Прэзідэнт бачыць рэзервы для павышэння эфектыўнасці льнаводчай галіны

- 11:46Інфармацыйная гадзіна

Даручэнне па ўстараненні існуючых недахопаў у гэтай сферы прэзідэнт даў 19 жніўня, наведваючы ў Аршанскім раёне рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Вусце” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гэтая гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні лёну і нарыхтоўцы насення. Менавіта тут пад наглядам вучоных-спецыялістаў апрабоўваюцца лепшыя практыкі і найбольш перадавыя тэхналогіі па вырошчванні гэтай культуры. Гэта своеасаблівы ўзор, на які павінны арыентавацца льнаводы па ўсёй краіне.

Аляксандр Лукашэнка прыехаў на поле з ільном, каб асабіста ўнікнуць ва ўсе тэхналагічныя працэсы і разабрацца з тым, чаго не хапае, каб вырошчванне лёну было дастаткова эфектыўным і прыносіла добры прыбытак дзяржаве. “Наконт ільну мы дамовіліся. Я яшчэ раз пагляджу, што было даручана раней, пачынаючы ад вырошчвання і заканчваючы льнокамбінатам. А то яны будуць хадзіць, усё грошы прасіць. Сёння, калі правільна апрацоўваць па тэхналогіях лён, ён рэнтабельны”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Дырэктар Інстытута лёну НАН Беларусі Іван Голуб далажыў кіраўніку дзяржавы, што рэнтабельнасць вытворчасці лёну даходзіць да 70 працэнтаў. “У лепшыя часы нафта такую рэнтабельнасць давала. І яны ходзяць яшчэ, просяць, — адзначыў прэзідэнт. — Калі мы навучым гаспадаркі сеяць і вось такім чынам вырошчваць лён, яны самі будуць у гэтым зацікаўлены”.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў дакладна вызначыцца адносна льнасеяльных гаспадарак — выбудаваць сістэму, хто і дзе будзе вырошчваць гэтую культуру, няхай гэта будуць самі льнозаводы або асобныя гаспадаркі. “Калі ёсць узаемаразуменне, значыць, ёсць. Калі няма, трэба ўстанавіць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вучоныя-спецыялісты павінны максімальна цесна ўзаемадзейнічаць з аграрыямі на месцах і не толькі дапамагаць парадай, дзяліцца тэхналогіямі, але і патрабаваць за канчатковы вынік, патрабаваць дакладнага выканання ўсіх тэхналагічных этапаў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі ўспамінамі, калі, будучы кіраўніком гаспадаркі, прыязджаў пераймаць перадавы вопыт. “Вы (вучоныя. — Заўв.БелТА.) нас вучылі. Я засвойваў гэта, а 90 працэнтаў кукіш у кішэні трымалі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Чаму я вам (НАН Беларусі) перадаваў гаспадарку — каб вучоны паказаў у полі вынік, а не на дзяляначках”.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці выпрацаваць дакладную сістэму падрыхтоўкі кадраў у льнаводчай галіне і кантролю за якасцю работ на ўсіх этапах. “Ты павінен кіраваць сталінскімі метадамі. Сказаў — зрабілі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Івана Голуба.

Ён пацікавіўся ў вучонага, якія праблемы цяпер перашкаджаюць павышэнню эфектыўнасці льнаводства. Паводле слоў кіраўніка інстытута, гэта ў асноўным невыкананне тэхналогій у шэрагу гаспадарак, у тым ліку звязаных з хімпраполкай і аховай ад хвароб. Месцамі таксама адчуваецца недахоп тэхнікі і кваліфікаваных механізатараў.

Закранаючы пытанне тэхнікі, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі яшчэ неабходна спецыялізаваных камбайнаў для ўборкі лёну. Як высветлілася, гэта каля 40 машын агульным коштам амаль $8 млн. “Значыць, трэба знайсці $10 млн, купіць камбайны і скончыць размовы пра церабленне лёну. Стварайце камісію, праводзьце тэндар. Чым большы аб’ём, тым танней”, — сказаў прэзідэнт у адрас віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага.

У час рабочай паездкі была закранута тэма забеспячэння гаспадарак якасным насеннем айчыннай селекцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна вызначыць, дзе ў краіне будуць створаны адпаведныя цэнтры. “Павінна быць не больш як 5—6 цэнтраў. І трэба падлічыць лагістыку — гэта таксама грошы, затраты. Паглядзіце, дзе нам стварыць гэтыя цэнтры”, — даручыў беларускі лідар.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальна хутка правесці работу над устараненнем існуючых у гэтай сферы недахопаў і распаўсюдзіць перадавыя практыкі па ўсёй краіне. “Сядзьце з вучонымі і за зіму вызначыцеся. Такі лён павінен быць усюды”, — запатрабаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі б у свой час на вышэйшым узроўні не былі дадзены даручэнні па захаванні і развіцці ў Беларусі льнаводства, то сёння гэтай галіны магло б наогул не быць. “Калі б я тады не завярнуў галаву некаму, сёння лёну не было б у краіне. Што я, не помню, калі гадамі не разлічваліся льнозаводы з вяскоўцамі, а льнокамбінат наогул нічога не прадаваў? Я ведаю, чаго мне каштаваў гэты лён”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічным працэсам работы камбайна на полі і прапанаваў усім, хто яго суправаджаў, у тым ліку прадстаўнікам СМІ, павучыцца ўборцы лёну ўручную, як гэта рабілі раней.

У час наведвання гаспадаркі абмяркоўвалася таксама тэма ўборачнай кампаніі, якая працягваецца ў Беларусі. Прэзідэнту падрабязна далажылі аб ходзе работ на палях Віцебскай вобласці. У сувязі з гэтым былі дадзены неабходныя аператыўныя даручэнні.
***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня, нягледзячы на выхадны дзень, зноў кантраляваў ход уборачнай кампаніі з паветра.

Кадры з верталёта абнародавала прэс-служба прэзідэнта. Маршрут борта № 1 ахопліваў раёны, сітуацыя ў якіх кіраўніка дзяржавы насцярожвае, у Віцебскай, на поўначы Магілёўскай і ў Мінскай абласцях. Стан спраў з верталёта было відаць як на далоні, у першую чаргу ў частцы ўборкі астатняй плошчы збожжавых, саломы, нарыхтоўкі кармоў, падрыхтоўкі палёў пад сяўбу азімых.
Такім чынам, і ў будні, і ў выхадныя ўборачная кампанія застаецца пад асаблівай увагай кіраўніка дзяржавы.

Дарэчы, раніцай прэзідэнта дома чакала прыемная вестка. У гонар сабранага мільёна тон збожжа аграрыі Магілёўскай вобласці перадалі кіраўніку дзяржавы святочны каравай, запэўніўшы ў тым, што жніво-2017 у цэлым будзе завершана дастойна. На вечар 20 жніўня ў Магілёўскай вобласці ўжо ўбрана больш за 90 працэнтаў плошчы.