Гэты тыдзень для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі стаў знамянальным калегіяй Міністэрства адукацыі, прысвечанай увядзенню профільнай адукацыі з 1 верасня 2015 года. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта, Савета Міністраў, дэпутацкага корпуса, начальнікі абласных (раённых) упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, рэктары ўніверсітэтаў, прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, АПА, НІА,члены клуба “Крыштальны журавель”. Ключавым стала выступленне намесніка міністра адукацыі Раісы Сідарэнка, якая вызначыла канцэптуальныя пытанні ўвядзення профільнай адукацыі.
Невялікі экскурс у гісторыю. Гісторыя профільнай адукацыі ў нашай краіне пачынаецца ў сярэдзіне XX стагоддзя. У 2008 годзе было прынята рашэнне аб рэалізацыі павышанага ўзроўню выкладання прадметаў з выкарыстаннем факультатыўных заняткаў. Пры гэтым змест і базавага, і павышанага ўзроўню вызначаўся адзінымі вучэбнымі праграмамі.
На калегіі Мінадукацыі ў 2013 годзе падсумавалі: скарачэнне колькасці гадзін на вывучэнне прадметаў, адмена дыферэнцыяцыі ў колькасці адведзеных гадзін на вывучэнне гэтых прадметаў, выдзяленне часу на факультатыўныя заняткі не садзейнічае павышэнню якасці школьнай адукацыі. Было прынята рашэнне з 2013/14 навучальнага года дазволіць выкладанне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў сярэдніх школах (як было ў гімназіях і ліцэях). У выніку ў 1266 класах (20% ад агульнай колькасці класаў) было арганізавана навучанне на павышаным узроўні. Пры гэтым вучэбныя праграмы не мяняліся.
Што мы маем на сённяшні дзень? Як заўважыла Раіса Станіславаўна, колькасць навучэнцаў, выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі 2014 года, якія не змаглі пераадолець па выніках ЦТ усталяваны мінімальны бал, вагаецца ад 3,7% па біялогіі да 24% па фізіцы. Па трох вучэбных прадметах гэты паказчык не перавысіў 10%. Колькасць выпускнікоў гімназій і ліцэяў, якія не змаглі пераадолець неабходны мінімум, значна меншая.
Вынікі ЦТ за апошнія 3 гады сведчаць, што сярэдні бал выпускнікоў гімназій і ліцэяў вышэйшы, чым сярэдні бал выпускнікоў сярэдніх школ. Але разам з тым вынікі ЦТ не трэба атаясамліваць з якасцю адукацыі. Больш паказальнымі з’яўляюцца іншыя лічбы: даныя маніторынгу якасці ведаў НІА, які праводзіцца з 2008 года. Быў прыведзены такі прыклад. У 2007/2008 навучальным годзе напярэдадні адмены профільнай адукацыі веды на высокім і дастатковым узроўні прадэманстравалі 77% навучэнцаў 9—10 класаў, на здавальняючым і нізкім — 23%. У 2012/2013 навучальным годзе на здавальняючым і нізкім узроўні аказаліся 65,5% навучэнцаў, на высокім і дастатковым — 35%. Як адзначыла Раіса Станіславаўна, большых аргументаў на карысць профільнай адукацыі і не трэба.
У 2014 годзе кіраўніком дзяржавы была падтрымана прапанова ўрада і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь аб увядзенні з 2015/2016 навучальнага года профільнага навучання і конкурснага адбору ў 10 клас. Як падкрэсліла Раіса Сідарэнка, перавагі профільнага навучання цалкам відавочныя. На дзяржаўным узроўні профільнае навучанне будзе садзейнічаць павышэнню канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі і створыць неабходныя ўмовы для фарміравання і выкарыстання чалавечага капіталу ў мэтах забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага і духоўнага развіцця краіны.
Увядзенне профільнай адукацыі забяспечыць рацыянальнае размеркаванне патокаў выпускнікоў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі па каналах далейшага атрымання адукацыі з улікам рэальных патрэб рынку працы. У рэгіёнах такая арганізацыя адукацыйнага працэсу дазволіць больш рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя, фінансавыя, кадравыя рэсурсы, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будзе садзейнічаць стварэнню неабходных умоў для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, дасць магчымасць пабудаваць адукацыйны працэс на аснове дыферэнцыяцыі, індывідуалізацыі навучання.
