Профільны клас «Юны пракурор» адкрыўся ў сталічнай гімназіі № 38

- 10:03Новости

25 вучняў будуць спасцігаць тонкасці юрыдычнай сферы, азнаёмяцца з гісторыяй стварэння органаў пракуратуры і асноўнымі напрамкамі іх дзейнасці, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» дырэктар мінскай гімназіі № 38 імя М.А. Шугаева Наталля Васільчанка.

На ўрачыстай лінейцы прысутнічаў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. Ён адзначыў, што гэты клас — першы ў Мінску, але ўжо пяты ў краіне.

Навучэнцы ў прысутнасці пачэсных гасцей, педагогаў і бацькоў паабяцалі стаць узорам законнасці і правапарадку, праявіць цвёрдасць і ўпартасць у вучобе, свята шанаваць і захоўваць памяць аб гераічных і трагічных старонках нашай гісторыі.

Генпракурор наведаў музей «Памяць і час», экспазіцыя якога была адкрыта ў гімназіі ў Год гістарычнай памяці — 5 верасня 2022 г. А. Швед правёў «Урок ад пракурора», на якім расказаў аб сваім прафесійным станаўленні, асаблівасцях службы ў органах пракуратуры, патрабаваннях, што прад’яўляюцца да работнікаў, а таксама адказаў на пытанні дзяцей. Кожны вучань атрымаў Кодэкс гонару пракурорскага работніка і памятныя падарункі. Установе адукацыі былі перададзены кнігі «Пракуратура Беларусі 100 гадоў. Гісторыя і сучаснасць», «Генацыд беларускага народа», «Апошнія сведкі» і інш.

— Адкрыццё класа прававой накіраванасці — значная падзея ў жыцці гімназіі. Гэта крок да фарміравання будучых абаронцаў закону і справядлівасці. Навучанне ў гэтым класе дае вялікія магчымасці. Яно звязана з фарміраваннем прафесійных навыкаў, развіццём прававой адукаванасці, выхаваннем пачуцця гордасці і годнасці, — падкрэсліла Н. Васільчанка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены гімназіяй № 38 імя М.А. Шугаева