Прэзідэнт даручыў удасканаліць сістэму падрыхтоўкі ваенных кадраў

- 10:42Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Такое даручэнне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў у час праверкі ўзроўню прафесійна-службовай падрыхтоўкі афіцэрскага складу Узброеных Сіл на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне.

“Не стану аспрэчваць, што гэтая сістэма існуе, але тое, што мы яе даўно не ўзварушвалі і не прыстасавалі да сучаснай вайны, — гэта факт. Ёсць у нас праблемы і з тэрмінамі навучання, з праграмамі і выкладчыкамі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Трэба браць выкладчыкамі падрыхтаваных людзей з часцей, каб яны маглі вучыць таму, што трэба на вайне”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што падрыхтоўку ваенных кадраў трэба пастаянна прыстасоўваць да сучасных рэалій. Гэта тычыцца не толькі ваенных і ваенізаваных вышэйшых навучальных устаноў, але і ваенных факультэтаў у грамадзянскіх ВНУ. “Трэба ў дзяржсакратарыяце стварыць групу спецыялістаў і ўсё прааналізаваць, вычысціць з праграм непатрэбнае, зрабіць адэкватнымі тэрміны навучання, паглядзець на завочную форму навучання: ці патрэбна яна нам? Афіцэры яе крытыкуюць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што мае патрэбу ў дапрацоўцы і сістэма праверкі ўзроўню падрыхтоўкі афіцэраў. “Самае страшнае — гэта фармалізм. Не паўтарыць бы нам тое, што было ў савецкія часы, — сказаў прэзідэнт. — Рабіце так, каб афіцэра можна было праверыць. Я не гавару, што яны павінны быць у вас вундэркіндамі, але я сам бегаў, падцягваўся і займаўся з салдатамі, таму ведаю, якім павінен быць афіцэр. Зрабіце яго такім”.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “Калі мы самі сябе будзем уводзіць у зман, гэта недапушчальна. Мы не тая краіна, дзе можна на нешта махнуць рукой, падняць верталёт, паказаць агонь. Гэта зусім не галоўнае. Галоўнае, каб афіцэр мог наву-чыць свайго падначаленага”.