Для навучэнцаў профільнае навучанне выступіць сродкам задавальнення патрэб у вывучэнні на павышаным узроўні вучэбных прадметаў, неабходных для далейшай адукацыі. І тут жа трэба сказаць, што ўвядзенне профільнага навучання будзе спрыяць выкараненню такой масавай на сёння з’явы, як рэпетытарства. Па выніках апытання бацькоў, якое было праведзена ў снежні 2013 года, заняткі з рэпетытарам наведвалі 52% адзінаццацікласнікаў і яшчэ 20% не выключалі зварот да іх на пэўным этапе падрыхтоўкі да паступлення. Разам з тым большая палова бацькоў і настаўнікаў (54 і 56% адпаведна) лічыць, што вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў межах профільных класаў можа стаць альтэрнатывай рэпетытарству.
Па выніках анкетавання ў 2013/2014 навучальным годзе ў 20 установах адукацыі вучэбныя прадметы на павышаным узроўні вывучалі 65% дзесяцікласнікаў. У 2014/2015 навучальным годзе гэтыя ж вучэбныя прадметы на павышаным узроўні вывучаюць 55% дзесяцікласнікаў. Назіраецца тэндэнцыя да змяншэння. Найбольш выразна яна праяўляецца ў сельскіх школах, дзе ў 2013/2014 навучальным годзе павышаным узроўнем навучання было ахоплена 50%, у 2014/2015 — 28% навучэнцаў. У гарадскіх агульнаадукацыйных установах адукацыі — 70 і 62% адпаведна.
Чаму так адбываецца? Для паўнацэннай арганізацыі профільнага навучання ў школе абавязковымі для выканання з’яўляюцца тры ўмовы: наяўнасць добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтаваныя настаўнікі і матываваныя дзеці. Менавіта з гэтых крытэрыяў павінны зыходзіць кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пры прыняцці рашэння аб адкрыцці профільных класаў і вызначэннні напрамкаў профіляў.
На сённяшні дзень пераважная большасць дырэктараў школ, гімназій і ліцэяў заяўляе аб гатоўнасці да пераходу на профільнае навучанне. Аднак, як заўважыла Раіса Станіславаўна, вынікі апытанняў настаўнікаў сведчаць пра тое, што ў іх ёсць пэўныя цяжкасці з выкладаннем прадметаў на павышаным узроўні. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі рэкамендуе ўсім метадычным службам неадкладна падключацца да перападрыхтоўкі педагогаў. У першую чаргу на семінарах і курсах трэба разглядаць пытанні методыкі, тэхналогіі і зместу адукацыі ў профільных класах.
Яшчэ адным немалаважным фактарам паспяховага функцыянавання профільных класаў з’яўляецца прафарыентацыйная работа ўстаноў адукацыі. Аднак вынікі маніторынгу, прыведзеныя Раісай Станіславаўнай, сведчаць, што трэцяя частка апытаных школьнікаў і палова бацькоў недастаткова інфармаваны пра запатрабаванасць розных спецыялістаў на рынку працы. Трэцяя частка навучэнцаў і 42% бацькоў маюць патрэбу ў дадатковых кансультацыях па пытаннях прафарыентацыі. Асабліва запатрабаванай з’яўляецца інфармацыя пра патрэбы і схільнасці дзіцяці да той ці іншай прафесійнай дзейнасці. Наяўнасць вучняў, якія лічаць, што памыліліся з выбарам профільных прадметаў, сведчыць пра недастаткова эфектыўную псіхолага-педагагічную падтрымку навучэнцаў пры выбары вучэбных прадметаў, якія вывучаюцца на факультатывах і на павышаным узроўні. Як адзначыла Раіса Станіславаўна, найважнейшай умовай якаснай арганізацыі профільнага навучання з’яўляецца дапрофільная падрыхтоўка. А профільная дыягностыка, якая прэваліруе ва ўстановах адукацыі, — гэта толькі адзін са складнікаў дапрофільнай падрыхтоўкі.
Прыведзеныя факты маніторынгу сведчаць, што работа па стварэнні неабходных умоў павінна ўдасканальвацца. Як справядліва заўважыла Раіса Станіславаўна, зыходзіць трэба з ацэнкі рэальнай сітуацыі, бо нельга вярнуцца ў час, які папярэднічаў адмене профільнай адукацыі (да 2007—2008 гадоў). Безумоўна, рэаліі сённяшняга дня патрабуюць актуалізацыі назапашанага вопыту, але яго нельга проста капіраваць, бо ён патрабуе карэкціроўкі і шліфоўкі.
