Прэзідэнт даручыў узняць на больш высокі ўзровень сістэму інфармавання насельніцтва аб стане аграпрамысловага комплексу

Аграрыям неабходна прадаставіць усе ўмовы для рэалізацыі прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аграрыям павінны быць прадастаўлены ўсе магчымасці для таго, каб яны маглі прадаваць сваю прадукцыю, тым самым задавальняючы попыт насельніцтва. Рабіць гэта трэба без бюракратычных перашкод, арганізоўваючы кірмашы і базары.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў узняць на больш высокі ўзровень сістэму інфармавання насельніцтва аб стане аграпрамысловага комплексу. “Людзей цікавіць галоўнае: каб на прылаўках была прадукцыя нашай вёскі па даступных цэнах, — растлумачыў прэзідэнт. — Яны задаволены нашай прадукцыяй, і іх цікавіць, ці будзем мы забяспечаны да новага ўраджаю сваімі прадуктамі харчавання, сваім адзеннем, сваімі тэхнічнымі культурамі (бульба, кукуруза, буракі і г.д.). І мяне гэта перш за ўсё цікавіць”.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб фінансавым стане аграпрамысловага комплексу, выніках уборачнай кампаніі і яе тэхнічным забеспячэнні. Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу: “Усім вам было даручана разабрацца з прэс-падборшчыкамі, якія загортваюць кармы ў плёнку. Пры нашым клімаце гэта ратунак. Нам трэба мець свае рулонныя прэсы, каб закрываць у плёнку кармы. Мы дамовіліся, што ў будучым годзе вы пакажаце беларускі прэс, які будзе не горшы за нямецкі, дацкі ці французскі”.

Аляксандру Лукашэнку далажылі, што ў сельскагаспадарчых арганізацыях краіны ўбрана 99,7% плошчаў. Пры сярэдняй ураджайнасці 33,4 ц/га ў першапачаткова апрыходаванай вазе намалочана больш за 7 млн т збожжавых і зернебабовых культур. Асаблівую ўвагу прэзідэнт звярнуў на ўборку лёну і рапсу: “Апраўданняў можна знайсці шмат, але гэта дакладна, што мы апусціліся нават да ўзроўню мінулага года. То мы ў пыл пасеялі, то вільгаці не хапала”.

Ураду, і ў прыватнасці Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, пара пераходзіць на навуковыя і кантрольныя функцыі ў сельскай гаспадарцы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. “Сеяць і ўбіраць сапраўды ёсць каму: райвыканкамам, аблвыканкамам і канкрэтным гаспадаркам. А вось новае, перадавое і кантроль за выкананнем тэхналогій — гэта за вамі”, — сказаў ён.

“Хачу вас папярэдзіць (гэта і губернатараў тычыцца): вы ведаеце, як рабіць, людзі вопытныя, якія прайшлі за сваё жыццё нямала. Вы ведаеце, у якім напрамку рухацца, мы вызначыліся. Калі ў будучым годзе будуць такія праблемы, як у бягучым, гэтымі галінамі будуць кіраваць іншыя людзі. Я хачу, каб вы гэта разумелі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Да лістапада прэзідэнт даручыў падрыхтаваць нараду, на якой плануецца дэталёва разгледзець сітуацыю ў сельскай гаспадарцы, эфект ад мер, якія прымаюцца па падтрымцы гэтай сферы.