Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным палепшыць кадравую сітуацыю ў сацыяльнай сферы. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам віцэ-прэм’ера Наталлю Качанаву.
“Кадры вырашаюць усё. І гэтая сітуацыя ў сацыяльнай сферы, якую вы ва ўрадзе курыруеце, вымушае жадаць лепшага. Мяне насцярожвае нават сама ацэнка кадраў па ўсіх напрамках”, — заявіў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаў час рухацца ў напрамку вырашэння адпаведных пытанняў. “Вы ўбачылі людзей, кадры, наколькі яны здольныя ці няздольныя працаваць. Пытанне не ў тым, каб кагосьці пакараць, зламаць (у кожнага свая сям’я, лёс і гэтак далей), але калі чалавек не цягне, яго трымаць нельга. Таму, калі патрэбны нейкія кадравыя перастаноўкі і змяненні, гэта трэба бачыць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Праблемныя пытанні прэзідэнт акрэсліў на прыкладзе канкрэтных галін. Адна з іх — спорт. “Мы ўсе назіралі экзамен нашых спартсменаў на Алімпіядзе ў Рыа. І я гляджу на балбатню гэтую з боку нашых чыноўнікаў ад спорту (яны задаволены, усё добра). Яны, можа, і задаволены, але не мы з вамі і не народ. Такога пасрэднага, ненармальнага выступлення мы проста не чакалі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Пытанне ў тым, што ў спорт укладзены велізарныя сродкі (і яны самі аб гэтым гаварылі). Ніякіх прэтэнзій не было. А дзе вынік? А выніку, каб задаволіць патрабаванні народа, на народныя ж грошы туды паехалі, няма, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А ў іх усё добра, і ўжо гатовы алімпійскі сход праводзіць, нягледзячы на тое, што я дзясяткі разоў сказаў: ідзіце да Косінца і Качанавай, удакладняйце па федэрацыях, па кадрах, па Міністэрстве спорту, па ўсіх пытаннях, а потым будзем праводзіць. Праводзіць з людзьмі, якія будуць працаваць у новым алімпійскім цыкле”.
Паводле слоў прэзідэнта, ёсць праблемныя моманты і ў сферы адказнасці Міністэрства культуры. У прыватнасці, гэта тычыцца кінематаграфічнай галіны. “Выпадкова трапіў на ток-шоу аб кіно. Проста сорамна было слухаць. Аказваецца, у нас не здымаюць кіно, як некаторыя кажуць, таму што ідзе рамонт на кінастудыі “Беларусьфільм”. Тады паўстае пытанне, а што, у часы Пташука (рэжысёр Міхаіл Пташук. — Заўв. БелТА.), калі ён здымаў “У жніўні 44-га”, лепшыя ўмовы былі? Не. Але фільм знялі добры”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама канстатаваў, што ў Беларусі часта здымаюць розныя расійскія серыялы, у тым ліку з удзелам беларускіх акцёраў. “Магчыма, здымаць і не перашкаджаюць рамонты. Больш за тое, я бываў раней у кіношнікаў, слухаў іх размовы. Яны ні ў чым не змяніліся — усё чагосьці не хапала. І я аднойчы прапанаваў: пакладзіце мне на стол сцэнарый нармальнага глыбокага ідэйнага фільма. Або лёгкага, простага, але цікавага для народа. І што вы думаеце, прынеслі і паклалі? Не”, — сказаў прэзідэнт.
“Ці вазьміце адукацыю, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы вельмі шмат аб гэтым гаворым. Неяк няма тут таксама руху. Я не гавару, што нам адукацыю трэба глыбока рэфармаваць, аб калена штосьці ламаць. Хутчэй, наадварот, яе трэба абараняць, каб захаваць усё лепшае ў ёй. Але трэба знімаць праблемы, якія назбіраліся. Яны ж не маюць глабальнага характару”.
На аналагічныя недапрацоўкі Аляксандр Лукашэнка ўказаў і ў сферы аховы здароўя. “Грошы вялікія ўклалі. Так, ёсць прагрэс па галоўных напрамках, і гэта прызнана ва ўсім свеце”, — канстатаваў беларускі лідар. Адначасова ён заклікаў за гэтымі вялікімі дасягненнямі не забываць аб больш дробных пытаннях і праблемах, якія без належнай да іх увагі могуць перакрыць усё станоўчае.
“Таму трэба нам неяк разварушыць сацыяльную сферу, каб яны (кіраўнікі розных устаноў і ведамстваў. — Заўв. БелТА.) не хадзілі з працягнутай рукой і не гаварылі, што ў іх там рамонт, або дах пацёк, або студыю заліло, або аўдыторыя не такая. Трэба варушыцца кожнаму. Калі не варушацца, трэба людзей мяняць”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
“У бягучым годзе забяспечана стабільная работа галін сацыяльнай сферы. Перш за ўсё прафінансаваны і своечасова выплачваюцца пенсіі і дапамогі, стыпендыі, захавана станоўчая дэмаграфічная дынаміка”, — далажыла прэзідэнту віцэ-прэм’ер Наталля Качанава.
Адказваючы на пытанні журналістаў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, яна адзначыла, што прымаюцца меры па павышэнні эфектыўнасці работы кожнай арганізацыі і ўстановы. Значная ўвага пры гэтым удзяляецца развіццю пазабюджэтнага фінансавання. “Мы разумеем, што ёсць пытанні, якія патрабуюць вырашэння, у тым ліку кадравыя, — канстатавала Наталля Качанава. — Сёння перад міністэрствамі сацыяльнай сферы стаіць задача, каб кожны ўкладзены бюджэтны рубель выкарыстоўваўся эфектыўна і даваў аддачу”.
Гаворачы аб фарміраванні бюджэту на 2017 год, віцэ-прэм’ер падкрэсліла факт захавання стабільнага фінансавання сацыяльных галін. У прыватнасці, заработную плату работнікаў бюджэтнай сферы ў наступным годзе плануецца павысіць на 9 працэнтаў.
“Урад шукае метады, формы і крыніцы, якія дадуць магчымасць павысіць заработную плату настаўнікаў”, — заявіла таксама віцэ-прэм’ер.
Паводле яе слоў, першы крок у гэтым напрамку ўжо зроблены — прынята пастанова Саўміна, згодна з якой надбаўкі да заработнай платы настаўнікам пры рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на платнай аснове залежаць ад кваліфікацыйнай катэгорыі.
Яшчэ адна з крыніц павышэння зарплат — эфектыўная работа ўстаноў адукацыі і, дзе гэта неабходна, іх аптымізацыя.
“Наогул, гэта не простая задача на 25 працэнтаў павысіць заработную плату педагогам (такое даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі. — Заўв. БелТА.). Разам з тым мы цяпер вывучаем гэтую сітуацыю і чакаем яшчэ больш эфектыўных прапаноў ад Міністэрства адукацыі, каб вырашыць пастаўленую задачу”, — сказала Наталля Качанава.
Яна канстатавала, што на сённяшні дзень заработная плата педагогаў у Беларусі складае прыкладна 87 працэнтаў ад памеру сярэдняй заработнай платы па краіне. “Вядома, трэба шукаць формы і метады, як за кошт унутраных рэсурсаў вырашыць пытанне павышэння заработнай платы”, — дадала віцэ-прэм’ер.