Прыгадаем, як усё пачыналася…

- 11:50Вышэйшая школа

Алег Антонавіч Яноўскі прыкіпеў душой да гісторыі БДУ паўстагоддзя назад, калі яго яшчэ студэнтам далучылі да збору матэрыялаў да 50-годдзя ўніверсітэта. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта малады даследчык пачаў ствараць Музей гісторыі БДУ. Ён адкрыўся ў 1977 годзе і стаў ці не першым універсітэцкім музеем на прасторах саюза. А Алег Антонавіч дагэтуль па крупінках узнаўляе велічную гісторыю роднага ўніверсітэта. 

Нядаўна ў БДУ абвясцілі ўладальнікаў прэмій імя У.І.Пічэты і імя А.Н.Сеўчанкі за 2021 год. Гэта, напэўна, самыя прэстыжныя ўніверсітэцкія ўзнагароды, названыя ў гонар выбітных рэктараў. З нагоды 100-гадовага юбілею БДУ конкурс сёлета праводзіўся ў дзвюх намінацыях — “Навука” і “Адукацыя”. 

У намінацыі “Навука” прэміі імя У.І.Пічэты ўдастоены аўтарскі калектыў гістарычнага факультэта: загадчык кафедры гісторыі Расіі Алег Яноўскі, загадчык кафедры крыніцазнаўства Сяргей Ходзін і прафесар гэтай кафедры Міхаіл Шумейка. Такім чынам адзначаны цыкл іх навуковых прац па гісторыі БДУ “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: гісторыя, падзеі, людзі”.

— Зусім нядаўна выйшла з друку апошняя кніга пяцітомніка, які прысвечаны выдатным прадстаўнікам БДУ, — расказвае Алег Яноўскі, аўтар і навуковы рэдактар выдання. — Напісаны 132 нарысы, кожны з якіх — гістарычнае даследаванне. Прадстаўлены біяграфіі многіх людзей — ад першага рэктара У.І.Пічэты і іншых бацькоў-заснавальнікаў да тых, хто літаральна ўчора працаваў побач з намі, але не дажыў да сённяшняга дня. У пяцітомніку (гэта наша ўніверсітэцкая Тора) мы аддаём павагу людзям, якія ад самага пачатку і на працягу стагоддзя развівалі БДУ, стваралі яго навуковыя школы і традыцыі.

Алег Яноўскі адзначае вялікую ролю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта не толькі ў адукацыі і навуцы краіны, але найперш — у станаўленні і развіцці беларускай нацыі.

— Гэта відавочная рэч, можна сказаць, аксіёма нашага беларускага жыцця, — гаворыць Алег Антонавіч. — На жаль, многія забываюць, што БДУ быў створаны і пачаў дзейнічаць у 1921 годзе. А дагэтуль з 1832 года на тэрыторыі, якая раней пазначалася як ВКЛ, а потым як Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі, не існавала ніводнай вышэйшай навучальнай установы. 90 гадоў тут не было нічога — чыстае поле. Таму, калі ў пачатку ХХ стагоддзя пачаліся палітычныя зрухі, з’явілася нейкая вольнасць, першае, пра што нацыянальна арыентаваная публіка пачала прасіць імператара Мікалая ІІ, — адкрыць на гэтых землях універсітэт. Аднак іх просьбы ігнараваліся, бо інтэлектуальная моладзь, прафесура заўсёды ўспрымаліся царскай уладай як рэвалюцыйныя асновы. Але беларусы марылі пра свой універсітэт.

Рэальная магчымасць стварыць яго з’явілася толькі пасля 1917 года.

— І было абсалютнае асэнсаванне: універсітэт павінен быць нацыянальна арыентаваным і працаваць на ўсё грамадства. А яшчэ ён павінен быць дзяржаўным! — працягвае Алег Антонавіч. — Бо адна справа — соцыум, пабуджальныя матывы інтэлектуальнага і прафесійнага развіцця, гэта важна. Але іншая справа, што мы ўпершыню пачалі будаваць сваю беларускую дзяржаву. І ўсе бацькі-заснавальнікі БДУ — Яўхім Карскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімір Пічэта — зыходзілі з гэтай місіі ўніверсітэта.

