Прэзідэнт Беларусі выступае супраць фармалізму ў рабоце па ўдасканаленні дагавора аб ЕАЭС

- 9:19Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД выступіў супраць фармалізму ў рабоце па ўдасканаленні палажэнняў дагавора аб ЕАЭС.

“Пачата работа па ўдасканаленні палажэнняў дагавора аб ЕАЭС. Самае важнае — падысці да яе не фармальна, а выкарыстаць гэтую магчымасць для вырашэння самых складаных пытанняў інтэграцыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што няўзгодненасць дзеянняў прывяла ўжо да разбалансіроўкі ўнутраных інтэграцыйных працэсаў. “Таму я заклікаў бы кіраўнікоў урадаў дзяржаў ЕАЭС нацэліць сваіх экспертаў на сур’ёзную работу, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Мы ўбачылі, што трэба сёння актуалізаваць гэты дагавор. Што не атрымалася — адкінуць. Трэба яго ўдасканаліць, правесці рэвізію па ўсіх напрамках”.

Беручы на сябе новыя задачы, заўважыў кіраўнік дзяржавы, трэба падумаць і над прадаўжэннем вырашэння доўгайграючых праблем, па якіх дасягнуць выніку не ўдалося. “Толькі пераемнасць, паслядоўнасць і сістэмнасць у рабоце могуць стварыць неабходныя перадумовы для паскоранага руху да тых мэт, якія мы паставілі перад саюзам”, — упэўнены беларускі лідар.

“Падыход Беларусі празрысты: калі сказалі, што будзем будаваць Еўразійскі эканамічны саюз, то трэба быць паслядоўнымі і рашуча ісці наперад, як дамовіліся, інакш інтэграцыйныя ідэі не будуць успрымацца сур’ёзна ні нашымі народамі, ні за межамі саюза”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што парадак дня пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД вельмі аб’ёмны. “Акрамя пунктаў, якія развіваюць рашэнні Бішкекскага саміту, у ім ёсць вялікі блок вытворча-эканамічных пытанняў, уключаючы пытанне рэалізацыі дагавора аб зоне свабоднага гандлю, закранаюцца тэмы абароны інтэлектуальнай уласнасці і правоў спажыўцоў, супрацоўніцтва ў транспартнай і гуманітарнай сферах”, — адзначыў прэзідэнт.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў СНД можна знайсці невычэрпную колькасць напрамкаў для сумеснай работы. Галоўнае — гэта выхад на канчатковы вынік.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў, што тэма мадэрнізацыі Садружнасці не закрыта. “Напэўна, трэба крытычна паглядзець і на прававую базу СНД, — лічыць Аляксандр Лукашэн ка. — За 25 гадоў мы падпісалі неймаверны аб’ём рашэнняў, дагавораў і пагадненняў. Ці ўсе яны сёння актуальны і патрэбны? Гэта таксама трэба даследаваць, каб на выхадзе мы ўбачылі сапраўды сучасную, аўтарытэтную і актыўную арганізацыю, удзел у якой будзе адпавядаць інтарэсам нашых краін”.

“І мне вельмі хочацца, каб у перыяд старшынства Расіі ў 2017 годзе мы змаглі атрымаць дакладныя адказы, у імя чаго ўсе гэтыя гады вялася інтэграцыя і што маецца на мэце ў канчатковым выніку. Таму што, як і раней, амаль ва ўсім мы стаўку робім і лічым, што вельмі многае будзе залежаць ад Расійскай Федэрацыі”, — выказаў меркаванне прэзідэнт.