Прымнажаюць дабрыню

- 11:40Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Прымнажаць і распаўсюджваць дабрыню імкнуцца валанцёры. Яны няспынна генерыруюць і ўвасабляюць у жыццё мноства высакародных спраў. Цікавая ідэя з’явілася ў валанцёраў — навучэнцаў і педагогаў Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 будаўніцтва. Яны прыдумалі, як адначасова дарыць радасць адзінокім людзям пажылога ўзросту і новае жыццё кінутым жывёлам.

Ужо некалькі гадоў у ліцэі развіваецца валанцёрскі рух. З 2016 года навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у рабоце школы валанцёраў “Сёння” Крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Дапамогу аказваюць розную, накіроўваючы сілы туды, дзе гэта патрэбна ў пэўны момант. Валанцёры працуюць з адзінокімі людзьмі пажылога ўзросту, дзецьмі-інвалідамі, у кірунку захавання прыроды, цесна супрацоўнічаюць з зоаабаронцамі, дапамагаючы кінутым жывёлам. Гэтыя напрамкі работы далі штуршок новай ідэі.

— З’явілася думка, што можна аб’ядноўваць тых, каму няпроста ў гэтым жыцці. Нарадзілася ідэя стварыць праект, які б дапамагаў людзям пажылога ўзросту, якія знаходзяцца ў сацыяльных установах, і жывёлам, у якіх няма гаспадароў, — расказвае педагог сацыяльны ліцэя Наталля Лявонаўна Самарская.

Сваёй ідэяй яна падзялілася з калегамі і навучэнцамі, атрымала іх падтрымку. Так і распачаўся валанцёрскі праект “Разам”. Яго сутнасць у тым, што валанцёры будуць вырабляць домікі для катоў і сабак і размяшчаць іх на тэрыторыі дамоў-інтэрнатаў для пажылых і інвалідаў. “Жыхарамі” гэтых домікаў ста­нуць прышчэпленыя і стэрылізаваныя жывёлы, якіх дапамогуць знайсці зоаваланцёры.

— Карысць нашай дзейнасці мы бачым у тым, што ў выніку жывёлы знаходзяць дом, а пажылыя людзі — цікавасць да жыцця, — разважае Наталля Лявонаўна. — Не сакрэт, што, знаходзячыся нават у самых лепшых умовах пражывання ў інтэрнатах, пажылыя людзі нярэдка сумуюць, адчуваюць адзіноту. Сярод іх ёсць тыя, у каго не было сям’і, хто страціў блізкіх або страціў добрыя адносіны з блізкімі. Ім няма пра каго клапаціцца, а жаданне дарыць любоў і атрымліваць яе застаецца. Яны змогуць клапаціцца пра жывёл, гуляць з імі, карміць і лашчыць. Вядома, што ўзаемадзеянне з жывёламі станоўча ўздзейнічае на настрой і эмацыянальны стан чалавека. Бяздомныя жывёлы, знайшоўшы свой дом і новых клапатлівых гаспадароў, мяня­юць жыццё адзінокіх людзей, напаўняюць яго новымі фарбамі.

У ліцэі ёсць навучэнцы, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Сталярныя работы і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. Свае прафесійныя навыкі яны накіроўваюць на добрую справу і будуюць з дрэва домікі. У халодны час жытло для жывёл плануецца ўцяпляць. Валанцёры пачалі работу па пошуку ўстаноў, якія былі б гатовы размясціць у сябе жывёл, аднак гэтую работу спыніла эпідэмічная сітуацыя. Валанцёры запалу не страчваюць і, як толькі з’явіцца магчымасць, зноў вернуцца да гэтага пытання. А пакуль домік размясціўся на тэрыторыі навучальнай установы ля інтэрната.

— Нам бачыцца, што такі праект можа стаць сацыяльна значным не толькі ў нашым горадзе, але і ў краіне. Запрашаем усіх жадаючых далучыцца да нашай ініцыятывы, будзем рабіць добрую справу разам, — заклікае Наталля Лявонаўна.

Дар’я РЭВА.