Правядзенне міжнародных медыясустрэч — прызнанне дасягненняў краіны ў сферы развіцця незалежных СМІ

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Азербайджан за апошнія гады дабіўся вялікіх поспехаў у развіцці многіх сфер, у тым ліку СМІ. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у Баку на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця V Сусветнага кангрэса агенцтваў навін і ХVI Генеральнай асамблеі Арганізацыі інфармацыйных агенцтваў краін Азіі і Ціхага акіяна (ОАNA).

“Сёння Азербайджан з’яўляецца сучаснай краінай з дынамічным развіццём, якая мае вялікі патэнцыял. Усе нашы эканамічныя праграмы ажыццяўляюцца. За апошнія 30 гадоў азербайджанская эканоміка вырасла больш як у 3 разы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што сучасны Азербайджан з’яўляецца добрым прыкладам мультыкультуралізму.

Ільхам Аліеў асабліва адзначыў, што Азербайджан з’яўляецца краінай, якая карыстаецца на міжнароднай арэне рэпутацыяй надзейнага і ўзважанага партнёра. Азербайджан актыўна працуе ў міжнародных арганізацыях, адстойваючы прынцыпы справядлівасці, а таксама праводзіць незалежную знешнюю палітыку, заснаваную на нацыянальных інтарэсах і не накіраваную супраць кагосьці.

Той факт, што цяперашнія міжнародныя медыясустрэчы праводзяцца менавіта ў Баку, з’яўляецца пэўным прызнаннем дасягненняў Азербайджана ў сферы развіцця незалежных СМІ, падкрэсліў Ільхам Аліеў.

На мерапрыемствы ў Баку былі запрошаны кіраўнікі і прадстаўнікі больш як 100 агенцтваў навін, якія вызначаюць асноўныя напрамкі інфармацыйнай палітыкі ў свеце, міжнародныя эксперты па медыя, службовыя асобы ААН і ЮНЕСКА, а таксама прадстаўнікі рэгіянальных медыяструктур.

На сесіях кангрэса, які праводзіцца пад дэвізам “Новыя выклікі для агенцтваў навін”, прайшлі дыскусіі на такія актуальныя тэмы, як “Будучыня спажывання інфармацыі”, “Агенцтвы навін — выклікі і магчымасці новых тэхналогій у сацыяльных медыя”, “Інавацыя агенцтваў навін”, “Навучанне журналістаў для будучага мультымедыя”, “Абарона місіі журналістаў: свабода, магчымасць выхаду, бяспека і зоны канфліктаў”, абмеркаваны праблемы журналістыкі, якая зведвае імклівую трансфармацыю ў новым тысячагоддзі, формы супрацоўніцтва паміж рознымі платформамі сацыяльных медыя з агенцтвамі навін.

У пасяджэнні Генеральнай асамблеі OANA, якое прайшло 18 лістапада, прыняло ўдзел больш за 80 кіраўнікоў і прадстаўнікоў 40 агенцтваў.

Сусветны кангрэс агенцтваў навін упершыню быў праведзены ў Маскве 24—25 верасня 2004 года. У далейшым кангрэсы прайшлі ў Іспаніі, Аргенціне і Саудаўскай Аравіі.