Прэміі аблвыканкама — лепшым вучням і педагогам

- 10:45Адукацыйная прастора

69 вучняў — пераможцаў заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сталі лаўрэатамі прэміі Брэсцкага аблвыканкама. Школьнікі і педагогі, якія займаліся падрыхтоўкай вучняў, атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук старшыні абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцава, намесніка старшыні аблвыканкама А.І.Вялічкі і начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкага падчас урачыстай цырымоніі на сцэне Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.

С.Д.Ашмянцаў адзначыў, што поспехі ў алімпіядным руху пацвярджаюць, што ў нас разумная, мэтанакіраваная, ініцыятыўная і творчая моладзь. Падтрымка адораных вучняў з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, бо ад развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу краіны залежыць яе будучыня. З 2006 года Брэсцкі аблвыканкам уручае прэміі таленавітым юнакам і дзяўчатам, а таксама настаўнікам, якія эфектыўна працуюць.

У заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды ўдзельнічалі 192 прадстаўнікі Брэстчыны. 69 з іх вярнуліся з дыпломамі рознай вартасці. На жаль, колькасць пераможцаў у параўнанні з мінулымі гадамі скарацілася. Так, летась іх было 76.

Лепш за ўсё выступілі каманды па геаграфіі (13 дыпломаў і 1-е агульнакаманднае месца) і інфарматыцы (8 дыпломаў і 3-е агульнакаманднае месца). Найбольшая колькасць дыпломаў — на рахунку вучняў Брэста (21), Баранавіч (19) і Лунінецкага раёна (9). Гэтыя рэгіёны з году ў год рыхтуюць шмат пераможцаў алімпіяднага руху. Сярод устаноў адукацыі варта асабліва вылучыць гімназію № 1 Брэста (10 дыпломаў), Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава (6), гімназію № 3 Баранавіч (5), ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (4), сярэднюю школу № 2 Лунінца (3), сярэднюю школу № 12 Пінска (3) і Мікашэвіцкую гімназію імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна (3).

Радуе, што на Брэстчыне шмат вучняў, якія з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на працягу некалькіх гадоў запар: Антон Засімук з гімназіі № 1 Брэста (геаграфія), Андрэй Некрашэвіч і Кірыл Гулін з сярэдняй школы № 2 Лунінца (інфарматыка), Настасся Пузікава з гімназіі № 2 Баранавіч і Кацярына Крэйдзіч з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (руская мова), Настасся Рэська з гімназіі Іванава (хімія). 7 прадстаўнікоў вобласці ўваходзяць у склад каманды Беларусі для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах. Так, па выніках 51-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі, якая напрыканцы красавіка праходзіла ў Астане (Казахстан), адзінаццацікласніца Настасся Рэська з гімназіі Іванава заваявала сярэбраны медаль.

Поспехі алімпіяднікаў — заслуга педагогаў-прафесіяналаў. На працягу многіх гадоў эфектыўна працуюць з адоранымі вучнямі настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніца геаграфіі Алена Арнольдаўна Сакалоўская і настаўніца інфарматыкі Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч з гімназіі № 1 Брэста, настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца, настаўніца геаграфіі Алена Пятроўна Шымчык з гімназіі № 3 Баранавіч, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Надзея Галакціёнаўна Галушка з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і настаўніца хіміі Ала Васільеўна Таболіна з гімназіі Іванава.

А.В.Таболіна працуе ў гімназіі Іванава 7 гадоў. Настаўніца дасканала валодае методыкай выкладання хіміі, метадамі даследчай работы і прыёмамі рашэння нестандартных задач. Усё гэта дазваляе якасна рыхтаваць вучняў да прадметнай алімпіяды. Эфектыўны вопыт Алы Васільеўны адлюстраваны на старонках “Настаўніцкай газеты” і часопісаў “Народная асвета” і “Хімія: праблемы выкладання”. Педагог з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў хіміі. У бягучым навучальным годзе А.В.Таболіна распрацоўвае заданні для правядзення тэматычнага кантролю па хіміі ў 11 класе. Ала Васільеўна адзначана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Беларусі, падзякай Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і прэміяй спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Сёлета настаўніца стала ўладальніцай ганаровага звання “Чалавек года Брэстчыны”.

Настасся Рэська актыўна ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 5 класа. Добрая памяць, дакладнае лагічнае мысленне, мэтанакіраванасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты і працавітасць даюць плён. На працягу ўсёй вучобы сярэдні бал у дзяўчыны складае каля 9,9. Любімыя прадметы Настассі хімія, матэматыка і фізіка. Дзякуючы настаўніцы А.В.Таболінай, дзяўчына сур’ёзна займаецца хіміяй з 7 класа. Выхаванка Алы Васільеўны — неаднаразовая пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Поспехі ў алімпіядным руху дазволілі Настассі ажыццявіць мару: паступіць на хімічны факультэт БДУ.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.