Прыемныя клопаты, або Ранец рыхтуюць летам

- 16:36Адукацыйная прастора, Рознае

Неяк непрыметна і хутка прайшлі два першыя летнія месяцы, саступіўшы месца жніўню. Не за гарамі восень, верасень, а разам з ім і новы навучальны год. Большасць магілёўскіх школьнікаў разам з бацькамі пачалі старанную падрыхтоўку да школьных будняў. Як высветлілася, па вобласці створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб бацькі мелі магчымасць загадзя сабраць дзіця ў школу.

— Сёлета школьныя базары на Магілёўшчыне, як і ў мінулым годзе, пачалі дзейнічаць з сярэдзіны ліпеня. З мэтай поўнага задавальнення пакупніцкага попыту зараз працуюць 70 такіх мэтавых кірмашоў. Тавары для школьнікаў прапаноўваюць дваццаць пастаянна дзеючых, а таксама пяцьдзясят базараў, якія працуюць у выхадныя дні. Самы буйны школьны кірмаш размясціўся ў абласным цэнтры. Ён будзе працаваць кожны дзень з 1 па 31 жніўня. Тут задзейнічана больш за восемдзесят суб’ектаў гандлю, якія прапаноўваюць разнастайныя тавары, неабходныя для падрыхтоўкі да новага навучальнага года, — ад канцылярскіх прылад і ранцаў да школьнага адзення і абутку, — расказаў галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Лацянкоў.

Для больш патрабавальных бацькоў у Магілёве і раённых гарадах арганізавана работа адпаведных гандлёвых кропак, а ў магазінах створаны спецыяльныя куткі для першакласнікаў і школьнікаў.

— У перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года гандлёвыя арганізацыі атрымліваюць звыш васьмідзесяці працэнтаў ад закупленых раней аб’ёмаў тавараў школьнага асартыменту. Выбар і на школьных базарах, і ў магазінах будзе больш чым шырокім, ажыятажу або дэфіцыту не прадбачыцца, — адзначыў Дзмітрый Мікалаевіч.

У афіцыйных звестках пераконваюць непасрэдна гандлёвыя павільёны галоўнага школьнага кірмашу вобласці. Трапіўшы сюды, бацькі і дзеці сапраўды могуць купіць усё і адразу, хутка сабраўшы патрэбныя для школы рэчы.

На кірмашы прадстаўлена разнастайнае школьнае адзенне, абутак, скургалантарэя, канцылярскія прылады. Пакупнікі маюць магчымасць выбару па мадэлях, матэрыялах, расфарбоўцы, відах тавараў. У асноўным прапаноўваецца прадукцыя айчыннай вытворчасці. Напрыклад, школьная форма для хлопчыкаў і дзяўчынак прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі канцэрна “Беллегпрам”, а менавіта: адзеннем ад швейных фабрык “Славянка”, “БелКрэда”, “Камінтэрн”, “Надэкс”, “Світанак” і іншых.

Магіляўчанка Ірына Есянкова разам з сынам Сашам рыхтуюцца пайсці ў школу першы раз.

— Мы ўжо амаль усё набылі. Купілі прыгожы касцюм і абутак. Зараз шукаем кашулю і спартыўны касцюм. Набудзем гэтыя рэчы і будзем чакаць Дня ведаў, — падзялілася пакупніца.

Загадзя рыхтуе дзяцей да школы і жыхарка Магілёва Алеся Блок. Ды як жа інакш — гэта ж прыемныя клопаты! Да таго ж сёлета школьнікаў у яе сям’і прыбавілася. Дачка Лена ўжо сямікласніца, а сын Саша пойдзе ў першы клас.

— Дачцэ ўжо амаль усё купілі. Цяпер займаемся падрыхтоўкай сына да навучальнага года. Выбар тавараў на школьным базары вельмі вялікі. Таму пры набыцці рэчаў ацэньваем суадносіны кошту і якасці, — гаворыць маці школьнікаў.

Па інфармацыі ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама, зборы ў школу вучня малодшых класаў абыдуцца бацькам у 160—480 рублёў. На падрыхтоўку старшакласнікаў прыйдзецца выдаткаваць крыху больш сродкаў — 260—560 рублёў. Калі ў сям’і некалькі навучэнцаў, неабходныя пакупкі становяцца значнай брэшшу ў бацькоўскім бюджэце. Па гэтай прычыне і з мэтай аказання падтрымкі насельніцтву гандлёвыя арганізацыі праводзяць разнастайныя акцыі сацыяльнай накіраванасці. На набыццё школьных тавараў прымяняюцца мінімальныя надбаўкі, прадастаўляюцца разнастайныя скідкі, а таксама прапаноўваецца пакупка ў растэрміноўку і крэдыт.

Адметна, што прадугледжаны і іншыя віды падтрымкі сем’яў у перыяд збораў у школу. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова, мнагадзетным, малазабяспечаным, прыёмным і замяшчальным сем’ям будзе аказана разнастайная дапамога.

— На працягу жніўня ў вобласці арганізавана дабрачыннай акцыя “У школу — з радасцю”. Яе мэта — дапамагчы бацькам — выхавальнікам дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмным, замяшчальным сем’ям сабраць дзяцей у школу. У рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” прадугледжана выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі сем’ям, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей. На кожнага школьніка такія сем’і атрымаюць звыш 50 рублёў. Акрамя таго, малазабяспечаныя і мнагадзетныя сем’і могуць звярнуцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, дзе пры прадастаўленні пэўных дакументаў атрымаюць дзяржаўную сацыяльную адрасную дапамогу. Такая падтрымка з боку дзяржавы, несумненна, дапаможа бацькам паўнацэнна падрыхтаваць сваіх дзяцей да новага навучальнага года, — падкрэсліла Ірына Міхайлаўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.