“Хтосьці сказаў, што кожны чалавек — гэта цэлы свет… І ў нашай школе вучацца вельмі розныя дзеці: у кожнага сваё ўяўленне пра дабро і зло, прыгажосць і шчасце. Але якімі б мы ні былі рознымі, ёсць адзінае, што нас аб’ядноўвае, — гэты дом, куды мы прыходзім кожны дзень, дом, імя якому — школа! Дом, дзе ў душы дзяцей кожны дзень уліваецца каласальны паток звестак і пачуццяў.
Дом, дзе пачынаецца станаўленне асобы дзіцяці”.
Такімі цёплымі словамі вітае наведвальнікаў сайта ўстановы адукацыі Галіна Мікалаеўна Бухавец — дырэктар Аюцавіцкай базавай школы Карэліцкага раёна.
Сапраўдным домам стала для Галіны Мікалаеўны школа ў вёсцы Аюцавічы, куды яна прыйшла на работу маладым спецыялістам 38 гадоў назад. І ўжо 28 гадоў яна ўзначальвае калектыў аднадумцаў, настаўнікаў з вялікай літары, якія не толькі нясуць дзецям святло навукі і закладваюць у маленькія душы любоў да сваёй Радзімы, да роднай вёсачкі, а і стварылі атмасферу дома ў невялічкай школе, дзе сёння ўтульна і педагогам, і вучням.
Галіна Мікалаеўна родам з Карэліччыны, скончыла Пагарэлкаўскую сярэднюю школу. У дзяцінстве марыла стаць настаўніцай, але яе мама, якая працавала тэхнічным работнікам у школе і бачыла цяжкую работу настаўнікаў, адгаворвала дачку. Аднак мара дзяўчынкі здзейснілася: паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут і стала настаўніцай біялогіі і хіміі. Успамінае, што на гэты выбар паўплывала яе класны кіраўнік Святлана Мікалаеўна Шаўчэнка, якая выкладала хімію і прывіла любоў да гэтага прадмета. Пасля заканчэння інстытута захацела быць бліжэй да мамы, дапамагаць ёй. Так і трапіла ў Аюцавіцкую школу.
Не ўсё атрымалася адразу, малады спецыяліст вельмі хвалявалася, што не справіцца, не хопіць ведаў. Але ў школе не пакінулі сам-насам з цяжкасцямі, старэйшыя калегі падтрымалі. Так паступова і вучылася ў іх, набіралася вопыту. Менавіта калегі і прапанавалі заняць пасаду дырэктара школы. Калі папярэдні кіраўнік пайшла на заслужаны адпачынак, калектыў прагаласаваў за кандыдатуру Галіны Бухавец. Былі на той момант і нерашучасць, і боязь не справіцца, і свае яшчэ маленькія дзеці патрабавалі ўвагі, але людзі выказалі давер, так што трэба было яго апраўдваць. Да таго ж нельга было падвесці вельмі паважанага папярэдняга кіраўніка Зінаіду Мікалаеўну Садоўскую. Так Галіна Бухавец і стала маладым дырэктарам школы ў 33 гады.
Галіна Мікалаеўна ўспамінае, што, акрамя выкладання сваіх прадметаў, арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу ў школе, прыйшлося займацца рамонтам будынка, пячным ацяпленнем і іншымі гаспадарчымі справамі. А ў 2000 годзе школа пераехала ў новы будынак. Умовы для вучобы палепшыліся, а вось тэрыторыя вакол не радавала вока. Трэба было прыкласці нямала сіл, каб добраўпарадкаваць яе, азеляніць. У работу ўключыліся педагогі і супрацоўнікі школы, вучні і іх бацькі. Менавіта тады ўпершыню і з’явілася жаданне больш увагі ўдзяліць экалагічнаму напрамку ў навучанні, выхаванні школьнікаў.
У 2004 годзе, калі ўстанова адукацыі становіцца базавай школай — дзіцячым садам, за ёй ужо замацоўваецца статус школы з экалагічным ухілам.
— Работы было шмат, трэба было падтрымліваць статус. Распрацоўвалі праграмы, па якіх экалагічны напрамак укараняўся ў любы прадмет: матэматыку, фізіку, мовы і іншыя, працавалі экалагічныя факультатывы, — расказала Г.М.Бухавец. — Наладзілі сувязі з экалагічным цэнтрам Мінска, абменьваліся вопытам са школамі, якія таксама працавалі ў гэтым напрамку. У выніку не толькі добраўпарадкавалі тэрыторыю школы, але і адкрылі экалагічны клас і краязнаўчы музей, заклалі пладовы сад, дэндрарый, зрабілі ракарый і штучны вадаём, сад пачуццяў. Кожны клас распрацоўваў свой праект па азеляненні. Тэрыторыя школы набыла вельмі прывабны выгляд і сёння радуе вока не толькі вяскоўцаў, яны прыводзяць падзівіцца на прыгажосць сваіх гасцей.
