Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў пытанні павышэння пенсійнага ўзросту трэба ісці ад жыцця, улічваючы рэальныя працэсы ў дэмаграфічнай абстаноўцы і не пагаршаючы матэрыяльнае становішча. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе, прысвечанай абмеркаванню пытанняў развіцця пенсійнай сістэмы.
На яго думку, на карысць гэтай меры гавораць два фактары. Па-першае, значныя змяненні ў структуры грамадства, дзе колькасць работнікаў скарачаецца, а колькасць пенсіянераў пастаянна расце. Так, на 100 працуючых прыпадае больш за 60 пенсіянераў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтая тэндэнцыя будзе абвастрацца і прапорцыі будуць разыходзіцца.
“Па-другое, дзякуючы нашай сацыяльна-эканамічнай палітыцы людзі сталі жыць даўжэй. Сярэдняя працягласць жыцця павялічылася ў параўнанні з 90-мі на 5 гадоў. Таму 55—60 гадоў — гэта нармальны ўзрост”, — лічыць прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго здзіўляе ў сацыялагічных даследаваннях такі факт: працуючая частка насельніцтва нармальна ўспрымае павышэнне пенсійнага ўзросту, а не падтрымліваюць гэтую меру пенсіянеры. “І я зразумеў, што ў нас ідэолагі і ўрад проста недапрацоўваюць. Пенсіянерам трэба растлумачыць: не дай бог, мы будзем пастаўлены перад фактам, што нам давядзецца паніжаць пенсію! — адзначыў прэзідэнт. — Вось гэтага нельга дапусціць. Таму што ў нашых пенсіянераў і так пенсіі невялікія. І скарачаць пенсіі ні ў якім разе нельга”. Калі гэтае пытанне абмяркоўвалася з Прэзідэнтам Расіі, Уладзімір Пуцін адзначыў, што “нават у Расіі праглядаецца ўжо сітуацыя, што калі захоўваць пенсійны ўзрост на цяперашнім узроўні, а ў пенсійны фонд няма дастатковых паступленняў, то давядзецца паніжаць пенсію, таму што грошай не хапае, каб раздаць пенсіянерам”.
Прэзідэнт закрануў і яшчэ адзін бок гэтай праблемы. Калі ў краіне пойдуць на павышэнне пенсійнага ўзросту, то неабходна будзе ствараць яшчэ больш рабочых месцаў. І, на яго думку, гэта будзе добрым стымулам для стварэння рабочых месцаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта павінна не проста ўлічвацца, а быць добра падлічана.
Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што ў выпадку павышэння пенсійнага ўзросту гэты працэс будзе, хутчэй за ўсё, паэтапным, каб насельніцтва адаптавалася.
“Я даручаў адпаведным структурам правесці маніторынг грамадскага меркавання. Ён ніякі пакуль. Пакуль мне толькі на паперы на дзве-тры старонкі дакладваюць пра нейкія этапы, што мы пройдзем да красавіка, да чэрвеня, а потым да жніўня ў перакананні насельніцтва. Насельніцтву ніякія этапы не патрэбны. Людзям трэба гаварыць адно: вось плюсы, вось мінусы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Я не схільны сёння перабольшваць, што, вось, калі мы павысім пенсійны ўзрост, то перавернецца ўся краіна. Ды не, нічога не перавернецца. Проста, як у народзе кажуць, не хацелася б рабіць гэта ні з сяго ні з таго і атрымаць некаторыя папрокі з боку нашага насельніцтва, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба рабіць усё акуратна. І калі мы гаворым аб тым, што чалавек — галоўнае ў нашай палітыцы, трэба ўсё ж такі прыслухоўвацца да чалавека або пераконваць яго, як мы гэта і робім”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць справядлівым, калі павышэнне пенсійнага ўзросту закране ўсіх. “Але трэба ўлічваць усё: розніцу працягласці жыцця мужчын і жанчын, спецыфіку горада і вёскі, умовы працы ў некаторых сферах і іншыя фактары”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што сярэдняя працягласць жыцця ў краіне павялічылася ў параўнанні з 90-мі гадамі мінулага стагоддзя. “Таму 55—60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пенсіянерка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пенсіянерка, давай папрацуй — іншая нейкая думка. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а трохкорпусны зачапіць — і пацягне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Я сёння знаходжуся паміж дзвюх пазіцый. З аднаго боку, урад прапаноўвае пенсійную сістэму значна ўдасканаліць. Прапановы ёсць розныя, пачынаючы ад расійскага ўзору, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Размова ідзе аб павышэнні пакуль пенсійнага ўзросту, а затым і, магчыма, рэфармавання ў цэлым усёй сістэмы, дашліфоўкі або змяненняў некаторых напрамкаў. Гэта адна пазіцыя, пазіцыя ўрада”.
“З другога боку — насельніцтва. Скажу адкрыта, паводле маіх даных (я ўпэўнены, што яны дакладныя), мы пакуль не дасягнулі пераважнай большасці сярод насельніцтва, якое падтрымлівала б гэтую прапанову ўрада аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Мы блізкія да палавіны. І людзі адгукаюцца на нашы прапановы, просьбы, няхай нават марудна, але пасля таго, як мы ім тлумачым, расказваем, рэкамендуем, яны разумеюць, аб чым ідзе размова. Беларусы — людзі дасведчаныя”, — сказаў прэзідэнт.
