Праз інтэлект і інавацыі да поспеху

- 11:13Адукацыйная прастора

У Маскоўскім раёне Брэста падвялі вынікі І раённага метадычнага фестывалю “Інтэлект. Інавацыі. Поспех”. У мерапрыемстве, арганізаваным вучэбна-метадычным кабінетам Маскоўскага раёна Брэста, прыняло ўдзел больш за 600 педагогаў. Ганараванне лепшых з іх адбылося ў сярэдняй школе № 26.

— Ад эфектыўнасці метадычнай работы залежыць выніковасць дзейнасці ўстаноў адукацыі, прафесіяналізм педагогаў і паспяховасць вучняў, — расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета І.Л.Акімава. — Педагогі павышаюць метадычнае майстэрства праз раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні, творчыя і праблемныя групы, пастаянна дзеючыя семінары, клубы, рэсурсны цэнтр па выхаваўчай дзейнасці, школы маладога настаўніка, рэзерв кіраўніцкіх кадраў і ўдасканаленне педагагічнага майстэрства.
68% педагогаў Маскоўскага раёна Брэста маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна працуюць два настаўнікі-метадысты — настаўніца хіміі Святлана Сяргееўна Мелехавец і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Іванаўна Данілюк.

Адным з важных напрамкаў работы ўстаноў адукацыі, прафесійнага росту і творчага пошуку педагогаў з’яўляецца інавацыйна-эксперыментальная дзейнасць, звязаная з актыўным укараненнем аўтарскіх методык навучання і выхавання: “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі” (яслі-сад — пачатковая школа № 6), “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (яслі-сад № 72), “Укараненне мадэлі фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў сродкамі інтэрактыўных метадаў навучання біялогіі, фізікі і хіміі” (гімназія № 2), “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці вучняў на аснове вывучэння духоўнай і культурнай спадчыны” (сярэдняя школа № 29), “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай прафарыентацыі як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы” (сярэднія школы №№ 22 і 31), “Укараненне мадэлі выхаваўчай работы па сацыякультурнай інтэграцыі вучняў-мігрантаў і іх законных прадстаўнікоў у працэсе адаптацыі да новых сацыяльных умоў” (сярэдняя школа № 3) і інш.

Па словах І.Л.Акімавай, метадычны фестываль праводзіўся з мэтай фарміравання інтэлектуальнага лідарства і развіцця інавацыйнага мыслення педагогаў, падтрымкі і распаўсюджвання эфектыўнай педагагічнай практыкі і ініцыятыў у рамках Года навукі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі настаўнікі і выхавальнікі, але і кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

— Толькі паспяховы настаўнік можа падрыхтаваць паспяховага вучня, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў. — Інтэлектуальны і творчы патэнцыял педагогаў Брэста дазваляе рабіць адукацыю якаснай, а дзяцей паспяховымі.

Высокіх вынікаў у трансляцыі эфектыўнага вопыту праз выдавецкую дзейнасць дасягнулі настаўнікі хіміі Святлана Сяргееўна Мелехавец з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і Уладзіслаў Эдуардавіч Лупакоў з сярэдняй школы № 10, настаўнікі англійскай мовы Ірына Канстанцінаўна Ячнік з сярэдняй школы № 25 і Наталля Сямёнаўна Малафейчык з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, настаўнікі пачатковых класаў Наталля Аляксандраўна Ваўранчук і Ларыса Валянцінаўна Прапушняк з сярэдняй школы № 7, а таксама настаўніца абслуговай працы Ірына Генадзьеўна Мятла з сярэдняй школы № 25.

Падчас святочнага мерапрыемства 124 педагогі і кіраўнікі атрымалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені за цікавыя адкрытыя ўрокі, праекты, метадычныя матэрыялы па самаадукацыі і выхаваўчай рабоце, абагульненне эфектыўнай педагагічнай практыкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.