Прэзідэнт пазітыўна ацаніў работу КДБ у забеспячэнні інтарэсаў краіны ў сферы эканомікі і фінансаў

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыя Вакульчыка, адзначыў работу КДБ у барацьбе з карупцыяй.

Кіраўнік дзяржавы таксама пазітыўна ацаніў дзейнасць КДБ у частцы забеспячэння захавання інтарэсаў краіны ў сферы эканомікі і фінансаў. Для Беларусі гэты напрамак цяпер вельмі важны, і, паводле слоў прэзідэнта, добра, што камітэт перанёс цэнтр цяжару на эканамічныя пытанні. “Іншыя сілавыя структуры значна адстаюць у гэтым плане ад КДБ”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, галоўны хлеб камітэта — гэта перш за ўсё разведка і контрразведка, абарона канстытуцыйнага ладу. Сёння дзяржаўнасці і бяспецы Беларусі нічога не пагражае, але гэтую тэму прэзідэнт мае намер трымаць на кантролі.
Валерый Вакульчык далажыў Аляксандру Лукашэнку аб бягучай сітуацыі, абапіраючыся на вынікі 2015 года. Старшыня КДБ адзначыў, што прынятыя меры дазволілі дасягнуць вынікаў не толькі па лініі разведкі і контрразведкі, але і па лініі абароны эканамічнай бяспекі і барацьбы з карупцыяй. Удаецца выяўляць сістэмныя праблемы дзейнасці розных сфер эканомікі і асобных галін, бачыць рэзервы для павышэння эфектыўнасці работы эканомікі ў тым ці іншым напрамку.