Настаўнікі паставілі вам аптымістычны і перспектыўны дыягназ — схільнасць да навуковай дзейнасці? Тады пры выбары месца далейшай вучобы варта ўлічваць не толькі спецыяльнасць, але і патэнцыял установы вышэйшай адукацыі: матэрыяльна-тэхнічную базу і кваліфікаванасць прафесарска-выкладчыцкага складу, традыцыі і прымяненне інавацыйных методык у адукацыйным працэсе, перспектывы для тых, хто мае намер сур’ёзна займацца навуковымі даследаваннямі.
Калі прасачыць лёсы вучоных, імёны якіх вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі, адразу бачыцца заканамернасць: амаль усе яны выявілі цікавасць да даследаванняў яшчэ ў школе. Першыя ж сур’ёзныя крокі ў вялікую навуку зрабілі ў студэнцкія гады. Таму так важна з першага курса (а лепей — перад паступленнем) усвядоміць: ва ўніверсітэт ці акадэмію прыходзяць не толькі набываць веды, але і даследаваць, вызначаць праблемныя пытанні і шукаць на іх адказы, рабіць навуковыя адкрыцці. І, безумоўна, старацца рэалізаваць сябе ўсебакова, ва ўсіх праяўленнях сваіх здольнасцей.
Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у гэтым плане можа паслужыць добрым прыкладам. Не спыняючыся на актыўнай грамадскай дзейнасці, якую вядуць студэнты, іх спартыўных і творчых перамогах (гэта таксама выгадна вылучае ВДМУ сярод іншых устаноў), адзначу наступны факт: па выніках удзелу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь за мінулы год 2 работы прынеслі сваім аўтарам ступень лаўрэатаў і 30 — былі адзначаны дыпломамі І ступені. Акрамя таго, 22 работам была прысуджана ІІ і 17 — ІІІ ступень.
Што трэба ведаць абітурыенту, а потым студэнту-першакурсніку, каб хутчэй уключыцца ў навукова-даследчыцкую дзейнасць? Якім чынам студэнт можа пакарыць навуковыя вяршыні? Як складваецца жыццё таленавітых даследчыкаў далей, пасля заканчэння ўніверсітэта? Рэкамендацыі будучым навукоўцам дае ўладальнік звання “Малады вучоны ВДМУ — 2013”, кандыдат медыцынскіх навук, асістэнт кафедры педыятрыі Вольга Мацюшчанка.
— Вольга Віктараўна, калі да вас прыйшло рашэнне прысвяціць сябе медыцыне? Ці лёгка было падрыхтавацца да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт?
— Мой шлях у прафесію быў досыць неадназначным. Вучылася я ў гімназіі № 2 Віцебска — установе адукацыі з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы. З задавальненнем удзельнічала ў прадметнай алімпіядзе па англійскай мове. Поспехі былі досыць высокія: я неаднойчы ўваходзіла ў лік лідараў на абласным і рэспубліканскім этапах спаборніцтва.
Здавалася б, добрая пуцёўка ў жыццё, далейшыя дзеянні ў прынцыпе прадвызначаны: “залатая” медалістка, прызёр і пераможца алімпіяд — паступленне ў лінгвістычны ўніверсітэт практычна гарантавана. Тым не менш у 10 класе я задумалася: ці сапраўды хачу быць перакладчыкам або настаўнікам замежнай мовы? І пасля некаторага роздуму адназначна вызначыла для сябе: не. Так у апошні момант абітурыенцкія намеры змяніліся — падала дакументы ў медыцынскі ўніверсітэт.
Безумоўна, на рашэнне паўплываў прыклад, які заўсёды быў перад вачамі: мае бацькі, цётка, дзядзька, брат, сябры сям’і — медыкі. Паставіла перад сабой задачу падрыхтавацца да паступлення і ўпарта пайшла да гэтай мэты.