Школа неаднаразова станавілася пераможцай конкурсу “Квітней, мой край” і іншых абласных і раённых. Закладзеныя традыцыі жывуць і сёння. Цяпер у школе займаецца 31 вучань, што для адной вёскі не так і мала.
— У нас практычна індывідуальнае навучанне, — лічыць дырэктар. — Нават самы слабенькі вучань вымушаны адказваць каля дошкі кожны дзень, і настаўнік можа ўдзяліць увагу ўсім сваім выхаванцам. Таму дзеці атрымліваюць добрую адукацыю, паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а затым і вышэйшай. Дапамагае сучаснае матэрыяльнае забеспячэнне. Вельмі важна, што ў нас працуе творчы калектыў кваліфікаваных педагогаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце інфармацыйныя тэхналогіі, стараюцца, каб дзеці атрымалі веды не горш, чым у горадзе.
Галіна Мікалаеўна ганарыцца, што выпускнікі школы паступаюць у сельскагаспадарчыя, педагагічныя ўстановы, атрымліваюць прафесіі і вяртаюцца на работу ў родныя мясціны. У Аюцавіцкай школе таксама працуюць педагогамі дзве былыя выпускніцы.
— Самае галоўнае, што мы стараемся выхаваць у дзецях, — любоў да Радзімы, — падкрэслівае Галіна Бухавец. — Пасля таго як вучні прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, пачалі прыводзіць у парадак і свае двары, высаджваць дрэвы і кветкі. І гэта таксама патрыятычнае выхаванне: у дзяцей з’явілася жаданне зрабіць больш прыгожым свой куточак. Мы вучым нашых выхаванцаў беражліва адносіцца да прыроды, любіць сваю малую радзіму, Беларусь.
За доўгія гады працы Г.М.Бухавец неаднаразова атрымлівала ўзнагароды Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі Гродзенскага абласнога і Карэліцкага раённага выканкамаў, Савета дэпутатаў. Установа адукацыі прызнавалася “Брэндам адукацыі” ў вобласці сярод базавых школ, а дырэктар атрымлівала званне “Кіраўнік года” Карэліччыны. Сакрэт поспеху, на думку дырэктара, — у дружным калектыве, які стаў сапраўднай сям’ёй.
— Я кожны дзень іду на работу з задавальненнем, бо ведаю, што там мяне сустрэнуць цікаўныя вочы дзяцей, мой любімы дружны калектыў, — прызнаецца Галіна Мікалаеўна. — У нашай невялікай школе няма завучаў, а трэба выконваць тыя ж задачы, што і ў вялікай установе, таму спадзявацца прыходзіцца на настаўнікаў, яны дапамагаюць мне ва ўсім. Дзякуючы такому згуртаванаму калектыву і ўдаецца падтрымліваць добры ўзровень адукацыйнага працэсу. Ёсць над чым працаваць і далей, імкнуцца адчуваць сябе патрэбным і школе, і грамадству, і сваёй Радзіме.
Галіна Мікалаеўна ведае кожнага выпускніка школы, сённяшняга вучня і тых, хто толькі збіраецца прыйсці ў першы клас. Радуецца, калі выпускнікі наведваюць школу, дзякуюць за атрыманыя веды і выхаванне. Ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта такі шлях. Падтрымлівае ва ўсім і ўласная сям’я: муж, дзве дачкі і зяці, падрастаюць чацвёра ўнукаў.
На маё пытанне, што кіраўнік школы, педагог з вялікім стажам пажадала б маладым спецыялістам, якія рыхтуюцца прыйсці ў школу ці ўжо сустрэліся са сваімі першымі вучнямі, адказала:
— Любіць дзяцей. У нашай прафесіі гэта галоўнае. Без любові да дзяцей не трэба ісці ў педагогі. Калі ты любіш сваіх вучняў, то будзеш старацца зрабіць для іх усё: і цікава ўрок правесці, і мерапрыемства арганізаваць, тады і дзеці да цябе пацягнуцца. Не трэба баяцца цяжкасцей, на дапамогу заўсёды прыйдуць вопытныя калегі. І канечне, павінна быць пачуццё адказнасці, цярпенне, а яшчэ аптымізм. З любога становішча можна знайсці выхад, трэба толькі верыць у гэта. І ўсё атрымаецца.
Ірына АНІКЕВІЧ.