Прыгоды на беразе Скачальскага

- 15:21Адукацыйная прастора

Доўга не было дзяцей у пані Скачальскай, але аднойчы адбыўся цуд — нарадзіўся доўгачаканы сынок. Неяк пані адправілася разам з ім у дарогу. Шлях вырашылі скараціць, праехаўшы наўпрост праз балота. Раптам коні, чагосьці спалохаўшыся, панесліся. Вазок перавярнуўся і пасажыры апынуліся ў дрыгве, з якой выбрацца змагла толькі пані Скачальская. Шмат гадоў яна прыходзіла да месца гібелі свайго дзіцяці, ліла горкія слёзы, смуткавала. А праз некаторы час з яе слёз утварылася цэлае возера, якое і назвалі ў гонар пані — Скачальскім.

Такую легенду пачулі юныя вандроўнікі з Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска, апынуўшыся на берагах возера Скачальскага, калі ажыццяўлялі свой паход па лясістых дарогах Асіповіцкага і Старадарожскага раёнаў. У вандроўку адправіліся выхаванцы цэнтра, якія на працягу навучальнага года спасцігалі азбуку турызму, вывучалі асновы арыентавання, пераадолення перашкод (балота або абрывісты схіл), асвойвалі прамудрасці турысцкай кухні, прыёмы аказання даўрачэбнай дапамогі і навыкі вядзення даследчай краязнаўчай работы. Падарожжа працягласцю ў дзевяць дзён дало магчымасць цалкам вывучыць славутасці раёна па запланаваным маршруце, сустрэцца з цікавымі людзьмі, спазнаць самастойнае (без бацькоў) паходнае жыццё, праверыць сябе на трываласць.

Падарожжа пачалося весела — ды інакш і быць не магло. 8 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі, а таксама 2 кіраўнікі, калі прыбылі да месца старту паходу і пачалі традыцыйныя работы па добраўпарадкаванні турыстычнага лагера, адразу ж сутыкнуліся з капрызамі надвор’я. Дасведчаныя турысты кажуць, што няма дрэннага надвор’я, а ёсць прабелы ў падрыхтоўцы паходу і камплектацыі турысцкага рыштунку. Аднак тое, чым сустрэла возера Скачальскае юных бабруйчан, прынята называць выпрабаваннем. Усё пачыналася быццам бы бяскрыўдна: невялікі дожджык на пачатку паходу, па прыметах, — да поспеху. Вырашылі ўмацаваць палаткі, разгарнуць тэнт, але тут пачалося такое… Падзьмуў ветрык, які неўзабаве стаў ветрам, а затым высачэзныя хвоі на беразе сагнулі свае верхавіны паралельна лініі гарызонту — і, як кажуць некаторыя турысты, панеслася. Вецер абрынуўся з такой сілай, што ўтрымацца на нагах, не чапляючыся за якую-небудзь апору, было праблематычна. Дзяўчынкі схаваліся за драўлянымі альтанкамі на беразе, а хлопчыкі разам з кіраўнікамі ратавалі палаткі, якія сталі на крыло і збіраліся адправіцца ў палёт, выносячы з сабой няхітры турысцкі скарб, без якога далейшы паход быў бы немагчымы. Вось тут усе даведаліся, што адчувала маленькая Элі з Ізумруднага горада, здзяйсняючы палёт у сваім доміку.

Шквальны вецер, як правіла, працягваецца нядоўга. І сапраўды, яго парывы пачалі сціхаць, але выпрабаванні першага дня не збіраліся заканчвацца. Пачаўся праліўны дождж — той самы, як з вядра. Момант — і ты мокры да ніткі. Але турысцкі рыштунак і прадукты ўдалося захаваць сухімі. А калі дождж скончыўся і ўсе сабраліся ля цёплага, утульнага вогнішча, прырода прыгатавала яшчэ адзін сюрпрыз: цудоўны захад сонца, калі палае не толькі неба, але і чырвоныя яго водсветы расквечваюць хвоі на процілеглым беразе, як нейкі сюррэалістычна пейзаж.

Турызм нездарма называюць школай жыцця. Падчас паходу сучасныя падлеткі, якія вялікую частку сутак праводзяць за камп’ютарам ці смартфонам, трапляюць у нязвыклую для сябе абстаноўку. Аднак менавіта яна, гэтая абстаноўка, дае магчымасць праявіць свае лепшыя чалавечыя якасці, самастойнасць, веды, прымяніць іх пры вырашэнні пытанняў бяспекі і выхаваць волю.

Далей усё пайшло згодна з паходным планам. Быў час і на прагулкі з мэтай вывучэння прыроднага патэнцыялу раёна, і на даследчую працу па вывучэнні возера, навакольных балот гідралагічнага заказніка “Фаліцкі мох”, і на ацэнку экалагічнага стану, вызначэнне ступені дэградацыі рэкрэацыйнай зоны “Скачальская”, і, вядома, на купанне, вясёлыя гульні, няспешныя размовы каля вогнішча пры святле адзінокага месяца. А як раскрыла душу запланаваная і ў той жа час нечаканая сустрэча з незвычайным чалавекам — вядомым беларускім пісьменнікам, паэтам, этнографам Кастусём Цвіркам, радзіма якога — невялікая вёсачка ў ваколіцах Скачальскага — Зялёная Дубрава! Падчас паходу быў і лясны пераход па сцежцы, якая зарасла высокай травой, і арыентаванне па азімуце, прывал на добраўпарадкаванай для адпачынку турыстаў паляне, дзе сто гадоў назад красавалася сядзіба Дараганаў, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў дзіцячы санаторый, у якім фашысты знішчылі дзясяткі дзяцей, пра што сведчыць помнік з мемарыяльнай шыльдай.

Паход — гэта ўрок, урок рэальнага жыцця ў асаблівай абстаноўцы, назваць якую неспрыяльнай нельга, бо ўвесь час юных турыстаў з Бабруйска акружала выдатная беларуская прырода, сустракаліся ветлівыя і чулыя людзі, ды і сама каманда, як кажуць, склалася. Што яшчэ трэба для прыгожага і актыўнага адпачынку, магчымасць якога дае турызм?

Святлана МАКСІМОВІЧ,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра турызму,
краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.

Фота аўтара.