Ужо тады, у 1920-я гады, людзі стваралі ўніверсітэт, дзе даюцца не толькі адукацыя і прафесійныя навыкі, але і развіваецца навука, закладваюцца асновы для мадэрнізацыі грамадства. Іх намаганнямі беларуская дзяржава павінна была ста ць як мага больш развітой і апераджаць іншых.

— Гэта былі падзвіжнікі, — гаворыць Алег Яноўскі. — Калі зазірнуць у стагадовае мінулае і паглядзець, што сабой уяўляла Беларусь і ўся разбураная імперыя, то мы ўбачым грамадзянскую вайну, разруху, голад. Ішлі магутныя рэвалюцыйныя зрухі, невядома, што рабілася ў галовах людзей. І ў такой абстаноўцы ствараўся ўніверсітэт.

Ідэя многіх прываблівала, і ў Мінск ехалі з розных канцоў былой імперыі. У.І.Пічэта гарантаваў прафесуры, якая прыязджала ў Мінск, жыллё. Наркамат асветы выдаткоўваў грошы на пераезд, каб людзі маглі прывезці цягніком рэчы, кнігі, абсталяванне.

— У БДУ выкладалі рускія, украінцы, палякі, яўрэі, тутэйшыя жыхары, якія раней рознымі шляхамі атрымалі добрую адукацыю, — расказвае Алег Антонавіч. — Людзі з рознымі палітычнымі поглядамі былі прасякнуты энтузіязмам, працавалі днём і ноччу. Усе абмеркаванні, пасяджэнні навуковых таварыстваў праходзілі ў самы позні час. У нашым корпусе, дзе цяпер месціцца гістарычны факультэт (будынак БДУ № 1), святло гарэла да раніцы.

Алег Антонавіч гаворыць, што менавіта ў гэтых сценах зарадзілася ідэя стварэння Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). У канцы 1928 года ён быў ператвораны ў Беларускую акадэмію навук. І там таксама працавалі пераважна ўніверсітэцкія вучоныя. Першым кіраўніком Беларускай акадэміі навук стаў былы дэкан факультэта грамадскіх навук БДУ, палітык і гісторык Усевалад Ігнатоўскі.

Гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі таксама пачалася тут, у будынку № 1.

— Адметна, што навукоўцы БДУ рэгулярна выязджалі ў камандзіроўкі ў Еўропу, — расказвае цікавы факт Алег Антонавіч. — У 1921—1927 гадах увогуле не было праблем з выездам. Пісалі абгрунтаванне, рашэнне прымалася на ўзроўні Наркамата асветы і Наркамата фінансаў. Усе абставіны пагранічнага пераезду праз Негарэлае таксама вырашаліся на вельмі высокім узроўні. Вучоныя ездзілі ў Германію, Чэхаславакію, Польшчу, Югаславію на некалькі тыдняў і нават месяцаў. Прымалі ўдзел у з’ездах, працавалі ў лабараторыях. Зафіксаваны толькі адзінкавыя прыклады, калі людзі з’язджалі і не вярталіся. Большасць навукоўцаў разумела, што ў БДУ можна рэалізаваць сябе і што вяртання да ранейшага жыцця ў імперыі ўжо не будзе, у новым савецкім жыцці таксама ёсць магчымасці.

У 1925 годзе адбыўся першы выпуск эканамістаў, юрыстаў; у 1926 годзе — першы выпуск урачоў. Дарэчы, у 20-я гады ў медыцынскага факультэта БДУ было 11 клінік. Актыўна вялася падрыхтоўка і іншых спецыялістаў, асабліва настаўнікаў.

На жаль, у 30-я гады пачалося разбуйненне ўніверсітэта. На базе яго факультэтаў былі створаны Беларускі медыцынскі інстытут, Інстытут народнай гаспадаркі, Мінскі вышэйшы педагагічны інстытут, Беларускі політэхнічны інстытут, Мінскі юрыдычны інстытут.

