Прэзідэнт поўнасцю падтрымаў ідэю ператварэння Беларусі ў IT-краіну

- 10:22Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Мінску 13 сакавіка наведаў офісы IT-кампаній ПВТ, дзе размова ішла пра будучае развіццё ў краіне сферы высокіх тэхналогій і ператварэнне Беларусі як мінімум у рэгіянальнага лідара па гэтым напрамку. Аб прынятых рашэннях расказалі памочнік Прэзідэнта Беларусі Усевалад Янчэўскі, а таксама інвестары Віктар Пракапеня і Міхаіл Гуцарыеў.

Паводле слоў Усевалада Янчэўскага, Беларусь сапраўды рухаецца да таго, каб стаць IT-краінай. “У нас для гэтага ёсць усе перадумовы: вельмі шмат таленавітых людзей, у нашай краіне нараджаюцца выдатныя ідэі. І, я абсалютна ўпэўнены, тут будзе сапраўды прарыў. Я ўпэўнены ў тым, што Беларусь будзе рэгіянальным лідарам, лідарам ва Усходняй Еўропе. Мы ўбачым гэта ў найбліжэйшы час”, — заявіў ён.

Памочнік прэзідэнта падкрэсліў, што дасягненні Беларусі ў IT-сферы ўжо шырока вядомы за мяжой, але цяпер сапраўды настаў момант для пераходу сферы высокіх тэхналогій на новы этап. “Адбыўся вельмі цікавы дыялог паміж кіраўніком дзяржавы і тымі людзьмі — інвестарамі і праграмістамі, хто стварае непасрэдна новыя прадукты, развівае высокія тэхналогіі”, — адзначыў Усевалад Янчэўскі.

Ён падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам такога адкрытага дыялогу, і адзначыў глыбокае разуменне кіраўніком дзяржавы ўсіх праблемных пытанняў у IT-сферы. “Усе ведаюць, што IT-галіна заўсёды падтрымлівалася дзяржавай і прэзідэнтам. Гэтая падтрымка не толькі будзе захавана, але і пашырана, — сказаў памочнік прэзідэнта. — Цалкам магчыма, будуць прыняты прынцыповыя і істотныя рашэнні для таго, каб у нашу краіну маглі прыйсці венчурныя фонды, каб сямімільнымі крокамі магла развівацца прадуктовая мадэль”.

Усевалад Янчэўскі пры гэтым асабліва адзначыў, што ўсе прэферэнцыі і падтрымка для IT-кампаній, якія цяпер працуюць у Беларусі па іншых мадэлях, напрыклад, аўтсорсінгу, будуць, безумоўна, захаваны.

“Па сутнасці, даецца зялёнае святло развіццю IT-галіны, сферы высокіх тэхналогій, прыходу замежнага капіталу, ноу-хау”, — падкрэсліў памочнік прэзідэнта.

Ён дадаў, што ў найбліжэйшы час з удзелам усіх зацікаўленых бакоў будзе сфарміраваны пакет прапаноў, які будзе вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы. “І я абсалютна ўпэўнены, што рашэнні (прычым рашэнні, я нават сказаў бы, рэвалюцыйныя) прэзідэнтам будуць прыняты вельмі аператыўна”, — сказаў Усевалад Янчэўскі.

У добрых перспектывах развіцця гэтай сферы ў Беларусі ўпэўнены і інвестар Віктар Пракапеня. “Думаю, што сённяшні дзень увойдзе ў гісторыю як дзень вялікага пералому ў развіцці IT у Беларусі. Прэзідэнт поўнасцю падтрымаў ідэю стварэння ў Беларусі IT-краіны. Гэта ўключае ў сябе вялікую колькасць істотных змяненняў у заканадаўстве і яго ўдасканаленне”, — адзначыў інвестар.

Паводле яго слоў, чакаюцца рашэнні па падтрымцы прадуктовай мадэлі ў IT-бізнесе, венчурных фондаў і стварэнне для іх неабходнага рэгулятарнага асяроддзя, падтрымка адукацыі.

“У сучасным свеце, і асабліва для прадуктовых кампаній, патрабуецца вялікая колькасць розных спецыялістаў. Не толькі тэхнічных, але таксама людзей, якія займаюцца маркетынгам, дызайнам прадуктаў, іншымі складнікамі”, — сказаў Віктар Пракапеня.

Пасля праведзенай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы інвестар асабліва адзначыў гатоўнасць Аляксандра Лукашэнкі падтрымаць неабходныя змяненні.

“Вельмі рады таму, што дзяржава будзе і ў далейшым падтрымліваць бізнес у IT-сферы. І вельмі рады, што Беларусь зможа перайсці на новую ступень развіцця — ствараць больш прадуктовых кампаній і быць яшчэ больш пазнаваемай ва ўсім свеце”, — дадаў Віктар Пракапеня.

Інвестар Міхаіл Гуцарыеў лічыць, што праведзенае абмеркаванне і прынятыя рашэнні адкрываюць вялікія перспектывы для развіцця галіны. “Тое, што мы робім, запатрабавана і поўнасцю падтрымліваецца кіраўніцтвам дзяржавы”, — заявіў ён.

Паводле слоў інвестара, першы этап у развіцці IT-сферы ў Беларусі ў апошнія гады быў паспяхова рэалізаваны. “Сёння размова ідзе аб другім кроку — прыняцці дадатковых нарматыўных актаў, што дасць магчымасць зрабіць сённяшнюю Беларусь адной з найбольш развітых краін у свеце па развіцці IT-тэхналогій”, — сказаў Міхаіл Гуцарыеў.

Пазней, 15 сакавіка, прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка назначыў Усевалада Янчэўскага дырэктарам дзяржаўнай установы “Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій”.