Прыйсці, каб застацца і стаць прафесіяналам

- 10:30Адукацыйная прастора

Работа з маладымі педагогамі — адзін з важных напрамкаў дзейнасці Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на рахунку якой шмат цікавых практыка-арыентаваных мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, працоўна-прававую падтрымку і развіццё творчых здольнасцей.

Уладальнікі дыпломаў І ступені з начальнікам аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама А.М.Насковым.

Нядаўна пры падтрымцы аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама і раённых упраўленняў па адукацыі горада прайшоў V Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. 25 маладых выхавальнікаў, настаўнікаў, педагогаў-арганізатараў і педагогаў дадатковай адукацыі з працоўным стажам да 3 гадоў сабраліся ў сярэдняй школе № 11 Брэста, каб у нефармальнай атмасферы наладзіць сяброўскія і прафесійныя адносіны, абмяняцца цікавымі напрацоўкамі і атрымаць парады вопытных калег.

Адкрываючы форум, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў адзначыў, што асноўная задача мерапрыемства — дапамагчы моладзі пераканацца ў правільным прафесійным выбары і стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для яе прафесійнага станаўлення і замацавання ва ўстановах адукацыі. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ высакакласнымі спецыялістамі. Дапамагчы ў гэтым — галоўны абавязак вопытных педагогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі.

— Форум адыгрывае важную ролю ў стымуляванні творчай ініцыятывы маладых педагогаў, выяўленні таленавітых настаўнікаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных суполках і пярвічных прафсаюзных арганізацыях, прапагандзе сучасных адукацыйных практык і распаўсюджванні інавацыйных педагагічных ідэй, наладжванні асабістых і прафесійных адносін, — расказала старшыня Брэсцкага гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак.
Першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна С.М.Севярын азнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з тэхналогіяй педагагічнай мэтапастаноўкі. Настаўнік гісторыі Д.В.Уснарскі з сярэдняй школы № 33, пераможца мінулагодняга форуму, падзяліўся вопытам у галіне мабільнага навучання. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 І.Л.Сікорская расказала пра арганізацыю патранату над маладымі спецыялістамі.

У рамках форуму прайшоў конкурс “Малады педагог: стратэгія будучыні”, які складаўся з двух этапаў. Падчас першага этапу ўдзель­нікі рыхтавалі вусныя выступленні на адну з прапанаваных тэм (“Шчаслівы быць настаўнікам, выхавальнікам” і “Ці лёгка быць маладым педагогам?”) з відэаролікамі і прэзентацыямі ўласнай педагагічнай дзейнасці працягласцю да 5 мінут, а падчас другога этапу спаборнічалі ў выпрабаваннях “Мае захапленні” і “Быць побач, быць разам, быць наперадзе”, дзе прэзентавалі цікавыя метады, прыёмы і формы работы, якія эфектыўна выкарыстоў­ваюць на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, дзяліліся думкамі, ідэямі і поглядамі наконт спосабаў удасканалення ўласнай дзейнасці і адукацыйнага працэсу ў цэлым. Публічныя выступленні суправаджаліся відэаролікамі і прэзентацыямі фрагментаў урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Адчувалася, што моладзь любіць выбраную справу, займаецца ёй натхнёна і ўсвядомлена і кідаць не збіраецца.

Пераможцамі конкурсу сталі настаўніца матэматыкі Паліна Андрэеўна Беленькая з сярэдняй школы № 8, настаўнік гісторыі Ілья Ігаравіч Юзвук з сярэдняй школы № 16, настаўнік фізкультуры і здароўя Дзмітрый Андрэевіч Малыха з сярэдняй школы № 18 і настаўнік тэхнічнай працы Максім Леанідавіч Гурко з сярэдняй школы № 7. На 2-м месцы — настаўнік рускай мовы і літаратуры Андрэй Рыгоравіч Несцярук з сярэдняй школы № 11, настаўніца пачатковых класаў Настасся Аляксандраўна Басалай з гімназіі № 2, музычны кіраўнік Юлія Віктараўна Семяняка з ясляў-сада № 56 і настаўніца хіміі і біялогіі Ганна Вячаславаўна Сірыдзіна з сярэдняй школы № 11. На 3-м месцы — настаўніца пачатковых класаў Ксенія Мікалаеўна Пархач з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні, настаўніца выяўленчага мастацтва Юлія Аляксандраўна Герасімава з сярэдняй школы № 19, выхавальніца Хрысціна Сяргееўна Юха з ясляў-сада № 50 і настаўніца абслуговай працы Надзея Генадзьеўна Шчэбет з сярэдняй школы № 20. Астатнія педагогі былі адзначаны ў пэўных намінацыях.

Шмат цікавага і карыснага ўдзельнікі форуму даведаліся на прафсаюзным уроку “Дастойная праца — бяспека, развіццё, сацыяльная інтэграцыя”, арганізаваным галоўным спецыялістам Брэсцкай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза А.В.Харытановіч, а таксама на майстар-класах “Кампетэнтнасны падыход у арганізацыі пазаўрочнай і пазакласнай работы: практычны аспект” і “Галаграма — цуд сучаснай оптыкі, ці Новы 3D-крок у адукацыі”, праведзеных настаўнікам-метадыстам С.І.Данілюк з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце настаўнікам-метадыстам А.М.Агеяўцом з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.