Зараз, зыходзячы з уласнага вопыту і вопыту маіх студэнтаў, магу параіць абітурыентам: ніколі не мяняйце месцамі мэту і сродак яе дасягнення. Ваша мэта — паспяховая прафесійная дзейнасць. Выбіраючы спецыяльнасць, праверце сваю схільнасць да яе. Галоўнае пытанне, на якое абітурыенту неабходна ведаць адказ, не “Ці змагу я паступіць у гэтую ўстанову?”, а “Кім я збіраюся стаць пасля набыцця тут вышэйшай адукацыі?”.
— Студэнцкае жыццё шчодрае на магчымасці. Толькі для аднаго яны рэалізуюцца ў падзеі, а для кагосьці проста мінаюць. Чаму так?
— Залежыць у большай ступені ад ініцыятывы самога студэнта. Тыя, хто да выпускнога курса “не прачнуўся”, потым шкадуюць: столькі можна было зрабіць, столькі даведацца — а цяпер позна. На шчасце, такіх адзінкі, бо ёсць шмат жадаючых расштурхаць “соню”, задзейнічаць у цікавым праекце ці карыснай справе: ад выкладчыкаў кафедр да кіраўнікоў самадзейных калектываў і спартыўных аб’яднанняў.
Што да ўласнага вопыту, то мне і стартавае “паскарэнне” надаваць не прыйшлося: хацелася паспець усё і ўсюды. Тым больш што ва ўніверсітэце сапраўды створаны ўсе ўмовы для таго, каб студэнт мог выявіць і гарманічна развіваць свае здольнасці. Я працягвала сяброўства з настольным тэнісам, якім пачала займацца яшчэ ў гімназіі. І мяне захапляла навуковая работа.
Сваё першае даследаванне па біялогіі я выканала яшчэ ў гімназіі. А на 1 курсе ўніверсітэта — новы ўзровень, новая якасць даследаванняў, адказнасць, патрабаванні (тады здавалася, што непамерна высокія). Усё складана і разам з тым неверагодна прыцягальна — так, што адразу ўсведамляеш: знайшла сваё, сапраўднае, тое, чаму не шкада прысвяціць і студэнцкія гады, і далейшае жыццё. Я пастаянна ўдзельнічала ва ўніверсітэцкіх канферэнцыях, спачатку па праблемах сацыяльна-гуманітарных навук, потым — гігіены і эпідэміялогіі. Далей вызначыўся канкрэтны напрамак — педыятрыя.
Зноў звяртаюся да зацікаўленых навуковай дзейнасцю абітурыентаў: не перажывайце, калі вашы ранейшыя даследаванні не тычыліся выбранай спецыяльнасці, гэта карысны вопыт. А пасля паступлення памятайце: лепшыя шансы на здзяйсненне мэты якраз у тых навукоўцаў, хто далучыўся да спраў студэнцкага навуковага таварыства ўжо на 1 курсе. Астатняе паступова прыйдзе.
— Вы маеце пэўны вопыт арганізацыі і правядзення студэнцкіх навуковых канферэнцый, у тым ліку міжнародных. Што з’яўляецца неабходнай умовай поспеху ў такой дзейнасці?
— Дружная і зацікаўленая каманда аднадумцаў. Больш за два з паловай гады я ўзначальвала савет студэнцкага навуковага таварыства ВДМУ. Разам з сябрамі — прадстаўнікамі факультэтаў — мы былі задзейнічаны ў правядзенні навуковых канферэнцый на базе ўніверсітэта. А дзве з іх — “Актуальныя пытанні сучаснай медыцыны і фармацыі” і “Студэнцкая медыцынская навука ХХІ стагоддзя” — былі цалкам у нашай сферы адказнасці: ад падрыхтоўкі і адпраўкі запрашэнняў да старшынства на секцыях, ад рассялення іншагародніх удзельнікаў да арганізацыі для іх экскурсій па Віцебску. Гэта была цяжкая і адказная справа — столькі сіл і душы ў яе ўкладзена! — але ж і цікавая, і патрэбная (тады думалася — універсітэту, навуцы, грамадству; цяпер разумею, што найперш нам самім). Прыемна ўсведамляць, што мы нядрэнна спраўляліся. І, наколькі я магу меркаваць зараз, пераемнікі — сённяшнія сябры студэнцкага навуковага таварыства — нашу справу працягваюць дастойна.
