Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Прынцып Саюзнай дзяржавы — раўнапраўныя адносіны: ніякага не можа быць саюза, калі няма раўнапраўных адносін”

- 9:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка даў інтэрв’ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір”, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У час адкрытай размовы галоўная ўвага была ўдзелена тэме інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Прэзідэнт падзяліўся сваім бачаннем далейшага развіцця інтэграцыйных структур.

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб стане і перспектывах беларуска-расійскіх адносін. У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, правядзення сумесных стратэгічных вучэнняў “Захад-2017”, вынікі нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на актуальныя пытанні аб захаванні бяспекі ў рэгіёне і барацьбе з тэрарызмам у свеце.

У час інтэрв’ю была закранута тэма нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама тэракта, які адбыўся ў горадзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі, вядома ж, грунтоўна рыхтаваліся да перагавораў. “Вы ведаеце, што былі многія супярэчнасці, праблемы ў адносінах Беларусі і Расіі па пэўных пытаннях. Гэта напружвала і мяне, і прэзідэнта У.Пуціна. Усё гэта было непрыемна, тым больш, паміж нашымі дзяржавамі”, — расказаў ён.

“Мы ідзём на гэтую сустрэчу, якраз паралельна ў гэты ж момант адбываецца тэрарыстычны акт. І ўсе гэтыя праблемы, якімі мы жылі, можа, некалькі месяцаў да нашай сустрэчы (мы былі поўныя рашучасці, паспрачаўшыся недзе, рассячы гэты гордзіеў вузел), адышлі на задні план. Мы зразумелі сапраўдную каштоўнасць у гэтым жыцці. Што такое спрэчкі па нафце, па газе і іншае, калі нечакана ў цябе пад носам адбываецца тэрарыстычны акт і гінуць людзі, якіх мы павінны абараніць?” — задаў рытарычнае пытанне прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пасля трагічнага здарэння ў санкт-пецярбургскім метро пытанні бяспекі і абароны на перагаворах выйшлі на першы план. “Усё астатняе, жыццёвае, адышло на задні план, і мы менш прысвяцілі часу ўрэгуляванню гэтых пытанняў. Мы звярнулі ўвагу перш за ўсё на гэта, — заявіў ён. — Гэта нам быў урок у тую хвіліну, і гэта павінна паслужыць урокам усім”.

Прэзідэнт адзначыў у інтэрв’ю, што пляцоўку СНД страчваць нельга, але ўдзел павінен быць цікавы ўсім дзяржавам.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на постсавецкай прасторы цяпер функцыянуюць розныя інтэграцыйныя структуры. У некаторых з іх склаліся больш блізкія адносіны паміж краінамі, у іншых наладжана менш цеснае супрацоўніцтва. Прэзідэнт назваў гэтыя працэсы рознаўзроўневай інтэграцыяй.

“Дарэчы, Еўрапейскі саюз цяпер гэты тэрмін пачынае выкарыстоўваць. Вы бачыце, што там утвараецца больш прагрэсіўнае аб’яднанне, — група вялікіх дзяржаў, каб за сабой пацягнуць астатнія. І ўжываюць ужо гэты тэрмін — рознаўзроўневая інтэграцыя, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Так і ў нас атрымалася. Той, хто хацеў застацца ў СНД, застаўся. Нехта захацеў выйсці, як Грузія, — выйшлі. Нехта фактычна прыпыніў свой удзел у СНД, і тое не заўсёды — часам прыязджаюць на гэтае пасяджэнне прадстаўнікі Украіны. Але мы дамовіліся, што гэтую пляцоўку нельга страчваць”.

“А каб быў інтарэс і ўмацаваць яе, мы вырашылі надаць дзяржавам большую зацікаўленасць працаваць у СНД. Мы падпісалі дагавор аб зоне свабоднага гандлю, пайшлі на больш сур’ёзнае супрацоўніцтва. Цяпер мы павінны падпісаць дагавор аб свабодным перамяшчэнні паслуг, скажам так. Гэта значыць тое, што мы ўжо зрабілі часткова ў Еўр АзЭС, а больш у Саюзнай дзяржаве. Вопыт інтэграцый рознага ўзроўню спатрэбіўся. Трэба, каб была зацікаўленасць у гэтых дзяржаў, якія ўваходзяць у СНД”, — перакананы прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што кожная краіна, удзельнічаючы ў якіх-небудзь інтэграцыйных аб’яднаннях, шукае для сябе выгаду. Аднак да гэтага дзяржавы павінны падыходзіць асцярожна. “Выгада не павінна быць за кошт твайго суседа. Табе выгадна недзе, яму таксама недзе выгадна, недзе ты ўступаеш, недзе — ён. Але выгада — гэта абавязкова. Калі гэта нявыгадна, як бы гэта меркантыльна ні гучала: каму патрэбны нейкі саюз і нейкія крокі ў гэтым напрамку? — падкрэсліў ён. — Расія сваю выгаду шукае, беларусы і казахі сваю і г.д. Але мы знайшлі тыя пытанні, дзе гэта будзе выгадна. Гэта перш за ўсё эканоміка. Эканоміка звязвае так, што потым нікуды не пойдзеш. Гэта ў рамках СНД”.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што многія краіны абмяркоўваюць маючыя адбыцца вучэнні “Захад-2017”, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі.

