна­выніковыя сувязі і заканамернасці. Напрыклад, карта будовы зямной кары супастаўляецца з картай форм рэльефу. Навучэнцы робяць выснову аб адпаведнасці буйных форм рэльефу пэўным структурам зямной кары. Асаблівую ўвагу настаўніца ўдзяляе выкарыстанню рэгіянальнага краязнаўчага матэрыялу. Эфектыўнасць работы з дэманстрацыйнымі матэрыяламі павышаецца, калі яны дапаўняюцца табліцамі і схемамі.

Навучэнцы 9—11 класаў актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні мультымедыйных энцыклапедый, інтэрактыўнай даведачнай інфармацыі па пэўным аб’екце прыроды з маляўнічымі фотаздымкамі, відэаролікамі, графікамі, анімацыямі і г.д. Дзеці самастойна складаюць схемы, крыжаванкі, рыхтуюць рэфераты. Бягучая і выніковая ацэнка ведаў і кампетэнцый навучэнцаў ажыццяўляецца ў выглядзе тэстаў, практычных работ, самастойных і праверачных работ і тэматычнага кантролю.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.