— Сёння гэта вядомыя ў краіне ўніверсітэты, але трэба памятаць, што першым быў БДУ, — гаворыць Алег Яноўскі. — Мы былі першымі! Мы прайшлі гэты шлях і далі імпульс, тэмп, перспектыву, рэальныя здабыткі іншым сваім калегам. Гэта трэба памятаць.

Зрэшты, 100-гадовы шлях БДУ напоўнены не толькі дасягненнямі, але і стратамі. Былі страшныя 30-я гады рэпрэсій. Была цяжкая вайна і дзейнасць у эвакуацыі. Было пасляваеннае аднаўленне. Дарэчы, на даваенны ўзровень БДУ змог вярнуцца ўжо ў 1948 годзе.

Алег Яноўскі:

“У.І.Пічэта быў таленавітым чалавекам, з велізарным светапоглядам. Гэта асоба, якая пакуль паўнавартасна не асэнсавана нашымі інтэлектуаламі”.

Моцны пад’ём ва ўніверсітэце адбыўся з прыходам у 1957 годзе на пасаду рэктара вядомага навукоўца акадэміка Антона Нікіфаравіча Сеўчанкі. Пры ім адкрываліся навукова-даследчыя інстытуты, якія сёння з’яўляюцца брэндамі БДУ. Вучоны гаварыў пра адзінства адукацыі і навукі, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам, і ствараў першыя ўніверсітэцкія вытворчасці.

Сапраўды, гісторыя БДУ цудоўная менавіта людзьмі. І сёння ўжо новыя героі ствараюць гонар універсітэта. Між тым Алег Яноўскі са сваім калектывам працягваюць даследаваць мінуўшчыну. Літаральна днямі з друку выйшла кніга “Невядомы У.І.Пічэта”.

— Ніхто не ведае У.І.Пічэту так, як трэба яго ведаць, — тлумачыць Алег Антонавіч. — Усе матэрыялы для кнігі ўзяты з архіва Расійскай акадэміі навук, з асабістага фонду Пічэты. Так, мы ўпершыню выдаём манаграфію вучонага, якая за многія дзесяцігоддзі не была надрукавана. Яна называецца “Агляд дзейнасці I-га Заходняга камітэта” і расказвае пра тое, што было на нашай беларускай зямлі ў другой трэці ХІХ стагоддзя. А другая частка кнігі — гэта перапіска Пічэты са сваімі калегамі, вучнямі, сябрамі. Трэба сказаць, што ў Пічэты такі неразборлівы почырк, што мы з Міхаілам Шумейкам і маёй жонкай-гісторыкам утрох усю вясну і лета расчытвалі напісанае. Некаторыя словы так і не расчыталі. Почырк Пічэты нечытабельны. Нават калегі пішуць яму: “Паважаны Уладзімір Іванавіч, вашы іерогліфы я разабраў толькі на 25 працэнтаў”, “Мой дарагі, пішыце больш разборліва” і г.д. Але я не сумняваюся: тое, што мы зрабілі і што выйдзе ў нашай кнізе, будзе цікава чытачам, даследчыкам.

Першы рэктар БДУ Уладзімір Іванавіч Пічэта нарадзіўся ў Палтаве (тады Расійская імперыя) і памёр у Маскве. Многія думаюць, што гэта расійскі навуковец, які проста пэўны час жыў і працаваў у Мінску. Але гэта не так.

— Па сутнасці, Пічэта тут, у Беларусі, выхоўваўся, калі бацька яго быў рэктарам Віцебскай духоўнай семінарыі. Тут ён пачаў сваю адукацыю, вывучыў беларускую мову. У рэшце рэшт яго дысертацыі — і магістарская, і доктарская, якія былі абаронены ў 1918 годзе, — былі прысвечаны гісторыі Беларусі ХVІ стагоддзя. Таму ён ведаў тут усё і ўся, — гаворыць Алег Яноўскі. — Патрэбна яшчэ колькі часу, каб асэнсаваць, каму мы павінны кланяцца і дзе павінен стаяць помнік і знаходзіцца вуліца ці праспект Пічэты.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.