Прынцыпы палітычнага ўрэгулявання павінны быць выпрацаваны ў ходзе шырокага ўнутрысірыйскага дыялогу

- 12:01Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнты Расіі і ЗША Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп у адпаведнасці з папярэдняй дамоўленасцю ў ходзе тэлефоннай размовы грунтоўна абмеркавалі актуальную сірыйскую праблематыку з улікам завяршаемай ваеннай аперацыі па знішчэнні тэрарыстаў у Сірыі. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Крамля.

“У.Пуцін падкрэсліў гатоўнасць актыўна садзейнічаць доўгатэрміноваму палітычнаму ўрэгуляванню ў гэтай краіне — на аснове рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 2254, у рэчышчы дамоўленасцей, дасягнутых у астанінскім фармаце, і палажэнняў сумеснай заявы, адобранай прэзідэнтамі Расіі і ЗША 11 лістапада на саміце форуму “Азіяцка-Ціхаакіянскае эканамічнае супрацоўніцтва” ў В’етнаме. Канстатавана, у прыватнасці, што гэтая заява выклікала станоўчую рэакцыю ў блізкаўсходнім рэгіёне”, — інфармуе Крэмль.

Прыводзілася думка аб неабходнасці захавання суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыі, дасягнення палітычнага ўрэгулявання на прынцыпах, якія павінны быць выпрацаваны ў ходзе максімальна шырокага ўнутрысірыйскага перагаворнага працэсу.

У.Пуцін праінфармаваў Д.Трампа аб асноўных выніках праведзенай сустрэчы з Прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам, на якой сірыйскі лідар пацвердзіў прыхільнасць да палітычнага працэсу, правядзення канстытуцыйнай рэформы і прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Акрамя таго, быў зроблены акцэнт на трохбаковых перагаворах з удзелам прэзідэнтаў Расіі, Ірана і Турцыі, у ходзе якіх былі запланаваны крокі па далейшай нармалізацыі абстаноўкі і розных аспектах палітычнага ўрэгулявання ў Сірыі, паведамілі ў прэс-службе.

У больш шырокім кантэксце Прэзідэнт Расіі зноў выказаўся на карысць наладжвання сумеснай з ЗША работы на антытэрарыстычным напрамку, адзначыўшы практычную важнасць каардынацыі намаганняў паміж спецслужбамі абедзвюх краін. Гэты тэзіс быў падтрыманы Прэзідэнтам ЗША.