Прынёманскія дарожкі да здароўя і спорту

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Прынёманскі” ў горадзе Масты выклікае зайздрасць нават у сталічных гасцей. Сапраўдная радасць мець такую раскошу для фізічнага развіцця дзяцей і сямейнага адпачынку ў крокавай даступнасці.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс адкрыўся ў 2019 годзе пасля маштабнай рэканструкцыі. Гэтую падзею вельмі чакалі ў горадзе і раёне. Цяпер стары басейн, пабудаваны яшчэ ў 1981 годзе, ператварыўся ў сапраўдны водны палац. Сучасна абсталяваны, ён прымае на аздараўленне не толькі дзяцей, але і дарослых жыхароў Мастоўшчыны. Дарэчы, на рэканструкцыю комплексу было выдаткавана 3,7 млн рублёў.

— Прапускная здольнасць комплексу “Прынёманскі” — 50 чалавек за гадзіну. Тут ёсць 2 плавальныя басейны: вялікі (25 м, 4 дарожкі) і малы (6х9 м). Абсталявана аздараўленчая саўна з купеллю. У хуткім часе ў будынку будзе адкрыта дзіцячая кавярня, — гаворыць дырэктар Дзмітрый Боцька.

У рамках адукацыйнага працэсу ў комплексе “Прынёманскі” наладжана навучанне школьнікаў плаванню. Дзеці з усіх устаноў адукацыі Мастоўшчыны арганізавана прыязджаюць сюды на заняткі, каб набыць важны жыццёвы навык і аздаравіцца. Таксама на базе комплексу працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Школа плавання” і “Аздараўленчае плаванне” ад Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Комплекс “Прынёманскі” рэгулярна праводзіць акцыі, накіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Так, набываючы абанемент ва ўстаноўленыя тэрміны, наведвальнік атрымлівае адзін дадатковы візіт. А зараз, каб матываваць жыхароў раёна да вакцынацыі, у “Прынёманскім” праходзіць акцыя “СтопCOVID”. Кожны чалавек, які атрымаў прышчэпку ад каранавіруса і прадаставіў адпаведны дакумент, пры куплі абанемента атрымлівае адно дадатковае наведванне.

Значная ўвага ў комплексе “Прынёманскі” ўдзяляецца сямейнаму адпачынку. Беларускае лета кароткае, а басейн робіць водныя забавы даступнымі круглы год. Жыхары горада і раёна ўсё часцей карыстаюцца такой магчымасцю. Напрыклад, падчас нашага знаёмства з комплексам дзеці з гарадскіх устаноў адукацыі разам з бацькамі прыйшлі пазмагацца за званне “Самая спартыўная сям’я”. Гэта было шумна, мокра і вельмі весела!

Калі зазірнуць у Вікіпедыю, можна даведацца, што Масты — адзін з самых веласіпедных гарадоў Беларусі. Велатрафік тут у шмат разоў больш актыўны, чым у Мінску і іншых буйных гарадах. А цяпер у Мастоў ёсць магчымасць выйсці наперад і ў плаванні. Няма сумнення, што з такім шыкоўным фізкультурна-аздараўленчым комплексам і з такімі зацікаўленымі людзьмі тут абавязкова з’явяцца свае прафесійныя плыўцы і свае чэмпіёны.

Галіна СІДАРОВІЧ.