— Ці былі ў вас ваганні на выпускным курсе медыцынскага ўніверсітэта наконт далейшай дзейнасці?
— Мяне вабіла педыятрыя, хацелася звязаць жыццё з даследчыцкай дзейнасцю і дасягнуць пэўных вышынь у навуцы, быць запатрабаваным спецыялістам, зрабіць нешта патрэбнае для сваёй краіны, праславіць свой універсітэт — маладых усё гэта рухае наперад. Я паступіла ў дзённую аспірантуру па спецыяльнасці “Педыятрыя”, якую паспяхова скончыла, і ў мінулым годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Абгрунтаванне выбару тэрапіі алергічных захворванняў у дзяцей”. Гэтая радасная для мяне падзея адбылася якраз напярэдадні майго дня нараджэння — найлепшы, незабыўны падарунак! У тым жа годзе мне была прысуджана навуковая ступень кандыдата медыцынскіх навук.
А вяртаючыся ва ўспамінах у гімназію № 2, магу адзначыць: я ні на хвіліну не пашкадавала, што вучылася менавіта ў гэтай установе, бо ў прафесійнай дзейнасці веданне замежных моў вельмі спатрэбілася.
— Не сакрэт, што многія маладыя навукоўцы імкнуцца знайсці сабе працу за мяжой…
— Вывучаць дасягненні замежных калег, абменьвацца з імі вопытам сапраўды неабходна. Аднак для гэтага зусім не абавязкова мяняць месца жыхарства і працы. Напрыклад, я ў верасні 2012 года выйграла грант еўрапейскага таварыства па клінічнай мікрабіялогіі і інфекцыйных захворваннях і прайшла ўрачэбную стажыроўку на базе ўніверсітэцкай клінікі ў Зальцбургу (Аўстрыя). Сёлета таксама ўдзельнічала ў падобных мерапрыемствах, у якіх, дарэчы, можа прыняць удзел любы малады вучоны нашай краіны. У прыватнасці, у лютым я выступала з дакладам па тэме сваёй дысертацыі на Зальцбургскім медыцынскім семінары, у якім удзельнічалі вучоныя з 35 краін.
Поспех майго выступлення быў досыць вялікі, і, ведаеце, я адчула велізарны гонар за сваю Беларусь і родны Віцебск: значыць веды, уменні, узровень прафесійнага майстэрства нашых вучоных-медыкаў адпавядаюць сусветным стандартам. Як і ўзровень адукацыі ў нашым універсітэце. У прыватнасці, пра гэта сведчыць высокі рэйтынг універсітэта ў абітурыентаў з-за мяжы. Дарэчы, веданне замежнай мовы мне зараз патрэбна не толькі як навукоўцу, але і як выкладчыку: заняткі па сваіх дысцыплінах на факультэце замежных грамадзян я праводжу на англійскай мове.
— Пытанне да вас як да навукоўца і педагога-практыка: ці павялічылася, у параўнанні з папярэднімі гадамі, цікавасць студэнтаў да навуковай дзейнасці?
— Адназначна павялічылася. Студэнты ўсведамляюць перспектыўнасць такой работы, а таксама велізарную падтрымку, якую аказвае дзяржава маладым вучоным. Сведчанне гэтага, напрыклад, — вынікі ўдзелу ўніверсітэта ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе навуковых работ. А трэба ўлічваць, што конкурсныя работы — гэта “вяршыня айсберга”: карпатлівая праца вядзецца сістэматычна, штодзённа, нават штогадзінна.
Гутарыла Таццяна БОНДАРАВА.