Навагодняе перамір’е ў Данбасе павінна стаць бестэрміновым. Такая заява спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка размешчана на сайце арганізацыі.
“Праведзены 27 снежня 2017 года абмен утрымліваемымі асобамі, першы такі з верасня 2016 года, паказаў, што пры наяўнасці палітычнай волі складаныя праблемы могуць знайсці сваё вырашэнне. Я заклікаю бакі канфлікту прадоўжыць гэтае пазітыўнае пачынанне і ў далейшым працаваць разам над умацаваннем узаемнага даверу. З нагоды святкавання праваслаўнага Ражджаства і надыходзячага Старога Новага года настойліва звяртаюся да бакоў канфлікту з заклікам строгага захавання ўсёабдымнага, устойлівага і бестэрміновага спынення агню”, — гаворыцца ў заяве.
Рэжым спынення агню ў зоне канфлікту дзейнічае з 23 снежня. Як адзначыў у эфіры тэлеканала АНТ адзін з кіраўнікоў спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне Аляксандр Хуг, у перыяд свят назіраецца паляпшэнне сітуацыі з бяспекай у рэгіёне. Так, калі 19 снежня было зафіксавана каля 3,5 тысячы парушэнняў рэжыму спынення агню, то 24 снежня — толькі 64.
Аднавіць актыўную работу пасля нядоўгага перапынку ўжо гатова кантактная група. Чарговы раўнд кансультацый дыпламаты правядуць у Мінску 18 студзеня.