Прэзідэнт патрабуе ад кіраўнікоў рашучасці, здольнасці ўзначаліць работу і забяспечыць выкананне задач

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў структуры Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў.

На пасады ў гэтых ведамствах назначаны новыя першыя намеснікі. Сяргей Церабаў, раней начальнік упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, назначаны першым намеснікам старшыні КДБ. У сваю чаргу ўпраўленне ў Гомельскай вобласці ўзначаліць Аляксандр Мельнікаў.

Першым намеснікам міністра ўнутраных спраў — начальнікам крымінальнай міліцыі назначаны Генадзь Казакевіч. Да гэтага часу ён кіраваў галоўным упраўленнем па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС.

Аляксандр Лукашэнка не абмежаваўся фармальнай працэдурай назначэння, а падрабязна распытаў кіраўнікоў Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, МУС, КДБ, саміх назначаных аб сітуацыі ў сферах, якія яны курыруюць, ступені кампетэнцыі, папярэднім вопыце. Галоўнае, чаго заўсёды па­трабуе кіраўнік дзяржавы, — гэта падбор кіруючых кадраў на альтэрнатыўнай аснове.

“Гэтыя кандыдаты правераны. Нейкіх акалічнасцей, якія перашкаджаюць назначэнню, няма, таварыш прэзідэнт”, — адрапартаваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.

“Што напісаў Вакульчык (старшыня КДБ Валерый Вакульчык. — Заўвага БелТА.), тое і ёсць?” — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

“Не, праверылі рознабакова. З усімі структурамі”, — запэўніў кіраўнік Дзяржсакратарыята.

Тады Аляксандр Лукашэнка пераключыў сваю ўвагу на старшыню КДБ: “Валерый Паўлавіч (Вакульчык. — Заўвага БелТА.), вы ўпэўнены? Гэта ключавыя фігуры ў КДБ”.

Ён таксама пераконваў прэзідэнта, што прапанаваныя людзі якраз тыя, хто лепш за ўсё падыходзіць на гэтыя пасады: “У адпаведнасці з вашымі патрабаваннямі мы зыходзілі з таго, што павінны быць рашучыя кіраўнікі, здольныя ўзначаліць работу на сваім участку і забяспечыць выкананне задач”.

Аналагічнае пытанне наконт першага намесніка прэзідэнт адрасаваў міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву: “Вы, Юрый, як лічыце? Вы ж, па-мойму, там прапаноўвалі сваіх, з войскаў (унутраныя войскі МУС. — Заўвага БелТА.)”.

“Не, на гэтую пасаду я прапаноўваў толькі Генадзя Аркадзьевіча. Прапаноўваў з войскаў на Дэпартамент аховы. Генадзь Казаке­віч служыў на розных пасадах. Ваша патрабаванне, каб быў чалавек ад зямлі, захавана. Гэта юрыдычна найбольш дасведчаны афіцэр, акрамя таго, выкладае ў Акадэміі МУС”, — сказаў міністр.

Юрый Караеў не прамінуў адзначыць і поспехі ў барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў, якой Генадзь Казакевіч непасрэдна займаўся на папярэдняй пасадзе. “Галоўнае, што мы зрабілі, — зрушылі з мёртвага пункта барацьбу з наркотыкамі. Дасягненні мы пералічвалі, але яшчэ многае трэба будзе зрабіць”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна распытаў і самога Генадзя Казакевіча наконт тэндэнцый і статыстыкі ў рабоце крымінальнай міліцыі ў цэлым, наколькі вялікі аб’ём у яе дзейнасці займае напрамак наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі.

“Калі гаварыць пра структуру злачыннасці, то, безумоўна, колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку большая. Аднак калі мы гаворым пра вынаходлівасць злачынцаў, пра злачынствы ў інтэрнэце, то падраздзяленне па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі з’яўляецца самай перадавой службай крымінальнай міліцыі МУС з пунк­ту гледжання інфармацыйных тэхналогій”, — падкрэсліў Ге над зь Казакевіч.

У ліку найбольш важных напрамкаў работы ён таксама назваў барацьбу з карупцыяй, процідзеянне экстрэмізму. Разам з тым 70 працэнтаў злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку складаюць злачынствы супраць уласнасці і маёмасці грамадзян.

“На 30 працэнтаў застаюцца карупцыя, тэрор, наркотыкі і гандаль людзьмі, — зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка, атрымаўшы на гэта сцвярджальны адказ. — Я вас да гэтага і падводзіў, каб задаць пытанне. Вы дастаткова тут прафесійныя? Выбачайце за тое, што я задаю вам яго. Таму што апошнім часам вы ў асноўным займаліся барацьбой з наркотыкамі і гандлем людзьмі. Хоць гэта вельмі важныя, адносна новыя напрамкі, а вось гэтая крымінальшчына… Ці заземлены вы, як сказаў Юрый Караеў, па гэтай тэматыцы?”

Генадзь Казакевіч расказаў, што раней працаваў на пасадзе начальніка следчага ўпраўлення горада, у службе па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Аператыўна-вышуковая дзейнасць у цэлым аднолькавая для ўсіх падраздзяленняў крымінальнай міліцыі, хоць і ёсць свая спецыфіка. “Буду ўнікаць у яе, арганізоўваць работу”, — запэўніў ён.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму запрасіў на гэтыя кадравыя назначэнні кіраўнікоў КДБ і МУС. Пытанне ў асаблівай значнасці пасады першага намесніка, які пры неабходнасці павінен мець дастатковыя кампетэнцыі, каб узначаліць ведамства. “Яны павінны за вамі ісці. І самы лепшы варыянт, калі першы намеснік або нехта з намеснікаў узначальвае міністэрства. Вось што для мяне вельмі важна. Каб вы разумелі, што вашы першыя намеснікі, калі раптам вас па пасадзе перавядуць на іншае месца, павінны ўзначаліць ведамства”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнта яшчэ раз запэўнілі, што ўсіх прапанаваных кіраўнікоў рыхтавалі загадзя і менавіта з такім прыцэлам. “Ад зямлі і на перспектыву”, — ахарактарызаваў падыход да падбору кадраў Андрэй Раўкоў.

“Паглядзім. Гэта ж будзе відаць. Таму я пераканаўча прашу і вас, і кіраўніка Адміністрацыі, каб у нас не было… Ведаеце, міністр хоча з ім працаваць — няхай ідзе”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб прапановах па назначэнні ў Дэпартамент аховы МУС. “Вы ж ведаеце, што я не выношу, калі начальнік ідзе і за сабой цягне тых, з кім ён недзе працаваў. Так не павінна быць. Давайце людзей назначаць — прафесіяналаў або збоку. Каб не было кругавой парукі. Я не падазраю ў нечым. Але ў мяне адразу пытанне: няўжо толькі ва ўнутраных войсках ёсць кадры? Таму што міністр прыйшоў з унутраных войскаў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пры гэтым сказаў, што не ведае асабіста кандыдатуру ў Дэпартамент аховы. “Напэўна ён добры, талковы чалавек і прафесіянал. Але абавязкова павінна быць ракіроўка пры назначэнні кадраў”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зусім не су­праць вылучэння перспектыўных людзей, руху іх па кар’ернай лесвіцы. “Кадры павінны абнаўляцца, але ні ў якім разе не цягнуць за сабой шлейф тых людзей, з якімі калісьці служыў. У Дзяржсакратарыят накіроўвайце, урад, Адміністрацыю, калі яны талковыя. Рэкамендуйце іх, змагайцеся за іх”, — сказаў на заканчэнне прэзідэнт.