Прымяненне планава-разліковых цэн дае свой эфект

- 10:25Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Затраты арганізацый сістэмы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства энергетыкі, што аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, неабходна істотна знізіць пры захаванні належнай якасці такіх паслуг. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядаліся пытанні выканання ў 2016 годзе даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада па павышэнні эфектыўнасці работы.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, урадам у 2016 годзе прыняты пэўныя меры па забеспячэнні зніжэння затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. “Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ўстаноўлены строгія гранічна дапушчальныя планава-разліковыя цэны на асноўныя віды жыллёва-камунальных паслуг; даведзены канкрэтныя заданні па зніжэнні затрат у жыллёва-камунальнай гаспадарцы сумарным памерам Br251,6 млн”, — адзначыў Андрэй Кабякоў

Ён звярнуў увагу, што фінансаванне расходаў на аказанне насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг ажыццяўляецца строга на аснове планава-разліковых цэн і нарматываў бюджэтнага субсідзіравання, а для энергазабяспечвальных арганізацый і арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі цэны на прыродны газ у частцы паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, зніжаны. “Прынятыя меры і рэалізацыя аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам, Мінэнерга планаў мерапрыемстваў па зніжэнні затрат на прадастаўленне жыллёва-камунальных паслуг далі свой вынік”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, за першае паўгоддзе 2016 года затраты сумарна зніжаны на Br312 млн, у тым ліку па сістэме Мінжылкамгаса — на Br114 млн, Мінэнерга — на Br198 млн.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што прымяненне планава-разліковых цэн дае свой эфект. Разам з тым, паводле яго слоў, тут яшчэ ёсць рэзервы. “Шэраг аблвыканкамаў і арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі не ўкладваюцца ў даведзеныя ім планава-разліковыя цэны. Рашэнні, якія прымаюцца на месцах, не заўсёды дастаткова эфектыўныя”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён падкрэсліў, што з боку Мінжылкамгаса, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама патрабуецца прыняцце дадатковых мер па выкарыстанні існуючых рэзерваў. Размова ідзе аб паўсюдным выкананні даведзеных планава-разліковых цэн; ажыццяўленні своечасовага субсідзіравання ЖКП, аказаных насельніцтву, прапарцыянальна аб’ёмам фактычна прадастаўленых паслуг. Таксама Андрэй Кабякоў бачыць рэзервы ў зніжэнні пратэрмінаванай запазычанасці насельніцтва за прадастаўленыя жыллёва-камунальныя паслугі і стварэнні службаў заказчыкаў ЖКП.