Прыгожыя задачы для прыгожых дзяўчат

- 10:26Адукацыйная прастора

Каманда Рэспублікі Беларусь з перамогай вярнулася з 6-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат, якая ў гэтым годзе праходзіла ў швейцарскім Цюрыху. Удзел у алімпіядзе прынялі 168 школьніц з 44 краін (у тым ліку 127 афіцыйных удзельніц з 33 краін Еўропы).

Нашы дзяўчаты з алімпіяды ў Швейцарыі прывезлі чатыры бронзавыя медалі. Іх заваявалі навучэнка 10 класа Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Арына Галубіцкая, навучэнкі 11 класа Ганна Белешава з гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска, Юлія Курыленка з сярэдняй школы № 2 Бабруйска і дзесяцікласніца гімназіі № 51 Гомеля Кацярына Мароз.

Прыемнай адметнасцю ўдзелу беларускай каманды ў EGMO-2017 стаў той факт, што для працы ў складзе журы былі запрошаны дзве прадстаўніцы з нашай краіны — студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта пераможцы алімпіяды для дзяўчат мінулых гадоў Ірына Бурак (у 2013, 2014 гадах заваёўвала бронзавыя медалі) і Настасся Жыркевіч (у 2013 годзе атрымала залаты медаль). У ролі кіраўніка нашай каманды выступіў выкладчык матэматыкі Ліцэя Белдзяржуніверсітэта Міхаіл Васільевіч Карпук. Віншуем усё прадстаўніцтва!

Алімпіяды — гэта найвышэйшы ўзровень у адукацыі, які дэманструе таленты і здольнасці школьнікаў. Алімпіяды па матэматыцы — асаблівыя, бо без матэматыкі не можа абысціся ні адна навука. А матэматычная алімпіяда для дзяўчат — гэта яшчэ і прыгожыя задачы.

Непасрэдна матэматычныя спаборніцтвы праходзяць два дні. У першы дзень удзельніцы алімпіяды рашаюць тры задачы, на другі дзень таксама тры. На рашэнне кожнага камплекта даецца па 4,5 гадзіны. На алімпіядзе дзяўчаты рашаюць 6 задач, якія адбіраюцца напярэдадні алімпіяды. Кожная краіна — удзельніца алімпіяды мае права даслаць свой набор задач. З прапанаваных задач камітэт па адборы задач складае камплект з 6 задач.

І яшчэ адзін момант. На гэтай алімпіядзе ёсць журы, а ёсць каардынатары. Журы — гэта калектыўны орган, у які ўваходзяць усе лідары (па адным з кожнай краіны). А каардынатары займаюцца праверкай рашэнняў задач. Дык вось, перад тым, як прапанаваць на алімпіядзе, камплект задач разглядае і зацвярджае журы. Гэта робіцца для таго, каб праверыць, ці не вядомыя гэта ўжо задачы (магчыма, яны сустракаліся на іншых алімпіядах).

Задачы не выходзяць за межы школьнай матэматыкі, бо гэтага не павінна быць па азначэнні. Усе яны прадстаўляюцца па стандартнай класіфікацыі. Першая задача, як правіла, геаметрычная, другая — камбінаторная, трэцяя — на тэорыю лічбаў, чацвёртая — алгебраічная, пятая — па камбінаторыцы і шостая — геаметрычная.

У гэтым годзе залатыя медалі паехалі ў Боснію і Герцагавіну, Вялікабрытанію, Казахстан, Саудаўскую Аравію, Сербію, Францыю (усе — па адной), па дзве — у Венгрыю, Украіну, Расію, 4 — у ЗША. Амерыканка і адна дзяўчына з Украіны паказалі абсалютны вынік — 42 з 42.

Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат (EGMO) праводзіцца з 2012 года адзін раз на год у адной з еўрапейскіх краін. Час правядзення алімпіяды — сакавік — красавік. Мэтай алімпіяды з’яўляецца прадастаўленне магчымасці большай колькасці дзяўчат прыняць удзел у матэматычных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню і тым самым выявіць, падтрымаць матэматычна адораных навучэнак ва ўсіх еўрапейскіх краінах і звярнуць увагу на іх.

Трэба адзначыць, што наша краіна багатая на матэматычна адораных дзяўчат. Штогод нашы дзяўчаты прывозяць узнагароды з EGMO. А з 14 па 20 красавіка 2015 года мы прымалі 4-ю Еўрапейскую матэматычную алімпіяду для дзяўчат, у якой удзельнічалі прадстаўніцы з 29 краін. Права прымаць алімпіяду такога ўзроўню нашы дзяўчаты заваявалі ў 2013 годзе на 2-й алімпіядзе. Па выніках выступлення на алімпіядзе ў 2013 годзе ў Люксембургу каманда Рэспублікі Беларусь заняла 1-е агульнакаманднае месца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.