Асноўнымі праблемамі ў арганізацыі профільнага навучання на сучасным этапе з’яўляюцца:
– адсутнасць нарматыўна замацаванага механізма камплектацыі профільных класаў з улікам запытаў навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама патрэб рэгіянальнай кадравай палітыкі;
– нераспрацаванасць на нарматыўна-прававым і метадычным узроўні мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння ў сістэме профільнай адукацыі;
– адсутнасць шырокай практыкі выкарыстання дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій.
Але, як падкрэсліла Раіса Станіславаўна, па ўсіх абазначаных кірунках ідзе адпаведная работа. Разам з тым, па словах намесніка міністра, пры ажыццяўленні профільнай адукацыі неабходна кансалідацыя ўсіх рэсурсаў, намаганняў устаноў адукацыі і зацікаўленых. Пры арганізацыі профільнай адукацыі неабходна вырашыць шэраг пытанняў на ўсіх узроўнях.
У прыватнасці, размова ідзе пра стварэнне рэгіянальных мадэлей дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, арганізацыю сеткавага ўзаемадзеяння ў сістэме профільнага навучання, тым больш што адпаведны вопыт ужо ёсць.
Найбольшая колькасць пытанняў па арганізацыі профільнага навучання ўзнікае ў кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, бо адкрыццё профільных класаў — гэта ўнясенне змен у планаванне дзейнасці ўстановы адукацыі, распрацоўка вучэбнага плана з улікам магчымасцей рэалізацыі мультыпрофільнай адукацыі, стварэнне мадэлі арганізацыі профільнай адукацыі і дапрофільнай падрыхтоўкі на аснове ўзаемадзеяння ўсіх структурных звёнаў, выяўленне праблем у дзейнасці педагогаў па пытаннях профільнай адукацыі і кіраванне развіццём прафесійнай кампэтэнтнасці педагогаў, якія рэалізоўваюць профільнае навучанне.
Для арганізацый і ўстаноў, якія ажыццяляюць навукова-метадычнае суправаджэнне, прыярытэтным павінна стаць узмацненне інтэграцыі адукацыйных і прадметных галін за кошт яе накіраванасці на жыццёвае і прафесійнае самавызначэнне выпускнікоў. Без рэалізацыі міжпрадметных сувязей, без інтэграцыі адукацыйных прадметных галін будзе немагчыма якасна, без шкоды для адукацыйнага працэсу, разгрузіць існуючыя праграмы да базавага ўзроўню, і скласці неабходныя праграмы для павышанага ўзроўню навучання.
І яшчэ адзін важны момант, на якім засяродзіла ўвагу Раіса Станіславаўна, — гэта часавыя межы ўвядзення профільнай адукацыі. Як ужо адзначалася вышэй, стартуем 1 верасня. Да жніўня бягучага года будуць падрыхтаваны канцэпцыя, адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы як для базавага, так і для павышанага ўзроўню, праграмы факультатыўных заняткаў для 9 класаў (для ажыццяўлення дапрофільнай падрыхтоўкі па ўсіх вучэбных прадметах), метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі профільнага навучання і дапрофільнай адукацыі. Задача ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — вывучыць адукацыйныя запыты навучэнцаў.
Але, як неаднаразова ў сваім выступленні падкрэслівала намеснік міністра, лозунг “Кожнай школе па профільнаму класу” абсалютна недапушчальны. Кожны крок у рэалізацыі профільнага навучання павінен быць прадуманым і прафесійным.
У канцы свайго выступлення Раіса Станіславаўна адзначыла, што з наступнага 2015/2016 навучальнага года ў практыку вяртаецца ўвядзенне тыпавога вучэбнага плана на кожны год. З 1 верасня 2015 года запускаюцца дзве пазіцыі: профільнае навучанне і рэалізацыя вучэбнага плана і вучэбных праграм, якія будуць садзейнічаць адноснай завершанасці базавай адукацыі. У сувязі з гэтым праграма 5 класа з 1 верасня будзе адрознівацца ад сённяшняй у 5 класе. У прыватнасці, у новай праграме прадугледжаны такі прадмет, як “Айчынная і сусветная культура”.
