Прэзідэнт запрасіў прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ да сумленнай і адкрытай размовы аб выбарах

- 12:00Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Ацэнка БДІПЧ АБСЕ выбараў у Беларусі не вельмі расчаравала, але і не вельмі ўзрадавала, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

“У нас прайшлі прэзідэнцкія, потым парламенцкія выбары. Вы, вашы прадстаўнікі і наглядальнікі прысутнічалі на гэтых выбарах. Мы вельмі шмат абмяркоўвалі гэтыя пытанні, вы рабілі свае заключэнні. Не скажу, што яны нас вельмі ўжо расчаравалі, але і не вельмі ўзрадавалі”, — адзначыў прэзідэнт.

“Думаю, што нам трэба шчыра і сур’ёзна пагаварыць з вамі на тэму выбараў, але такім чынам, каб не было ў вас залішніх чаканняў адносна Беларусі, а ў нас не было залішніх надзей, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба сумленна і адкрыта сказаць, якім чынам мы будзем дзейнічаць у гэтыя вострыя перыяды перадвыбарнай, выбарнай кампаній, а таксама ў якім напрамку будзем удасканальваць наша заканадаўства па выбарах. А вы, я спадзяюся, скажаце сваё меркаванне наконт выбараў. Думаю, я знайду важныя аргумент-два, якія вас пераканаюць, што ў нас сітуацыя па выбарах не горшая, чым у іншых краінах, — гэта па-першае. А па-другое, выбары — гэта вельмі сур’ёзная рэч, да іх трэба ставіцца вельмі сур’ёзна”.

БДІПЧ АБСЕ імкнецца працаваць у духу супрацоўніцтва з Беларуссю, адзначыў спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кіраўнік дэлегацыі парламента Швецыі ў ПА АБСЕ Кент Харстэд.

Ён падзякаваў кіраўніку дзяржавы за магчымасць сустрэцца і абмеркаваць на такім высокім узроўні надзённыя праблемы: “Гэта з’яўляецца вельмі важным сігналам, што нам выпала такая магчымасць абмеркаваць усё дэталёва”. Акрамя таго, Кент Харстэд выказаў меркаванне, што мы разам нацэлены працаваць у імя моцнай квітнеючай Беларусі.

АБСЕ са свайго боку спрабуе быць вельмі канструктыўным партнёрам Беларусі ў гэтым аспекце. “Я не раз ужо аб гэтым гаварыў: у мяне складваецца меркаванне, што мы працуем у духу добрага супрацоўніцтва з Беларуссю”, — адзначыў Кент Харстэд.