Праз рух да станоўчых эмоцый і раскрыцця талентаў. Як настаўнік фізкультуры з Вензаўца захапляе сваім прадметам

- 9:00Главная, Образование

Як навучыць дзяцей захоўваць сваё здароўе, прыцягнуць іх да ўсвядомленых заняткаў фізічнай культурай і спортам? Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў Сяргей Карнелік, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вензавецкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.

— Адной з галоўных задач у сваёй рабоце я бачу змяненне падыходу і адносін да заняткаў фізічнай культурай і спортам як у саміх дзяцей, так і ў іх бацькоў, калег, — гаворыць педагог. — Таму я імкнуся падтрымліваць цікавасць да прадмета праз асабісты прыклад, вучыць таму, што ведаю і ўмею сам. Быць настаўнікам фізкультуры — гэта значыць заўсёды быць у добрай фізічнай форме, умець захапіць сваім прадметам і выхаваць веру ў сябе. На жаль, сярод педагогаў існуе меркаванне, што ўрок фізкультуры — гэта звычайны ўрок, дзе галоўнае — хутка бегаць, скакаць, гуляць і выконваць практыкаванні. Яшчэ ўчора я пагадзіўся б з гэтым. Але сёння заняткі фізкультурай для мяне — гэта час, адведзены на зносіны з дзецьмі, але зносіны незвычайныя: праз рух да станоўчых эмоцый і раскрыцця талентаў. Ёсць і канкрэтныя вынікі. Пяць вучняў школы ўключаны ў склад зборных каманд раёна па розных відах спорту, тры — у склад зборных вобласці.

Пры выбары фізічных практыкаванняў педагог улічвае ўзроставыя асаблівасці і магчымасці дзяцей. Для матывацыі выкарыстоўвае музычнае суправаджэнне, кароткія відэафрагменты, наглядна паказ­вае элементы некаторых практыкаванняў, сюжэты пра гісторыю развіцця спорту і сучасных спартсменаў.

Сяргей Карнелік сёлета стаў лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

З дапамогай псіхалагічных практыкаванняў, аўтатрэнінгаў настаўнік даказвае вучням, чаму важна быць спрытнымі і моцнымі. Вядома, што фізічныя практыкаванні могуць замяніць мноства лекаў, але ні адны лекі ў свеце не могуць замяніць фізічныя практыкаванні.

— У вучэбнай праграме па фізічнай культуры і здароўі з 5 па 11 клас вывучаецца раздзел “Спартыўныя гульні”, — адзначае настаўнік. — Яны ж уключаны ў праграму спартакіяды школьнікаў. Баскетбол — адна з самых хуткіх па тэмпе спартыўных гульняў, для якой неабходны такія фізічныя якасці, як хуткасць, вынослі­васць, спрыт, сіла. Важна, каб спачатку баскетбол спадабаўся вучню. Калі дзіця ўпершыню бярэ ў рукі мяч, даю яму магчымасць пагуляць самастойна, “як атрымліваецца”, “як умееш”. Галоўнае — не перашка­джаць іншым. Многім падабаюцца складаныя рухальныя дзеянні. Але, напрыклад, паказаўшы спачатку спосаб вядзення мяча пад нагой, даю падрыхтоўчыя практыкаванні ў парадку іх ускладнення. Аднойчы заўважыў, што навучэнцы 5—6 класаў не праяўля­юць належнай цікавасці да шмат­разовага выканання фізічных практыкаванняў па адпрацоўцы тэхнікі перадачы, лоўлі і вя­дзення мяча, правіл перамяшчэння гульцоў па пляцоўцы. Знайшоў самы дзейсны метад, каб пераадолець гэта, — уключыў у змест урокаў рухавыя гульні. І навучэнцы адразу ж забыліся пра стомленасць, пачалі з жаданнем займацца.

Рухавыя гульні настаўнік прымяняе на ўсіх этапах урока. У падрыхтоўчай частцы гэта гульні на развіццё ўвагі, матывацыі, пачуцця калектывізму. У асноўнай — гульні на развіццё фізічных якасцей, авалоданне рухальнымі навыкамі і ўменнямі. У заключнай частцы  — гульні, якія дапамагаюць зніжаць фізічную нагрузку.

Рухавыя гульні развіваюць навыкі перадачы мяча, вядзення яго без зрокавага кантролю. Дзеці вучацца бачыць пляцоўку, хутка прымаць патрэбнае рашэнне, арыентавацца ў абстаноўцы, якая ўвесь час мяняецца, сачыць за перамяшчэннем партнёраў і сапернікаў. Такія гульні з’яўляюцца пераходным мосцікам ад пачатковага навучання тэхнічным прыёмам да самой гульні ў баскетбол. Для замацавання перадач Сяргей Міхайлавіч выкарыстоўвае набіўныя мячы рознай вагі.

Фізкультура павінна дарыць радасць, якая нараджаецца праз гульню, зносіны, дапамогу, паразуменне. Мой вопыт дазволіў з’яднаць класы, стварыць каманду, хай не спартыўную, але каманду з вялікай літары, у якой ёсць узаемападтрымка. Энергія дзяцей невычэрпная — трэба толькі накіроўваць яе ў патрэбнае рэчышча.