На навукова-метадычным забеспячэнні профільнай адукацыі ў сваім выступленні спынілася намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі доктар педагагічных навук Людміла Андрэеўна Худэнка. Сёння НІА вельмі актыўна займаецца распрацоўкай неабходнага навукова-метадычнага забеспячэння. З увядзеннем профільнай адукацыі адбываецца дыферэнцыяцыя зместу адукацыі. Змест адукацыі прадстаўляецца на двух узроўнях: базавым і павышаным. У вопыце нацыянальнай адукацыі ёсць арганізацыя навучання на трох узроўнях: базавым, павышаным і паглыбленым. У свой час увядзенне паглыбленага ўзроўню прывяло да таго, што ў школьную праграму перайшла частка зместу адукацыі 1 курса ўніверсітэтаў, у чым ніякай патрэбы не было.
Як адзначыла Людміла Андрэеўна, зараз змест адукацыі дыферэнцыраваны на два ўзроўні. Базавы ўзровень зместу адукацыі — гэта той неабходны адукацыйны мінімум, аснова, адукацыйнае ядро, якое з’яўляецца абавязковым для ўсіх навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны. І ўсе пераўтварэнні ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляюцца на аснове базавай адукацыі.
Павышаны ўзровень вывучэння дае пэўны запас трываласці ў ведах, уменнях, навыках, спосабах дзейнасці, асобасных, прадметных, мэтапрадметных кампетэнцыях для якаснага ажыццяўлення прафесійнага выбару.
Агульная базавая адукацыя прывяла да пэўных негатыўных наступстваў. На гэтым адзіным узроўні распрацоўшчыкі праграм і вучэбна-метадычнага забеспячэння паспрабавалі захаваць фундаментальнае ядро адукацыі (бо не было ні павышанага ўзроўню, ні паглыбленага). У выніку праграмы і вучэбныя дапаможнікі аказаліся перагружанымі вучэбным матэрыялам. Стварылася сітуацыя парушэння балансу паміж аб’ёмам зместу адукацыі і колькасцю гадзін на яго вывучэнне. У выніку не адбывалася (на патрэбным узроўні) фарміраванне практычных уменняў, замацаванне атрыманых ведаў. Практычна на кожным уроку настаўнік уводзіў новы матэрыял, а на адпрацоўку ўменняў часу не заставалася.
А з іншага боку, як заўважыла Людміла Андрэеўна, аўтары падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, распрацоўшчыкі праграм паспрабавалі даць педагогу, называючы ўзровень базавым, пэўны запас вучэбнай інфармацыі для матываваных дзяцей.
На гэтым этапе неабходна дыферэнцыраваць базавы і павышаны ўзроўні. Перш за ўсё неабходна разгрузіць сёння існуючы базавы ўзровень. За кошт чаго гэта можна зрабіць?
Аб’ём вучэбнага матэрыялу базавага ўзроўню неабходна прывесці ў адпаведнасць з колькасцю гадзін, неабходных на яго засваенне. Па словах Л.А.Худэнка, разгрузіць змест адукацыі на базавым узроўні можна за кошт рэалізацыі на неабходным узроўні міжпрадметных сувязей. Гэта асноўная праблема, якая на сённяшні дзень у нашым змесце адукацыі не рэалізавана. “Рэалізуючы міжпрадметныя сувязі, мы аблегчым навучэнцам засваенне зместу адукацыі, створым неабходную аснову для атрымання ведаў, фарміравання прадметных, мэтапрадметных кампетэнцый”, — сказала Людміла Андрэеўна.
Частку вучэбнага матэрыялу базавага ўзроўню неабходна перавесці ў разрад азнаямляльнага вывучэння для фарміравання агульных уяўленняў. Тут размова ідзе пра змяненне патрабаванняў да ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзеяння, кампетэнцый на базавым і павышаным узроўнях. Далей трэба перавесці на павышанае вывучэнне асобныя раздзелы і тэмы, выключэнне якіх не парушае цэласную навуковую карціну прадмета.
Трэба пазбавіцца ад тэрміналагічнай насычанасці, залішняй дэталізацыі, прыбраць лішнія аб’ёмы факталагічнай інфармацыі, якая патрабуе механічнага запамінання. У сувязі з асноўнымі складнікамі кампетэнтнаснага падыходу частку матэрыялу, які сёння засвойваецца на тэарэтычным узроўні, перавесці на практычны ўзровень засваення (з дапамогай практыкаванняў, заданняў, задач і г.д.).