“Я знаходжуся паміж двума патокамі меркаванняў: прапановамі ўрада, заснаванымі на эканоміцы (і тут я абсалютна з імі салідарны), і меркаваннем народа, да якога я не прыслухоўвацца не магу”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
“Я доўга думаў над гэтай праблемай і буду зыходзіць з аднаго прынцыпу, якім я карыстаюся заўсёды: не працэсы, што адбываюцца ў грамадстве, эканоміцы, павінны кіраваць намі, а мы павінны кіраваць гэтымі працэсамі. І калі сітуацыя цярпімая, можна цярпець, але калі яна набліжаецца да таго рубікона, які немагчыма дапусціць і перайсці, значыць, трэба прымаць рашэнне, каб потым гэтыя працэсы не кіравалі намі, таму што гэта будзе сабе даражэй як у палітыцы, эканоміцы, так і ў фінансах”, — лічыць беларускі лідар.
“Таму хацеў бы, каб і на гэтае пытанне ўрад сёння адказаў: мы падышлі ўжо да таго сур’ёзнага моманту, калі трэба прымаць рашэнне, або яшчэ сітуацыя цярпімая, з пункту гледжання эканомікі, выключна”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Трэба ўважліва і ўсебакова разгледзець усе аспекты тэмы, якую абмяркоўваем, і выпрацаваць найбольш аптымальныя варыянты, каб наша пенсійная сістэма была надзейная і працавала без збояў на карысць людзей”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не адзін раз і вельмі сур’ёзна абмяркоўваў гэтую праблему з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. “У нас пазіцыі абсалютна супадаюць! Нас абставіны вымушаюць, падштурхоўваюць да вырашэння пытання пенсійнага ўзросту. Пытанне: калі гэта рабіць?” — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб тым, што будуць пераконваць насельніцтва і ў Расіі, і ў Беларусі, да гэтага таксама далучыцца Казахстан.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Казахстан ужо зрабіў крок да павышэння пенсійнага ўзросту, аднак не зусім рашучы, і сёння перад імі стаіць задача павышэння пенсійнага ўзросту другі раз.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што нават у самых багатых краінах пенсійны ўзрост значна вышэйшы, чым у Беларусі: дзесьці на 5, дзесьці на 10 гадоў. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Германію, у якой, паводле яго слоў, пенсійны ўзрост надыходзіць у 67 гадоў. “Багатая краіна, якая мільярды траціць на дапамогу іншым дзяржавам, у тым ліку і на мінімізацыю наступстваў ад наплыву бежанцаў. Яны што, дурні? Не!” — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рабіць гэта неабходна акуратна.
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на нарадзе былі прапанаваны тры варыянты павышэння пенсійнага ўзросту, расказала па выніках нарады міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.
Паводле слоў міністра, варыянты эканамічна падлічаны, у тым ліку з прыцягненнем вучоных.
Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65. Марыяна Шчоткіна адзначыла, што гэта самы эканамічна прымальны варыянт, паколькі дае добрыя паказчыкі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што неабходна ўлічваць не толькі вопыт многіх краін свету ў вырашэнні гэтага пытання, але і працягласць жыцця, узровень стану здароўя, а таксама спецыфіку жыцця ў гарадской і сельскай мясцовасці.
“Таму, прааналізаваўшы дэмаграфічныя працэсы, прапанаваны варыянт выхаду на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын — у 63 гады. Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын складае 78,4 года, а атрыманне пенсіі — больш як 20 гадоў пасля выхаду на пенсію, — адзначыла міністр. — Нядаўна гаварылася аб тым, што гендарная роўнасць павінна ўлічвацца і ў дасягненні пенсійнага ўзросту”.
“Але ўзнікае пытанне: ці можам мы сёння не ўзяць пад увагу сацыяльны аспект, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розніца паміж выхадам на пенсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у хатняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёння таго ўзроўню гендарнай роўнасці?” — прадоўжыла Марыяна Шчоткіна.
Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 — для мужчын.
Што датычыцца тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсійны ўзрост, то найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам у паўгода. “Мы ўжо ўпусцілі момант, калі можна было рухацца па адным або тры месяцы. Калі мы хочам захаваць стабільнасць у дзяржаве, то сёння самы невялікі тэмп, які мы можам сабе дазволіць, — гэта 6 месяцаў. Ёсць і іншыя прапановы: 8 месяцаў, 1 год. Але 1 год — гэта вельмі жорсткі варыянт”, — сказала міністр.
Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што не трэба выпускаць з-пад увагі і развіццё рынку працы. “Калі мы сёння затрымліваем пенсіянераў на рынку, то, адпаведна, павінны стварацца новыя рабочыя месцы, таму што ў нас ёсць моладзь, выпускнікі ВНУ, якія павінны мець гарантыю на першае рабочае месца”, — падкрэсліла міністр.