Правілы для жыцця асвойваюць школьнікі Клічава

- 16:19Новости, Шестой день

Каб захаваць здароўе і жыццё, трэба ведаць, як гэта рабіць. Школьнікі Клічава на вучобу па такой важнай тэме па суботах ходзяць у Клічаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэтая ўстанова стала пляцоўкай цэнтра бяспекі, дзе захаваць сваё здароўе школьнікам горада і раёна дапамагаюць спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, энерганагляду, медыцынскія работнікі і інш. Заняткі яны праводзяць у гульнявым і інтэрактыўным фарматах, што спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу.

Цэнтр аснашчаны сучаснымі стэндамі і абсталяваннем. Карыстаючыся імі, дзеці вучацца паводзінам на вадзе і ў лесе, засвойваюць правілы карыстання газам, даведваюцца пра небяспечнае выкарыстанне электрапрыбораў, а на прыкладзе спецыялізаванага трэнажора, які яны назвалі Максімам, пад кіраўніцтвам фельчара адпрацоўваюць медыцынскія навыкі — вымяраюць ціск і пульс, робяць перавязкі і штучнае дыханне, накладваюць шыны на пераломы.

Ала Пятроўская, настаўніца рускай мовы сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса Клічава, часта прыводзіць у цэнтр сваіх навучэнцаў. Яна адзначае:

— Самае каштоўнае, што аб правілах бяспекі школьнікам расказваюць не настаўнікі, а прадстаўнікі розных структур. Прычым яны даюць не толькі тэорыю, але і на практыцы вучаць, чаго рабіць нельга і як дзейні­чаць, калі бяда ўжо здарылася. Спецыялісты прыводзяць канкрэтныя прыклады са сваёй практыкі, калі няшчасце здаралася з такімі ж дзецьмі, як нашы вучні.

Асабліва цікава працуюць маладыя спецыялісты. Так, мы з дзецьмі вельмі любім заняткі Сяргея Гумінскага, супрацоўніка РАНС. Ён прайгравае з навучэнцамі тыя сітуацыі, якія могуць узнікнуць у іх жыцці. Напрыклад, вучыць тэлефанаваць у пажарную часць і рабіць паведамленне, прычым іх дыялогі максімальна набліжаны да рэальнасці. Дзеці вучацца рабіць гэта цяпер, каб не разгубіцца пры рэальнай небяспецы.

Каб школьнікі хадзілі на экскурсіі з задавальненнем і кожны раз адкрывалі для сябе новае, супрацоўнікі вынаходзяць розныя формы інтэрактыву, каб вучням было цікава і яны выходзілі ад іх з новымі ведамі і замацаванымі навыкамі. Гэтыя людзі не аніматары і нават не педагогі, але ведаюць, як зацікавіць дзяцей, выкарыстоўваюць і нагляднасць, і тактыльнасць. Настаўнікі ўпэўнены, што гэта не проста цікава праведзены час, а ўпэўненасць у бяспецы вучняў.

 Святлана НІКІФАРАВА