На павышаным узроўні навучання вучні ў большай меры павінны паглыбляцца ў асэнсаванне ўнутраных узаемасувязей паміж з’явамі, прадметамі, аб’ектамі, фактамі, пераходзіць на ўзровень аргументаванага доказу, узмацнення доказнай базы.
Такое комплекснае навукова-метадычнае забеспячэнне, якое прапануе НІА, дазволіць ажыццявіць з 1 верасня пераход на профільную адукацыю. 85% педагогаў лічаць, што для павышанага ўзроўню неабходна асобнае навукова-метадычнае суправаджэнне. Але, як заўважыла Людміла Андрэеўна, гэтае пытанне патрабуе вывучэння, у тым ліку і фінансавага асэнсавання.
Адказваючы на пытанне з залы, Людміла Андрэеўна яшчэ раз адзначыла, што поўнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу паміж базавым і павышаным узроўнямі адбудзецца праз пяць гадоў, калі выйдзем на этап адноснага завяршэння базавай адукацыі. Як падкрэсліла Людміла Андрэеўна, пераход да паўнацэннай профільнай адукацыі павінен быць плаўным і сістэмным.
Яшчэ раз увага прысутных была засяроджана на тым, што ў новым навучальным годзе цяперашнія дзевяцікласнікі могуць застацца вучыцца ў базавым класе, або перайсці на навучанне ў профільны (пры ўмове наяўнасці адзнакі па профільных прадметах не ніжэй за 7 і агульнага бала пасведчання не ніжэй за 6). Базавыя класы будуць захаваны і надалей, таму за дзевяцікласнікам будзе захавана права выбару.
Яшчэ адно пытанне, якое ўзнікла ў зацікаўленай аўдыторыі, — гэта ўмовы паступлення ва УВА сённяшніх дзевяцікласнікаў праз два гады навучання ў профільных класах. На гэта прадстаўнікі міністэрства адказалі, што калі будуць зменены падыходы да зместу адукацыі ў профільных класах, то гэтыя змены закрануць і ЦТ.
Затым пра фарміраванне рэгіянальнай мадэлі профільнага навучання гаварыла Святлана Мікалаеўна Баркоўская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама. Святлана Мікалаеўна заўважыла, што практыка арганізацыі профільнай адукацыі знаёма кожнай установе Ашмянскага раёна.
На дадзены момант крыху больш за 50% старшакласнікаў (вучняў 10—11 класаў) вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Такое навучанне арганізавана ў 6 агульнаадукацыйных установах раёна, дзе працуюць па дзвюх мадэлях: аб’яднанне прадметаў аднаго напрамку і аб’яднанне ў класе вучняў, якія вывучаюць на павышаным узроўні прадметы некалькіх напрамкаў. Акрамя таго, у раёне арганізаваны прадметныя факультатывы, ахоп якімі складае больш за 60%. Добра зарэкамендавалі сябе і міжшкольныя факультатывы, асабліва педагагічнай накіраванасці.
У раёне — 363 вучні 9-х класаў. Згодна з папярэднім апытаннем, у 10 клас збіраюцца 196 вучняў. Ужо некалькі гадоў у раёне практыкуюцца субяседаванні з дзевяцікласнікамі і іх бацькамі па паступленні ў 10 клас. Далейшы адукацыйны маршрут вызначаецца ў першай чвэрці 9 класа. Вынікам такой работы з’яўляецца тое, што ў гэтым вучэбным годзе толькі 10% вучняў раёна з сярэднім балам 6 і ніжэй пайшлі вучыцца ў 10 клас.
Як адзначыла Святлана Мікалаеўна, зыходзячы з праведзенага аналізу неабходных умоў для арганізацыі профільных класаў, цяжка будзе задаволіць запыты вучняў вясковых школ. Для вырашэння абазначанай праблемы можна прапанаваць два напрамкі: арганізацыя падвозу або прадастаўленне інтэрната. Але ні схему падвозу, ні месца ў інтэрнаце прадаставіць у Ашмянскім раёне немагчыма. У выніку, па словах Святланы Мікалаеўны, выйсцем з такога становішча можа стаць дазвол дзяліць вясковыя класы на групы, меншыя за тры чалавекі.