“Сёння мне прыйшло пісьмо ад групы кангрэсменаў Злучаных Штатаў, у тым ліку там і вядомы персанаж Маккейн, які дэмакратыю ў Беларусі шукае, што мы тут кагосьці затрымалі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтыя спадары закранаюць і пытанне вучэнняў: для іх тут нейкая небяспека. А для нас не небяспека, што сёння НАТА актывізавалася ля нашых граніц? Расіяне любяць гаварыць, што гэта ля граніц Расіі. Калі гэта Калінінград, то так. Але трэба разумець, што гэта перш за ўсё ля беларускіх граніц. І трэба, каб еўрапейцы, натаўцы і Злучаныя Штаты разумелі, што ў процівагу калісьці мы стварылі сумесную групоўку на тэрыторыі Беларусі і на захадзе Расіі. Гэтая групоўка жывая, яна гатова дзейнічаць па абароне нашых інтарэсаў. Мы пры гэтым ні на каго не збіраемся нападаць, нам гэта не трэба. Ды і не здольныя мы сёння ваяваць супраць усяго свету. І У.Пуцін, і я гэта цудоўна разумеем. Але свайго не аддадзім, таму яны павінны нас разумець”.

Беларусь, Расія і Казахстан павінны разам змагацца з крызіснай сітуацыяй, а не паасобку, сказаў у інтэрв’ю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што, калі супраць Расіі ўвялі санкцыі, гэта паўплывала на эканамічнае развіццё суседніх з ёй дзяржаў, у прыватнасці Беларусі і Казахстана. “І замест таго, каб разам выбірацца з гэтай сітуацыі (гэта тычыцца перш за ўсё галоўнага нашага саюзніка — Расіі), мы пачалі ажыццяўляць дзеянні, каб неяк у адзіночку выбрацца з яе”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Для гэтага дзяржавы прыкрываюць свой рынак, уводзяць забароны і абмежаванні на пастаўкі рознай прадукцыі з суседніх краін. “Гэта значыць, спрабуем адысці адзін ад аднаго і абараніцца ў адзіночку. Гэта няправільна ў гэтай сітуацыі. Трэба дзейнічаць разам, разам будзе лягчэй, — лічыць прэзідэнт. — Хіба гэта нармальна, што ў нас у мінулым, па-мойму, годзе амаль на 40 працэнтаў знізіўся тавараабарот, у гэтым годзе ідзе спад тавараабароту? Гэта ненармальна”.

“Хто б мог падумаць, што мы на роўным месцы пачнём спатыкацца? Гэта ненармальна. Павінны працаваць усе нашы дзяржаўныя органы і структуры і не выводзіць гэтыя праблемы на самы высокі ўзровень, калі іх можна вырашаць на ведамасным узроўні, нават не на ўрадавым”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Давайце не будзем замыкацца ў нацыянальных рамках. Так, стала складаней, увялі санкцыі супраць Расіі, па асобных напрамках і супраць Беларусі яшчэ захоўваюцца. Зразумела, ёсць праблемы. Дык давайце разам будзем дзейнічаць. Якраз момант, які нас павінен падштурхоўваць да яднання, да аб’яднання, а мы, наадварот, ствараем праблемы, каб не аб’ядноўвацца, а разыходзіцца ў розныя бакі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што калі б у свой час краіны не адышлі ад плана па пабудове Саюзнай дзяржавы, то цяпер бы не ўзнікала пытанняў не толькі з боку журналістаў, але і з боку беларусаў і расіян. “Я маю на ўвазе дагавор аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Але мы ж ад яго адышлі. А павінны былі правесці рэферэндум і стварыць агульны закон — агульную Канстытуцыю нашай будучай Саюзнай дзяржавы. Але ў свой час мы гэтага не зрабілі, узялі асобныя пытанні і пачалі іх вырашаць. Дзякуй богу, хоць так рабілі, гэта не на шкоду”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаварыць аб паўнацэнным фарміраванні Саюзнай дзяржавы з усёй уласцівай ёй атрыбутыкай (агульнай Канстытуцыяй, адзінай валютай і гэтак далей) пакуль не даводзіцца. “Мы сёння да гэтага не гатовы. І не столькі беларусы, колькі расіяне, расійскае кіраўніцтва. Але трэба тады вырашаць іншыя пытанні. Што тычыцца людзей — мы нямала зрабілі. Цяпер трэба на эканоміку паглядзець”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

У прыватнасці, размова ідзе аб роўных умовах для развіцця і функцыянавання прадпрыемстваў. “Якія тут роўныя ўмовы, калі мы, прадпрыемствы нашы, атрымліваем прыродны газ у пяць разоў даражэйшы, чым Расія? А агульны рынак, як там канкурыраваць? Вось і даводзіцца сабекошт скарачаць, каб адпаведную цану трымаць, і людзям зарплату меншую плаціць, і іншыя мерапрыемствы праводзіць. І мадэрнізацыю складана весці, таму што прыбытак змяншаецца, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі пайшлі на саюз, давайце хоць у рамках саюза Беларусі і Расіі прадэманструем, што мы можам стварыць роўныя ўмовы і для жыцця людзей, свабоднага перамяшчэння, працаўладкавання, сацыяльных пытанняў, аховы здароўя, адукацыі і гэтак далей, і для прадпрыемстваў”.

“Прынцып Саюзнай дзяржавы — раўнапраўныя адносіны: ніякага не можа быць саюза, калі няма раўнапраўных адносін. Гэта не значыць — узяць усё, што ў нас ёсць, у Расіі і Беларусі, і пароўну падзяліць. Я неяк гаварыў: калі гэта ўзяць і пароўну падзяліць, то мы падавімся ад таго кавалка, які дастанецца Беларусі. Мы на гэта і не прэтэндуем. Там 140 млн, 145 млн ужо, напэўна, чалавек, а ў нас менш за 10 млн. Навошта мы будзем прэтэндаваць на роўныя долі? Ні ў якім разе. Мы павінны проста сумленна ў гэтых адносінах працаваць і даць магчымасць працаваць прадпрыемствам і там, і тут”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.