Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання гаспадарак у Шклоўскім і Аршанскім раёнах азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў краіне, сучаснымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі і праінспектаваў ход жніва.
Кіраўнік дзяржавы прыбыў на пшанічнае поле ААТ “Александрыйскае” на квадрацыкле і адразу адзначыў, што сённяшнія месцы выбраны для наведвання невыпадкова. “Я сёння прыехаў на работу. Гэта поле прэзідэнта. Некалі хтосьці з лёгкай рукі так сказаў. Гэта сапраўды маё поле, дзе я працаваў (з малых гадоў. — Заўв. БелТА.)”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заслухаў даклады аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне і асобных рэгіёнах, падрабязна абмеркаваў са спецыялістамі нюансы выкарыстання розных сартоў збожжавых айчыннай і замежнай селекцыі.
Асобнай тэмай стала забеспячэнне аграрыяў якаснай айчыннай збожжаўборачнай тэхнікай. У свой час менавіта па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачалася гісторыя развіцця айчыннага збожжаўборачнага камбайнабудавання. За два дзесяцігоддзі на прадпрыемстве “Гомсельмаш” створана і асвоена вытворчасць сямі базавых мадэлей збожжаўборачных камбайнаў і 38 мадыфікацый розных класаў.
Увазе прэзідэнта на полі быў прадстаўлены камбайн КЗС-1624-1, які займае верхнюю ступень мадэльнага рада камбайнаў “Палессе”. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб тэхнічных асаблівасцях мадэлі і вопыце яе эксплуатацыі ў палявых умовах. Аляксандр Лукашэнка даручыў канструктарам ужо да наступнай уборачнай абнавіць мадэль, устараніўшы ўсе выяўленыя на практыцы недахопы, а таксама заняцца распрацоўкай і стварэннем яшчэ больш сучаснага камбайна, які будзе запатрабаваны ў будучыні.
Затым кіраўнік дзяржавы прапанаваў выпрабаваць камбайн на ходзе. Месца камбайнера заняў адзін з работнікаў сельгаспрадпрыемства. Побач з ім размясціўся малодшы сын прэзідэнта Мікалай. Аляксандр Лукашэнка заняў месца на пляцоўцы каля кабіны і азнаёміўся з работай тэхнікі на ходзе.
“Я хачу праверыць, які гэты камбайн у эксплуатацыі. Таму што ў прамыслоўцаў ёсць прывычка шчокі надзімаць, што ў нас добрыя камбайны, не горшыя (за замежныя аналагі. — Заўв. БелТА.). Праверым, як ён будзе на фоне іншых працаваць, каб людзі бачылі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў важную ролю тых, хто непасрэдна эксплуатуе тэхніку: калі падыходзіць да гэтага з веданнем справы, то і вынікі будуць вышэйшыя, а тэхніка больш захаваная. “Трэба даказаць, што на гэтым камбайне можна выдаваць вынікі не горшыя, чым на імпартным. Шмат залежыць ад механізатара. Галоўнае — чалавек”, — заявіў прэзідэнт.
Ураджайнасць пшаніцы на гэтым полі ў бягучым годзе склала 91 ц/га. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у часы яго юнацтва на гэтым полі збіралі ўраджай не большы за 13—17 ц/га. Гэта з’яўляецца пацвярджэннем тэзіса аб тым, што пры выкарыстанні якаснага насення, захаванні культуры земляробства і ўсіх тэхналагічных працэсаў практычна на любой глебе можна атрымліваць высокія ўраджаі.
Аляксандр Лукашэнка на “прэзідэнцкім полі”, якое размешчана каля яго малой радзімы, падзяліўся ўспамінамі з дзяцінства.
Гэтае поле незвычайнае яшчэ і таму, што размешчана адразу на тэрыторыі дзвюх абласцей — Магілёўскай і Віцебскай.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на гэтым полі ён працаваў з малых гадоў, і ў сувязі з гэтым у яго захаваліся два найбольш яркія ўспаміны. “Першы, калі я сам вадзіў каня, акучваючы бульбу. Поле было падзелена на тры часткі. Было 12 гадзін дня, гарачыня неймаверная, авадні, мухі…” — расказаў ён.
“А потым ужо я сам акучваў бульбу (гэта другое ўражанне), а малодшы стрыечны брат вадзіў каня. Ён быў меншы за мяне ростам, і яму ўвесь час трэба было ісці, трымаючы рукі ўгору, — каня весці”, — падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Лукашэнка.
“Увогуле, уражанні не зусім добрыя па тых часах, але вельмі карысныя для цяперашняга часу”, — дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што цяпер плошча прэзідэнцкага поля складае каля паўтысячы гектараў і некаторы час назад ён прыняў рашэнне зрабіць гэтае поле эксперыментальным пры вырошчванні тых ці іншых відаў сельскагаспадарчых культур. “Давайце дамовімся, што мы, паколькі я ведаю гэтую глебу, гэтае поле, контурнасць, паспрабуем тут эксперыментаваць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У бягучым годзе ён даручыў пасеяць на гэтым полі азімую пшаніцу і гібрыднае дыплоіднае жыта сартоў замежнай селекцыі, каб ацаніць іх якасць і ўраджайнасць. Былі выкананы ўсе неабходныя тэхналагічныя працэсы. У выніку на абодвух участках ураджайнасць дасягнула 90—100 ц/га.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым пацікавіўся, як ідуць справы ў айчынных селекцыянераў. “Мне хочацца пачуць адказ, што мы маем падобнае і ці маем. Калі не, то калі будзем мець? Мне далажылі загадзя, што па пшаніцы ў нас праблем няма. Мы навучыліся ствараць сваё насенне, і яно па ўраджайнасці і якасці не горшае за імпартнае”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб рабоце ў гэтай сферы і запэўнілі, што сярод насення айчыннай селекцыі ёсць не горшае па ўраджайнасці, чым замежнае, і нават лепшае па асобных паказчыках.
Нагадаем, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні наведаў Магілёўскую і Віцебскую вобласці, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі, выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы, тэхналагічнымі асаблівасцямі вырошчвання азімага гібрыднага жыта і перавагамі гэтай культуры.