На сённяшні дзень арганізацыя профільных класаў у Ашмянскім раёне рэальная на базе дзвюх устаноў адукацыі, бо менавіта ў іх ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, кадравы патэнцыял і неабходная напаўняльнасць класаў.
Станіслаў Рыгоравіч Рачэўскі, першы прарэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, спыніўся на метадычным суправаджэнні профільнай адукацыі, акцэнт у якім неабходна зрабіць на павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў у сферы арганізацыі профільнай адукацыі. І тут нарузку трэба размеркаваць паміж школьнымі, раённымі вучэбна-метадычнымі фарміраваннямі, абласнымі інстытутамі і Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.
Як заўважыў Станіслаў Рыгоравіч, мэтазгодна выкарыстоўваць каскадную сістэму падрыхтоўкі. У прыватнасці, у Брэсцкім ІРА ідзе актыўная работа па вывучэнні тэарэтыка-метадалагічных асноў прафілізацыі, сучасных педагагічных тэхналогій і методык, неабходных для работы ў профільных класах. У планах — арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння дадатковай адукацыі ў сферы профільнага навучання.
Умовы, перавагі і магчымыя рызыкі мультыпрофільнай адукацыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі сталі тэмай выступлення дырэктара сярэдняй школы № 1 Салігорска Валянціны Міхайлаўны Каштальян. Арганізацыя мультыпрофільнай адукацыі патрабуе шматлікіх змен і пераўтварэнняў, але такая адукацыя дае магчымасць выбару кожнаму ўдзельніку адукацыйнага працэсу, бо прадугледжвае індывідуальны вучэбны план і ўласную траекторыю развіцця. Але, каб падрыхтаваць навучэнца да ўсвядомленага выбару, трэба правесці вялікую работу і адміністрацыі навучальнай установы, і настаўнікам, і псіхалагічнай службе.
Як адзначыла Валянціна Міхайлаўна, адной з важных асаблівасцей мультыпрофільнага навучання з’яўляецца тое, што яго арганізацыя не патрабуе дадатковага фінансавання, а вынікам такога навучання з’яўляюцца гарантавана высокія балы на ЦТ. Разам з тым, па словах Валянціны Міхайлаўны, не трэба прыніжаць планку настаўніка, які працуе ў базавых класах, бо гэтаму настаўніку працаваць складаней, чым у класе з высокаматываванымі дзецьмі. Прафесійныя педагогі павінны працаваць і ў базавых класах, і ў класах з павышаным узроўнем навучання. Прынамсі, вопыт сведчыць менавіта пра такі падыход.
Эмацыянальным стала выступленне дэпутата камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіла Мікалаевіча Волкава, у мінулым вельмі паспяховага настаўніка матэматыкі. Міхаіл Мікалаевіч прадставіў сваё перспектыўнае бачанне якаснай арганізацыі профільнага навучання. Па меркаванні дэпутата, на трэцяй ступені навучання павінны вучыцца дзеці матываваныя, здольныя засвойваць прапанаваную праграму. Для гэтага павінен быць пэўны конкурс.
У профільных класах павінна быць адпаведная праграма, поўная і з паслядоўна выбудаванымі тэмамі, калі кожная новая тэма з’яўляецца лагічным працягам папярэдняй. Яшчэ неабходна аднавіць міжпрадметныя сувязі. Будуць створаны адпаведныя праграмы, значыць, з’явіцца патрэба ў новых падручніках, да стварэння якіх, па меркаванні М.М.Волкава, неабходна прыцягнуць педагагічную грамадскасць. Палічыць колькасць гадзін, неабходных на вывучэнне прадметаў, — таксама ўмова паспяховай профільнай адукацыі. І яшчэ адзін пункт: шосты школьны дзень у профільных класах неабходна абавязкова перавесці ў разрад вучэбных, бо сёння старшакласнікі вучацца па 7—8 урокаў, пасля якіх займаюцца музыкай, спортам, самападрыхтоўкай, падрыхтоўкай да алімпіяд.
“Профільнае навучанне — гэта не новая з’ява для нашай сістэмы адукацыі. І не трэба спяшацца ў рэалізацыі канцэпцыі такой адукацыі. У нас ёсць прыклады навучання на павышаным узроўні. Ёсць вопытныя настаўнікі. Нам трэба ўпарадкаваць гэтую сістэму і пабудаваць лагічную, паслядоўную сістэму профільнай адукацыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, — рэзюмаваў міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.