Падчас рэпетыцыі неабходна адпрацаваць алгарытм узаемадеяння ўсіх удзельнікаў, азнаёміць навучэнцаў з працэдурай правядзення даследавання. На пачатку верасня будуць вызначаны ўстановы адукацыі, якія прымуць удзел спачатку ў рэпетыцыі, а потым і ў “НИКО-2026”, паведаміла прадстаўнік Акадэміі адукацыі Марыя Гарбунова падчас адзінага метадычнага рэспубліканскага семінара-нарады “Перспектывы развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў 2025/2026 навучальным годзе”.

— Работы “НИКО” ў першую чаргу правяраюць здольнасць бачыць і вырашаць жыццёвыя праблемы, спецыяльна змадэляваныя ў заданнях. Вядома, прадметныя веды важныя і патрэбныя, але іх роля ўсё ж не вырашальная, а суправаджальная, — адзначыла метадыст сектара суправаджэння “НИКО” і міжнародных даследаванняў якасці адукацыі цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Акадэміі адукацыі Марыя Гарбунова. — Вучэбныя сітуацыі, якія прапаноўваюцца навучэнцам, уключаюць 7—8 заданняў. Абавязковым элементам вучэбнай сітуацыі з’яўляецца пастаноўка праблемы, якая фармулюецца ва ўводзінах. Усе заданні ў сітуацыі аб’яднаны агульнай тэмай. Чытаючы заданні, навучэнец павінен зразумець, як яму неабходна аднесціся да тэксту: прачытаць уважліва, прааналізаваць ці прабегчыся вачыма. Важна памятаць, што і ілюстрацыі да тэксту могуць несці канкрэтную інфармацыю, а таксама выкарыстоўвацца для стварэння эмацыянальнага настрою.
Інфармацыю пра ўзоры заданняў, іх структуру, асаблівасці выканання можна знайсці на нацыянальным адукацыйным партале. З мэтай падрыхтоўкі да “НИКО” Акадэмія адукацыі праводзіць для педагогаў вучэбныя семінары па пытаннях фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі





