Драгічынскія гімназісты не толькі актыўна ўдзельнічаюць у розных сеткавых праектах, але і перамагаюць у іх. Па выніках міжнароднага сеткавага праекта па інфарматыцы “Дэтэктыўнае агенцтва містара G”, арганізаванага ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках дыстанцыйнага міжнароднага марафону “Купалаўскія праекты”, каманда драгічынскіх вучняў заняла 1-е месца.
У сеткавым праекце ўдзельнічалі школьнікі з Беларусі, Расіі і Чарнагорыі, — расказала настаўніца інфарматыкі І.Л.Шаляговіч з гімназіі Драгічына. — У склад нашай каманды ўвайшлі дзевяцікласнікі Ганна Гладкая, Сямён Зіновіч, Ілья Крэйдзіч, Яна Церашчук, Ксенія Туцкая, Ілья Ферулёў і Ірына Шалай. Сеткавы праект уключаў 5 этапаў. Удзельнікі чыталі творы Артура Конан-Дойла і выконвалі на іх аснове творчыя заданні з дапамогай сэрвісаў Google. Вучні зашыфроўвалі свае пасланні і разгадвалі чужыя, стваралі апытальнікі-інтэрв’ю для містара G у формах Google, пакідалі меткі і пракладвалі маршруты на Google-карце, пісалі справаздачнае эсэ “Літаратура + інтэрнэт = ?” у Google-дакументах, удзельнічалі ў флэшмоб-прэзентацыі “Дэтэктывы і не толькі — у маёй бібліятэцы”. Заключным этапам праекта стала стварэнне сайта каманды з работамі гімназістаў.
Арганізатары інтэлектуальнага спаборніцтва прадугледзелі таксама дадатковыя заданні для адораных вучняў у рубрыцы “Заданні для геніяльнага сышчыка”. Ілья Ферулёў паспяхова справіўся з імі і перамог у гэтай намінацыі.
— Заданні дапамаглі бліжэй пазнаёміцца з сэрвісам Google+ і навучыцца складаць QR-коды, — падзяліўся юнак. — Я не толькі даведаўся, што такое інфаграфіка, але і стварыў яе, вывучыўшы прапанаваную праграму. Вялікую цікавасць выклікала і афармленне чытацкага дзённіка, дзе неабходна было праявіць фантазію.
Бацькі вучняў актыўна абмяркоўвалі на інтэрнэт-форуме каманд-удзельніц вынікі спаборніцтва: “Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, мой сын яшчэ больш захапіўся літаратурай. Праект пашырыў веды і кругагляд дзяцей, навучыў іх працаваць у камандзе”, “Вялікі дзякуй арганізатарам, што звязалі праект з мастацкай літаратурай, цікавасць да якой у сучаснай моладзі даволі нізкая. Важна, каб дзеці выкарыстоўвалі камп’ютар для атрымання новых ведаў”.
— Прыемна, што захапленні падлеткаў гаджэтамі і інтэрнэтам можна скіраваць у карыснае рэчышча, — адзначыла І.Л.Шаляговіч. — Дзеці навучыліся ўсвядомлена працаваць у сетцы і выкарыстоўваць розныя Google-сэрвісы, развілі і ўдасканалілі навыкі эфектыўнай сеткавай камунікацыі. Радуе, што пры выкананні заданняў гімназісты праявілі творчы падыход. У адрозненне ад алімпіяд сеткавы праект дае карысныя веды і ўменні ў ІТ-тэхналогіях большай колькасці вучняў.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.