Найбольш эфектыўнымі пры засваенні тэмы “Баскетбол” у 5—6 класах аказаліся наступныя рухавыя гульні: “Толькі свайму”, “Квач з мячом”, “Квач парны”, “Эстафета каля сцен”, “Гонка мячоў у калонах”, “Перадаў — сядай”, “Не давай мяч таму, хто водзіць”, “У дзясятку”, “Кідкі ў парах”, “Дваццаць адзін”, “Збор бульбы”, “Святлафор”, “Мяч капітану”, “Перахватчыкі”, “Мяч сярэдняму”, “Квач”, “Баскетбол з надзіманым мячом”, “Нападаюць пяцёркамі”, “Квач спінай да шчыта”, “Па купінах”, “З адскокам ад шчыта”, “40 пападанняў”.

— Паміж рухавымі гульнямі і іншымі практыкаваннямі, уключанымі ва ўрок, павінна быць забяспечана цесная арганізацыйна-метадычная пераемнасць і ўзаемасувязь, — падкрэслівае настаўнік. — На адным і тым жа ўроку непажадана сумяшчаць вывучэнне новага матэрыялу з развучваннем новай гульні. Трэба правільна вызна­чаць месца гульні сярод іншых практыкаванняў і ўлічваць магчымую яе працягласць: праводзіць яе, напрыклад, у якасці размінкі перад гульнямі са значнымі мышачнымі нагрузкамі.

Пры выкладанні тэарэтычных пытанняў Сяргей Міхайлавіч заўсёды падбірае матэрыял, накіраваны на выхаванне ў вучняў пачуцця гордасці за беларускі народ, расказвае пра дасягненні беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях. Педагог право­дзіць дні здароўя, спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Іх абавязковым элементам з’яўляецца ўзняцце сцяга і выкананне гімна Рэспублікі Беларусь

***

Сяргей Карнелік распрацаваў картатэку рухавых гульняў да ўрокаў, праводзіць майстар-класы на раённым і абласным узроўнях. У перспектыве плануе стварыць зборнік рухавых гульняў па тэме “Баскетбол” у 5—11 класах.

 Гульня “Квач” на замацаванне і ўдасканаленне навыку перамяшчэння гульца.

 Два гульцы, перадаючы мяч адзін аднаму, імкнуцца дагнаць і “асаліць” мячом гульца, які ўцякае (нельга кідаць мяч у гульца і рабіць больш за два крокі з мячом). Той, да каго дакрануліся, далучаецца да квача. Гульня працягваецца, пакуль не дакрануліся да ўсіх удзельнікаў.

Гульня “Мяч сярэдняму” на замацаванне і ўдасканаленне навыкаў лоўлі і перадачы мяча.

Для правядзення гульні патрабуюцца два баскетбольныя мячы. Гульцы дзеляцца на дзве роўныя каманды, кожная з якіх строіцца ў круг на адлегласць выцягнутых рук або шырэй. Гульцы ў абодвух кругах разлічваюцца па нумарах. Першыя нумары становяцца ў сярэдзіну сваіх кругоў з мячом у руках. Па сігнале цэнтральныя гульцы ў кругах кідаюць мяч другім нумарам, атрымліваюць ад іх мяч назад, кідаюць трэцім і зноў атрымліваюць назад і г.д. Калі цэнтральны гулец прымае мяч ад апошняга гульца, ён перадае яго другому гульцу і мяняецца з ім месцамі. Гульня заканчваецца, калі ўсе пабывалі ў ролі цэнтральнага гульца.

Гульня “Збор бульбы” на замацаванне і ўдасканаленне навыку вядзення мяча.

На адлегласці дваццацітрыццаці крокаў ад кожнай калоны намалявана пяць кружкоў. Па сігнале капітаны каманд бягуць з вядзеннем мяча да кружкоў і са­джаюць бульбу па адной у кожны, затым вяртаюцца і перада­юць мяшочак наступнаму гульцу, які, узяўшы яго, бяжыць збіраць бульбу, і г.д.

Гульня “40 пападанняў” на замацаванне і ўдасканаленне навыку кідка па кольцы.

Усе гульцы дзеляцца на чатыры каманды, па дзве —  на кожны асноўны шчыт. У першых нумароў — па мячы. Гульцам трэба ў суме пара­зіць кольца 40 разоў — па 10 пападанняў з чатырох розных кропак. За кожнае пападанне налічваецца 1 ачко. Пасля 10 удалых кідкоў удзельнікамі адной з каманд аб’яўляецца пераможца першай серыі кідкоў і падлічваецца колькасць пападанняў. Затым каманды мяняюцца месцамі, гульня працягваецца. Неабходна выконваць умову: гулец, які кінуў мяч, павінен злавіць яго, не дазволіўшы ўпасці на зямлю, незалежна ад таго, трапіў ён у кошык ці не, і перадаць мяч партнёру. За кожнае падзенне мяча на пляцоўку каманда пазбаўляецца 1 ачка.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара